УЛАСНЫ ЎДЗЕЛ — ЛЕПШЫ ПРЫКЛАД ДЛЯ ПЕРАЙМАННЯ

5+++Сенненшчына стала пілотным рэгіёнам па рэалізацыі праекта Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа «Прыцягненне згуртаванняў да прасоўвання здаровага ладу жыцця».

На сённяшні дзень у раёне створаны тры ініцыятыўныя групы. Адна з іх дзейнічае ў райцэнтры. У радах «Вясёлкі» налічваецца 14 чалавек. Сярод іх прадстаўнікі ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, райспажыўтаварыства і нават індывідуальныя прадпрымальнікі. Усіх удзельнікаў суполкі аб’ядноўвае адно жаданне — быць здаровымі самім і дапамагчы стаць здаровымі іншым. Назва групы выбрана невыпадкова. Яркія і чыстыя колеры вясёлкі сімвалізуюць усю тую радасць і карысць, што дае чалавеку здароўе.
— Наша мэта як валанцёраў, — кажа арганізатар групы Сняжана Мяцеліца, — паспрыяць далучэнню жыхароў горада да здаровага ладу жыцця. Большасць неінфекцыйных захворванняў з’яўляюцца сведчаннем нездаровых паводзін чалавека. У 80% выпадкаў іх можна папярэдзіць. Між тым на сардэчна-сасудзістыя, хранічныя рэспіраторныя захворванні, цукровы дыябет і анкалогію прыходзіцца больш 63% усіх смяротных зыходаў.
Пачаць удзельнікі групы вырашылі з сябе. І першы выклік «вясёлкаўцы» кінулі гіпадынаміі. Разам з курэннем, злоўжываннем алкаголем і нездаровым харчаваннем яна складае так званую небяспечную чацвёрку заганных звычак для чалавечага арганізма. На жаль, малаактыўны лад жыцця сёння характэрны і для гараджаніна, і для вяскоўца. Днём мы праседжваем доўгія часы на працы, а ўвечары бавім час на канапе перад тэлевізарам. Як вынік — атлусценне, астэапароз, праблемы з сэрцам і інш.
Удзельнікі групы знайшлі магчымасць павялічыць сваю рухальную актыўнасць. Некалькі разоў на тыдзень пасля працы яны збіраюцца разам, каб пад кіраўніцтвам вопытнага інструктара Вольгі Вераценнікавай асвойваць індыйскую ёгу і модны фітнэс. Памяшканне для заняткаў прадаставіла Сенненская дзіцячая школа мастацтваў. Карысць ад практыкаванняў відавочная: умацоўваецца дыхальная сістэма, павышаецца гібкасць цела, паляпшаецца пастава, зніжаецца ўзровень стрэсу.
Колькасць жадаючых далучыцца да «вясёлкаўцаў», па словах Сняжаны Фёдараўны, расце. Але па прычыне адсутнасці асобнага прасторнага памяшкання для заняткаў спортам няма магчымасці змясціць усіх. Як выйсце, многія валанцёры з ініцыятыўнай групы сталі, як кажуць, на месцы навучаць фізічным практыванням знаёмых, калег. У прыватнасці, такія фізкультразмінкі для свайго калектыву праводзіць галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сняжана Мяцеліца. Такім чынам уласны ўдзел аказаўся лепшым прыкладам для пераймання.
У планах «Вясёлкі» і арганізацыя маштабных спартыўных мерапрыемстваў.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: у час заняткаў ёгай.