Сенненскім спартсменам пакарылася “Савецкая Беларусія”

Лёгкаатлетычны крос, прысвечаны Дню Перамогі, на прызы газеты «Советская Белоруссия» праводзіцца ў нашай краіне не першы год. Ён праходзіць у некалькі этапаў, бо мае на мэце  прыцягненне да заняткаў спортам як мага большай колькасці людзей. У першую чаргу — школьнікаў.

 Абласны этап праходзіў 23 красавіка ў Віцебску. Каманда легкаатлетаў Сенненшчыны заняла другое месца і атрымала права выступіць у Мінску. Найбольш удала выступілі Ігар Даронін і Мікалай Ціманцееў, якія ў сваіх узроставых катэгорыях на заяўленых дыстанцыях паказалі трэція вынікі, Антон Чэпікаў заняў другое месца.

 У Мінску каманда Сенненскага раёна ў складзе Уладзіміра і Аляксандра Кнацько, Віталя Гардзецкага, Вікторыі Паўлоўскай, Алены Аляксеенка, Кацярыны Халімоненка, Дзмітрыя Зязюліна, Дыяны Філіповіч і Галіны Васілёнак прадстаўлялі Віцебскую вобласць. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі нашы хлопцы і дзяўчаты паказалі досыць высокія вынікі, якія дазволілі заняць трэцяе месца сярод раёнаў Беларусі. Такі ж вынік паказала каманда Ходцаўскай агульнаадукацыйнай СШ сярод сельскіх школ. У яе складзе выступалі Ілья Барытка, Аліна Сабалеўская, Антон Сочнеў і Аляксандр Латышаў.

  Яшчэ адзін наш зямляк Антон Чэпікаў у Мінску на гэтых жа спаборніцтвах выступаў за Магілёўскую вобласць, бо  зараз трэніруецца ў Магілёве, у мясцовым вучылішчы алімпійскага рэзерву. У асабістым заліку на дыстанцыі 3 кіламетры ён заняў трэцяе месца. А праз некаторы час хлопец стартаваў у першынстве Беларусі па лёгкай атлетыцы, якое праходзіла ў Гродна. У бегу на дыстанцыі 5 кіламетраў ён паказаў лепшы вынік сярод спартсменаў 1994-1995 г.н.