Нашы біятланісты не пакінулі месцаў супернікам

Сенненская СДЮШАР 7 мая правяла першынства па летнім біятлоне. Спаборніцтвы праводзяцца штогод і прысвечаны Дню Перамогі. Традыцыйным застаецца месца спаборніцтваў адкрытага фармату — лесапарк  на ўскраіне райцэнтра, які ў народзе называюць Сінаямі. На гэты раз навучэнцам Сенненскай спартшколы  канкурэнцыю склалі іх равеснікі з Новалукомля і юныя біятланісты з віцебскіх  спартыўнага таварыства «Дынама» і  ФК «Алімпіец.

 Спаборніцтвы праходзілі на дзвюх дыстанцыях. Дзяўчынкі 1997-1999 г.н і хлопчыкі 1998-1999 г.н. памераліся сіламі на дыстанцыі 1500 метраў. Пад увагу браліся хуткасць бегу і вынік  стральбы на двух агнявых рубяжах у становішчы лежачы і стоячы. Сярод юных біятланістак вызначылася наша Даша Высоцкая. З улікам 15-секунднага штрафу, які ёй налічылі за  адзін промах пры стральбе, яна пераадолела дыстанцыю за 9 мін.46 секунд, больш чым на мінуту абышоўшы сяброўку-саперніцу Насцю Мацкевіч. У хлопчыкаў гэтак жа ўпэўнена перамог яшчэ адзін наш зямляк Ілья Аўсеенка, паказаўшы на дыстанцыі  9 мінут 1 секунду. Максім Дзям’янаў, які заняў другое месца, адстаў ад яго на 44 секунды.

 Дзяўчынкі і хлопчыкі 2000 г.н. і маладзей выйшлі на дыстанцыю 2000 метраў. І зноў нашы землякі не пакінулі гасцям ніякіх шанцаў. У дзяўчынак першыя тры  месцы  занялі сенненкі Віка Карчэўская — 1 месца, Яна Тарасевіч  —  другое, Аліна Круглянкова — (дарэчы, 2002 г.н.) — трэцяе. У хлопчыкаў з двума промахамі на стральбе перамог Раман Мацкевіч, другі вынік паказаў Кірыл Мельнікаў (Сянно), трэцім стаў Ілья Клімашэнка, які займаецца біятлонам у віцебскім спартыўным клубе «Алімпіец».