Усім дарогам знайсці гаспадара спрабуюць на Сенненшчыне

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  № 21 «Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання…» даў штуршок да дзеянняў, і, нарэшце, нізавое звяно ўлады ператварылася ў аб’ект пільнай увагі дзяржаўных уладных структур. Адміністрацыйныя будынкі сельскіх і пасялковага  Саветаў адрамантавалі і абсталявалі камп’ютарамі, кіраўнікоў забяспечылі аўтамабілямі і мабільнай сувяззю,  пашырылі іх паўнамоцтвы. Шэраг камунальных аб’ектаў, якія раней не мелі свайго балансаўтрымальніка і фактычна «віселі» на сельвыканкамах, пачалі перадаваць спецыялізаваным структурам… Скажам, ці можна было лічыць гаспадаром водазабяспечваючай сістэмы сельвыканкам, калі ў яго ні тэхнікі, ні адпаведных спецыялістаў? Сельскі Савет наймаў падрадчыкаў і аплочваў пэўныя віды работ або з працягнутай рукой ішоў да гаспадарнікаў. Цяпер у гэтай справе пакрысе стаў наводзіцца пэўны парадак, і ёй сталі займацца тыя структуры, якія павінны гэтым займацца — камунальнікі.

 Настала чарга і тых участкаў мясцовых дарог, што па нейкіх прычынах да апошняга часу заставаліся  безгаспадарнымі. Па вя­лікім рахунку дарожныя службы ў той ці іншай меры займаліся іх утрыманнем і раней, аднак рабілася гэта, быццам, не на зусім законнай падставе. А прыняўшы іх на свой баланс, ДРБУ становіцца гаспадаром. Дзяржава будзе выдзяляць пэўныя сродкі пад пэўны аб’ём работ.

 Дарожныя службы, безумоўна, асаблівых намаганняў у прыняцці на баланс вясковых дарог не праяўляюць. Яно і зразумела, бо пытанні фінансавання іншы раз прыгожа выглядаюць у тэарэтычным плане, на паперы. А як даходзіць да рэальных грошай, то тут малюнак бывае не вельмі прыгожы: не выключаны інфляцыйныя праблемы. Ці вось сённяшні дваякі курс афіцыйнага і рынкавага долара, да якога прывязаны і беларускі грашовы кошык.

 Але жыццё не спыняецца, і мы ўсё ж рухаемся наперад. Магчыма, не так шпарка, як хочацца, аднак крок за крокам усё ж ідзём. Вось і з передачай некаторых дарог «затармазілі», бо ў асобных раёнах рэспублікі гэта ўжо зроблена. Зноў  жа перадача камунальных аб’ектаў спецыялізаваным арганізацыям — не самамэта. Асноўнае тут — вызваліць пярвічны ўзровень улады ад неўласцівых функцый, развязаць ёй рукі, павярнуць тварам да людзей, якія жывуць побач, да сваёй тэрыторыі.

 Нельга сказаць, што калі ўсе сельскія дарогі пачнуць абслугоўвацца спецыялізаванай арганізацыяй, то штосьці рэзка зменіцца. Іх тэхнічная база якой была, такой і засталася. Але хоць адказнасць з’явіцца. Прынамсі, сельвыканкаму будзе на каго «перавесці стрэлкі», з каго запатрабаваць.

 Акрамя дарог, з мэтай выканання пункта 7 пастановы прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў «Аб выкананні органамі ўлады сельскіх раёнаў вобласці Закона Рэспублікі Беларусь «О погребении и похоронном деле» філіялы ДРБУ КУП «Віцебскаблдарбуд» будуць прымаць на свой баланс пад’езды да грамадскіх могілак, якія прымыкаюць да мясцовых аўтамабільных дарог. Але гэта не значыць, што перадача дарог і пад’ездаў да могілак будзе ажыццяўляцца па прынцыпе: на табе, Божа, што мне не гожа. Усе будучыя аб’екты, якія пассельвыканкамы ў далейшым намераны перадаць дарожным арганізацыям, старанна даследуюцца і рэвізуюцца на прадмет іх адпаведнасці і мэтазгоднасці. Першай гэта работа пачалася  ў Багданаўскім сельсавеце. Старшыня раённага Савета дэпутатаў М.М.Вілюга, начальнік ДРБУ-146 Д.Ю.Аленчанка і старшыня сельвыканкама В.С.Мурашкевіч камісійна абследавалі ўчасткі дарог: комплекс БРЖ — вёска Запруддзе (2,5 км), ад вёскі Рудніца да вёскі Сяргейкі (2,8 км), пад’езд да  грамадзянскіх могілак вёскі Гарадзец працягласцю 0,5 кіламетра, а таксама дарогу ад Вялікага Азярэцка да вёскі Дольдзева і прыйшлі да высновы, што трохі падсыпаўшы апошнюю, можна рыхтаваць адпаведныя паперы на іх перадачу. Вялікіх прэтэнзій не меў і начальнік ДРБУ-146 Дзмітрый Юр’евіч Аленчанка. А вось што тычыцца «апендыкса» ад асфальтаванай дарогі Віцебск —Талачын да вёскі Свабоднае (1 км), камісія пагадзілася: няма сэнсу ёй займацца, бо тут не дарога, а толькі напрамак, тым больш, што ў гарадской рысе ёсць асфальтаваны паварот дарогі на Свабоднае праз школу-інтэрнат. Загарадны паварот на Свабоднае трэба не прымаць на баланс ДРБУ, а будаваць па новай. Грошай такіх сёння ў раённай  казне няма, хаця старшыня сельвыканкама Віктар Сямёнавіч  Мурашкевіч спрабаваў даказваць, што людзі будуць скардзіцца, маўляў, бліжэй. Але гэта не той выпадак, калі большасць правая. Трэба запыты сувымяраць з магчымасцямі.

Міхаіл Бялоў.