Наведвальнікі Сенненскага аддзялення інвалідаў падарылі матулям свае сэрцы

Атмасферу цеплыні і ўтульнасці стварылі ў халодныя восеньскія дні супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання. У сценах аддзялення святкавалі Дзень Маці.

 На святочную вечарыну арганізатары запрасілі сваіх пастаянных наведвальнікаў і іх маці. Гасцямі свята сталі  кіраўнік міні-праекта Беларускага Чырвонага Крыжа «Родник» Ніна Мяцеліца,  дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Смірнова.

Адразу з ганка завітаўшых сустракала выстава восеньскіх дароў. З прывычных нам садавіны і агародніны выхаванцы аддзялення зрабілі незвычайныя кампазіцыі. У суседнім памяшканні можна было падзівіцца вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зробленымі рукамі выхаванцаў установы. Тут і бісерапляценне, дэкупаж, вышыўка, аплікацыя.

У прасторным пакоі ад­дзялення ўсіх гасцей чакаў адмыслова ўпрыгожаны яскравымі кветкамі вяргінь салодкі стол. Свой унёсак у яго зрабілі і запрошаныя матулі. Да хатніх пірагоў і іншых ласункаў дарэчы была духмяная гарбата. Сыравіну для яе, розныя гаючыя травы, выхаванцы аддзялення назапасілі яшчэ летам. І цяпер, у халодную часіну, яны з задавальненнем падмацоўваюць сваё здароўе карысным напоем.

Арганізатары падрыхтавалі разнастайную культурную праграму.

Да слёз расчулілі прысутных супрацоўніца аддзялення Кацярына Барсукова, выканаўшы песню пра маму, і яго наведвальніца Вераніка Бараноўская, якая пранікнёна прачытала верш. Свае песні ўдзельні­кам вечарыны падарыла даўні сябар сацыяльнай установы Ларыса Крысанава. Гумару дадалі выступленні дырэктара аддзялення Алены Атрошкінай і яе падначаленай Вольгі Нікалаевай. Жанчыны інсцэніравалі беларускую гумарэску пра ўнука і бабулю. Жартоўную ўкраінскую песню пад акампанемент акардэона Наталлі Клячынай палымяна выканалі супрацоўнікі ЦКРН Вольга Гарнак і Наталля Астроўская.

Кемлівасць, спрыт і харэаграфічныя здольнасці спаўна праявілі і матулі падчас удзе­лу ў забаўляльных конкурсах.

Гэты дзень быў багаты на віншаванні. Мабыць, крыху больш іх адрасавалі наведвальніцы аддзялення Наталлі Васілеўскай, якой пашчасціла ў Дзень Маці справіць уласны дзень нараджэння. Наташа — зорачка гуртка «Дарніца» — сама маці, выхоўвае дачушку. На памяць пра сустрэчу кожная матуля атрымала ў падарунак зробленую рукамі свайго дзіцяці паштоўку-сэрца з пажаданнямі. Вольга БАНДАРЭВІЧ.