21 мая – Дзень фізічнай культуры і спорту. Каманда маладосці нашай

Для сённяшняга пакалення выхаванцаў Сенненскай СДЮШАР Яўген  Мікітавіч Усціновіч — легенда. Заўзяты аматар фізкультуры і спорту ў дзяцінстве і юнацтве, пазней ён  стаў трэнерам, доўгі час працаваў дырэктарам спартыўнай школы, узначальваў  раённы савет  добраахвотнага спартыўнага таварыства. Напярэдадні Дня фізічнай культуры і спорту заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь пагадзіўся падзяліцца з чытачамі раённай газеты сваімі ўспамінамі.

 Асабіста я пачаткам арганізаванага фізкультурнага руху на Сенненшчыне  лічу 1952 год, калі ў СШ №1 у прыстасаваным  памяшканні з’явілася першая ў раёне спартыўная зала — маленькая, у ёй не ўмяшчалася нават валейбольная пляцоўка. На працу да нас прыехалі Т.В.Карашкова і Р.П. Шабуніна (Вілюгіна), дыпламаваныя настаўніцы — выпускніцы Гродзенскага тэхнікума фізкультуры. У школе арганізавалі работу ДЮСШ са спецыялізацыяй па гульнявых відах спорту. Праўда, праз год, пасля прыезду ў Сянно А.С.Хаменкі, які толькі што скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізкультуры, у Сянно стаў культывавацца лыжны спорт. Аляксандр Сямёнавіч быў чалавекам улюбёным у гэты від спорту, трэнерам-фанатыкам, меў выдатную тэарэтычную падрыхтоўку. Таму вынікі яго работы праявіліся вельмі хутка. Праз некалькі гадоў Анатоль Мурашка стаў першым у гісторыі раёна майстрам спорту, быў уключаны ў зборную каманду рэспублікі. З’явіліся іншыя таленавітыя лыжнікі-сенненцы. Дастаткова сказаць, што нашы землякі былі прадстаўлены на ўсіх Спартакіядах народаў СССР. А ў 1976 годзе ў Свярдлоўску Галіна Куляшова стала чэмпіёнкай гэтых спаборніцтваў. Яе дасягненне так і засталося непераўзыдзеным у гісторыі беларускага спорту. Пазней у склад зборнай каманды СССР па лыжных гонках уваходзілі Васіль Гарбачоў, Юрый Плаксуноў. Яны ж, а таксама Лена Урбановіч, склалі аснову першай алімпійскай зборнай Рэспублікі Беларусь.

 Сёння  асноўны від спорту, які паспяхова развіваецца ў спартыўнай школе, — біятлон. Спачатку ён, пачынаючы з 1968 года, культываваўся пры раённым савеце ДАСТ «Ураджай», якое я тады ўзначальваў. Праблем хапала. Але паступова, пераважна рукамі трэнераў і юных спартсменаў, стваралася матэрыяльная база (у «Зелянцы» з’явілася стрэль­бішча, абсталявалі месца для захоўвання зброі). У  Сянно праводзі­ліся рэспубліканскія спаборніцтвы, трэніроўкі зборных каманд Беларусі. Нашы выхаванцы  (разам са мной трэнерам працаваў Аляксандр Агарак) таксама сталі заяўляць пра сябе. Эдуард Блыкін стаў майстрам спорту СССР, прызёрам першынства СССР сярод сельскіх біятланістаў, Юра Хадорык  — чэмпіёнам  ЦС «Ураджай». У той перыяд у Віцебскай вобласці фаварытамі ў біятлоне лічыліся спартсмены  ДАСТ «Спартак». Неяк кіраўніцтва спартыўнага таварыства, сабраўшы каманды з абласнога цэнтра, Оршы, Полацка, прыехалі правесці першынство ў Сянно. Запрасілі да ўдзелу сенненскіх аматараў біятлону. І што? На ўсіх эстафетных гонках, ва ўсіх узроставых групах мы сталі пераможцамі. Ды і абласныя каманды па біятлоне, як правіла, на 70 % фарміраваліся з сенненцаў.

 У 1986 годзе пачалася рэарганізацыя спартыўных таварыстваў. Пакінулі толькі спартыўнае таварыства пры прафсаюзах. Фактычна гэта азначала крах масавага фізкультурнага руху. Але біятлон у Сянно не знік. Па ініцыятыве Віктара Лектарава, які тады трэніраваў лыжнікаў, аддзяленне біятлону стала працаваць у спартыўнай школе. Сёння  многія яго выхаванцы  штогод перадаюцца ў вучылішча алім­пійскага рэзерву. Аднак вышыню Пятра Івашкі, які тройчы перамагаў на чэмпіянатах свету, ніхто не ўзяў. А значыць у сенненскіх юных біятланістаў ёсць куды імкнуцца. Ёсць дасягненні ў трэнераў іншых аддзяленняў спартыўнай школы — лёгкай атлетыкі, настольнага тэнісу, грэка-рымскай барацьбы. Яшчэ больш мяне радуе, што калектыў школы клапоціцца не толькі пра спартыўныя дасягненні сваіх выхаванцаў. Спорт выхоўвае характар, загартоўвае волю. Тым самым гарантуючы чалавеку поспех у любой справе, якой ён будзе займацца ў жыцці.

Аляксандр ЛАЗЮК