ЗАПРУДДЗЕЎСКІЯ ПЯЮХІ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

«О, запруддзеўскія  бабы крута пяюць!» — усклікаюць тыя, каму давялося пачуць іх спеўныя галасы. Жанна Аляксееўна і Зінаіда Сяргееўна Васілёнак, можна сказаць, унікумы. Такіх адмысловых выканаўцаў песен на Беларусі засталося няшмат. Не, спевакоў сёння многа. Любы, хто па тэлевізары засвяціўся, ужо лічыць сябе зоркай эстрады! Праўда, зорка аднадзённая, паслухаў і забыўся. А вось у галасах запрудзеўскіх бабуль хаваецца найлепшае нематэрыяльнае і неўміручае багацце нашага беларускага краю — народная песня. Колькі яны іх ведаюць, бабулі і самі падлічыць не могуць. Вельмі шмат. Да кожнага свята, сямейнага ці каляндарнага, песня ў іх на пагатове.

 У Запруддзе амаль усе Васілёнкі. Праўда, знайсці хату бабы Зіны сярод уладанняў аднафамільцаў няцяжка. Стаіць яна амаль у цэнтры вёскі, акурат насупраць вясковай крамы. Ля плота — лавачка. Гэта яшчэ і месца вясковых сходаў. Тут ладзяцца сустрэчы з сельсавецкай уладай, ну і, безумоўна, канцэрты.

 Жанна Аляксееўна і Зінаіда Сяргееўна — не тутэйшыя. Радзіма першай — былы Раснянскі сельсавет. Другая — багданаўская. Абедзьве ў Запруддзе замуж выйшлі. Не адно дзесяцігоддзе рупліва адпрацавалі на мясцовай ферме. Баба Зіна — даяркай, баба Жанна — лабаранткай. На песнях і сяброўства завязалася. Неяк загадчыца клуба запрасіла іх на свята. Пазнаёміліся бліжэй ды так і спеліся на ўсё жыццё. На вялікую сцэну запруддзеўскіх пяюх вывела Вольга Сцяпанаўна Дарожкіна. Спачатку запрасіла паўдзельнічаць у канцэрце раённага Дома культуры. І так атрымалася, што трапілі вяскоўкі на раённы агляд мастацкай самадзейнасці «Іграй, гармонік!», што праходзіў у парку 40-годдзя Перамогі. «Выступалі мы там, спявалі. Прызы нам давалі», — успамінае баба Зіна. З тае пары пачалася іх кіпучая гастрольная дзейнасць. З канцэртамі раз’язджалі па вёсках: Пожаньки, Свечы, Канева… Калі тэхніка падводзіла, каня запрагалі. Адзін час кампанію бабулям складаў гарманіст. Аднак і акапэльна іх галасавое сугучча льецца складна. А дзе песня, там і танцы. На вечарынках, успамінае Зінаіда Сяргееўна, кадрылю на 12 каленцаў, не сыходзячы тупалі. «Наша, багданаўская, лепшая за іншых была! Хутчэйшая, весялейшая». Зразумелая справа, ніводнае свята ў вясковым клубе не абыходзілася без іх выступленняў. Паслухаць запруддзеўскіх спявачак прыходзілі нават з суседніх вёсак. Цяпер клубныя пасядзелкі засталіся хіба што ва ўспамінах.

 Клуба ў Запруддзі больш няма, як і бібліятэкі, пошты, пачатковай школкі. З усёй інфраструктуры — невялічкая крама і тая працуе па «хлебных днях» — тры разы на тыдзень. Апусцела вёска і на людзей. Палова хат ужо нежылыя. Маўклівасцю сустракаюць падворкі. Сёння на вяскоўцаў прыходзіцца 3 кані, 1 карова. Толькі трое жыхароў трымаюць свіней. «А раней толькі наша ферма налічвала 200 рагуль! Адпрацуеш, а дома свая гаспадарка чакае,» — кажа Зінаіда Сяргееўна. Цяпер і на яе падворку куры ды сабака-ахоўнік. Узрост не той.

 Сёлета Зінаіда Васілёнак справіла 70-гадовы юбілей, яе каляжанка, Жанна Аляксееўна, старэйшая на два гады. Пяць гадоў не хапіла бабе Зіне і яе мужу да залатога вяселля. Пасля яго смерці жанчына жыве адна. З гаспадаркай ды агародам дапамагае сталічная радня. Дарэчы, таксама людзі музычна адораныя. Родны брат Павел — самавучка — грае на гармоніку ды баяне. Сястра Валянціна таксама хораша спявае. Рэгулярна наведваюцца да яе і сацыяльныя работнікі. «Пакуль я ў сілах, а не змагу — пайду ў дом састарэлых,» — кажа яна. Дарэчы, у багданаўскім аддзяленні штодзённага знаходжання для адзінокіх састарэлых дуэт «Сударушки» — часты і жаданы госць. Песнямі віншуюць пастаяльцаў са святамі, а то і далучаюць іх у свой калектыў. Рэпеціруюць бабулі ў клубе аграгарадка. Часта месцам рэпетыцый становяцца хаты спявачак.

 Рэпертуар фарміруецца ў тым ліку і з дапамогай радыё. Пачуюць якую цікавую песню і абавязкова развучаць. Хоць нотнай грамаце яны не навучаны, але спяваць імкнуцца з душой. І ўсё ж верхавенства мае народная песня. Багаты песенны запас склаўся яшчэ з дзяцінства. Выконваюць бабулі тое, што спявалі некалі іх матулі і бабулі. Дзецьмі назіралі яны, як дарослыя гулялі Купаллеі, як спраўляліся вяселлі, праводзіліся валачобніцтвы. Так і запомнілі, і да нашчадкаў данеслі. Ім нярэдка замаўляюць вяселлі. На адно з іх, кажуць, фалькларысты з Мінска прыязджалі, запісвалі сенненскіх спявачак на камеру. На Каляды ды Вялікдзень яны і сёння валачобнічаюць.

 «Так і гудзім паціху!» — падсумоўвае нашу размову Зінаіда Сяргееўна. Адно засмучае народных артыстак: пераняць іх песенны скарб няма каму. 

Вольга БАНДАРЭВІЧ.