У БАГУШЭЎСКУ МАТЭМАТЫКУ ВЫКЛАДАЕ ПСІХОЛАГ

Матэматыку ў Багушэўскай сярэдняй школе №2 выкладае псіхолаг. Ну, ці гэта не мара? Настаўнік, які не толькі цудоўна ведае свой прадмет, а яшчэ гатовы ў любы момант даць слушную параду і зразумець твой настрой.

  Таццяна Солапава ў гэтай навучальнай установе працуе ўжо больш за 26 год. Адразу пасля заканчэння Віцебскага педінстытута яна вярнулася ў сваю родную школу, дзе пачала выкладаць матэматыку і фізіку. Цікавілася жанчына псіхалогіяй і, неяк нечакана для сябе, пачала займацца гэтай навукай сур’ёзна. На прапанову перакваліфікавацца і ўзначаліць школьную псіхалагічную службу — згадзілася не раздумваючы. Паступіла ў Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі на спецыяльны факультэт.

 З таго часу прайшло ўжо 10 год. Сёння Таццяна Солапава працягвае выкладаць матэматыку, але больш увагі надае псіхалогіі.

 «Матэматыка — самая сумленная навука, яна не мяняе погляды. Тыя законы, якія існавалі ў часы Піфагора, дзейнічаюць і сёння. А псіхалогія — гэта наша жыццё. Настаўнік перш-наперш павінен быць псіхолагам і разумець сваіх вучняў, улічваць іх узроставыя асаблівасці, характар, эмацыянальны стан», — гаворыць жанчына.

 Пра сваю работу, вучняў і калектыў Таццяна Солапава расказвае з бляскам у вачах. Кожны чалавек для яе — гэта новы свет. «Ніколі не пагаджаюся, калі дзяцей называюць «цяжкімі». Гэта не так. Магчыма, вы не знайшлі ключык да сэрца маленькага чалавека і ён не ідзе на кантакт. У яго ёсць на гэта свае прычыны і, часцей за ўсё, іх трэба шукаць ва ўзаемаадносінах у сям’і», — працягвае педагог-псіхолаг.

 На тэму бацькоў і дзяцей Таццяна Уладзіміраўна можа гаварыць бясконца. Недарэмна, у гэтым кірунку яна працуе больш за ўсё.

 «Набываючы бытавую тэхніку, мы вучымся ёй карыстацца. А калі ў нас нараджаецца дзіця? Хто вучыць, як трэба яго выхоўваць? Звычайна, мы паўтараем прыклад сваіх бацькоў. Але гэта не самы добры шлях. Таму сёння на базе нашай школы праводзяцца семінары-практыкумы для тат і матуль. Дарослыя вучацца размаўляць з дзецьмі, слухаць іх, разумець. На першы погляд гэта можа паказацца смешным, але бацькі, якія прайшлі навучанне да канца, вельмі ўдзячныя нам за дапамогу», — кажа Таццяна Уладзіміраўна.

 Прафесійнаму вопыту гэтай жанчыны можна па-добраму пазайздросціць. У 2008-ым яна стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Педагог-псіхолаг года» і  ў складзе каманды ад Віцебскай вобласці выступала ў Мінску. Яна — распрацоўшчык аўтарскай праграмы «Псіхалагічныя асновы прафесійнага самавызначэння» для 9-11 класаў, ініцыятар і арганізатар «Школы адаптацыі», «Школы маладога педагога-псіхолага» і мноства іншых праграм для гурткоў і акцый.

 Таццяна Солапава — чалавек, якога хочацца слухаць. Яна добра ведае сваю справу і аддае сябе сваёй прафесіі спаўна.

 Таму і не дзіва, што вучні, а таксама калегі нярэдка звяртаюцца да яе за парадамі. Яна нікому не адмовіць. «Сама не стану навязвацца, але, калі ў мяне просяць дапамогі, зраблю ўсё, што ў маіх сілах», — шчыра кажа жанчына. А інакш і быць не можа, яна ж — сапраўды псіхолаг! 

Кацярына КАРПОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: ТАЦЦЯНА СОЛАПАВА, НАСТАЎНІЦА БАГУШЭЎСКАЙ СШ№2 З ВУЧНЯМІ 7 КЛАСА.