Дамы з “Камеліі”

Два гады пры Обальскім сельскім клубе працуе клуб кветкаводаў-аматараў «Камелія». Ідэяй яго стварэння «загарэлася» кіраўнік сельскай установы культуры Вера Берашэвіч пасля вучобы на курсах, дзе абмяркоўваліся пытанні арганізацыі і дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў.

У клубе аб’ядналіся 5 жанчын, апантаных справай кветкаводства. Гэта цесная суполка жыве насычаным, цікавым жыццём. Абменьваюцца вопытам, займаюцца лекцыйнай работай, ландшафтным дызайнам, дзеляцца пасадачным матэрыялам, абмяркоўваюць новыя метады вырошчвання і догляду кветак. Рэдкія іх віды ў кожны свой прыезд у вёску прывозіць адна з удзе­льніц клуба, дачніца Святлана Латышава. На ўчастку каля дома, які застаўся ёй ад бацькоў, яна  вырошчвае ў асноўным кветкі.

Ландшафтным дызайнам і састаўленнем кветкавых кампазіцый захапляецца Ларыса Іванова. У астатніх удзельніц клуба, як і ў яго кіраўніка Веры Берашэвіч, таксама шмат кветак: і на клумбах вакол дамоў, і хатніх.

Асабліва плённым для «Камеліі» выдаўся сёлетні год. Клуб прадстаўляў кветкавыя кампазіцыі на кірмашах у Машканскім сельсавеце і на свяце горада Сянно. Кветкаводкі прымалі ўдзел у абласным свяце «Квітней, мая зямля!», якое праходзіла ў Докшыцах. Сярод вялікіх кветкаводчых клубаў обальскія аматаркі выглядалі вельмі дастойна. Апранутыя ў нацыянальныя беларускія строі, яны песнямі прадставілі сваё невялічкае аб’я­днанне. У выніку прывезлі з Докшыц дыплом.

Нядаўна клуб «Камелія» прадэманстраваў сваю творчасць (а іншым словам і нельга назваць тую прыгажосць, што была размешчана на пляцоўцы клуба) на раённым свяце кнігі. Кампазіцыі з кветак і міні-ландшафт прыцягвалі ўвагу літаральна ўсіх удзе­льнікаў і гасцей мерапрыемства.

Таццяна Буракова.

На здымку: (злева направа) Вера Берашэвіч і Ларыса Іванова прадстаўляюць пляцоўку клуба «Камелія» на свяце кнігі.