«Сколько на здании шариков цветных…». У раёне падвялі вынікі конкурсу на лепшае навагодняе аздабленне.

 Навагоднія святы, ёлкі, упрыгожаныя цацкамі і мішурой, на беларускія землі прыйшлі з Еўропы, а не з Расіі. І Пётр І, пра якога  вельмі  любяць успамінаць нашы гістарычна маладасведчаныя журналісты, тут не прычым,  бо пры яго праўленні нашы продкі жылі ў іншай дзяржаве, супольнай з палякамі,  украінцамі,  літоўцамі, а называлася яна — Рэч Паспалітая. Да таго ж трэба мець на ўвазе, што  тады, за даўнім часам, традыцыя адзначаць Новы год прыжылася хіба што ў палацах вяльмож ды багатай шляхты. Больш шырока святкаваць Новы год на Беларусі пачалі толькі ў другой палове 20 стагоддзя — спачатку ў школах, культурна-асветніцкіх установах. І толькі для апошніх некалькіх пакаленняў беларусаў новы год стаў сямейным святам.

 Невялікі гістарычны экскурс, падаецца, будзе дарэчы, каб падкрэсліць, што карпаратыўнае святкаванне Новага года для нашага грамадства — з’ява досыць новая. Разам з ёй стала пашырацца традыцыя  адзнакамі свята ўпрыгожваць рабочае месца, адміністрацыйныя будынкі. Яна, гэтая традыцыя,  заахвочваецца ўладамі. У Сенненскім раёне, напрыклад, у апошнія гады праводзяцца нават  конкурсы на лепшае  ўпрыгажэнне адміністрацыйных будынкаў. Пра іх, у прыватнасці, не забываюць ва ўстановах адукацыі, культуры, медыцыны. Арганізацыяй конкурсу  на сваёй тэрыторыі займаюцца сельскія і пасялковы Саветы дэпутатаў. У Сянно напярэдадні сёлетняга Новага года ва ўстановах, арганізацыях, на прадпрыемствах пабывалі супрацоўнікі райвыканкама. Спачатку неафіцыйна, каб выказаць свае заўвагі, прапановы, бліжэй да свята, ужо подводзячы вынікі конкурсу на лепшае  навагодняе ўпрыгажэнне адміністрацыйных будынкаў і рабочых кабінетаў. У склад камісіі ўваходзілі кіраўнік спраў райвыканкама Алег Цяцюеў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля  Лялікава.

 Як агульная заканамернасць было адзначана, што знешняму навагодняму афармленню будынкаў усімі арганізацыямі стала надавацца больш увагі. Павялічылася колькасць ілюмінацый, светлавых гірляндаў з сімваламі свята і  надпісамі-віншаваннямі.

 У асобных арганізацыях упрыгажэнні  з’явіліся нават на вытворчай тэрыторыі, на вуліцах. У прыватнасці, адміністрацыя цэнтра банкаўскіх паслуг № 218 г.Сянно ўлічыла, што побач з будынкам знаходзіцца дзіцячы садок. Напярэдадні Новага года тут з’явілася не толькі ўпрыгожаная ёлка.  Пад ёй знайшлося месца мядзведзям і вавёрачкам, зайчыкам і коцікам у выглядзе цацак, а яшчэ прыгожым навагоднім скрынкам. У ДРБУ-146 гір­лянды зіхацяць не толькі на вокнах,  ёлках, устаноўленых у будынку. Упрыгажэнні з’явіліся на зімовых яблынях, уальтанках,  што знаходзяцца на вытворчай тэрыторыі. Ва УП «Сяннобудмеліяводгас» паклапаціліся не толькі пра знешняе ўбранне адміністрацыйнага будынка. Па-святочнаму прывабна выглядаюць кабінеты спецыялістаў. Яны аздоблены цацкамі прамысловай вытворчасці, гірляндамі, а яшчэ самаробнымі вырабамі. Гэтаму садзейнічалі конкурс, аб’яўлены адміністрацыяй, і матэрыяльнае заахвочванне для пераможцаў.

 Адзнакі Новага года можна знайсці фактычна ў кожнай установе. Па іх  яркасці, святочнасці, вазьму на сябе смеласць выказаць меркаванне, можна судзіць калі не пра  эканоміку прадпрыемства, дык пра маральны клімат у калектыве напэўна. І тут ужо ніякія ўказы, распараджэнні не дапамогуць.

Аляксандр Лазюк.

 

тэрыторыя ля ЦБП № 218 г. Сянно; калідор у адміністрацыйным будынку ДЭУ-38; адзін з кабінетаў УП «Сяннобудмеліяводгас».

На здымках: