ЖЗЛ — жыццё здаровых людзей

У пару, што найбольш спрыяе развіццю ўсялякіх прастудных захворванняў, у сенненскім цэнтры пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі асаблівую ўвагу звярнулі на здароўе. Раённы конкурс «Моладзь за здаровы лад жыцця» праводзіўся ў чатырох намінацыях.

 Самай прадстаўнічай сярод іх стала «Сценная газета». 18 школ прадставілі свае насценгазеты. СНІД, цыгарэты, алкаголь, шкодныя прадукты сталі тэмамі школьных СМІ. Першае месца ў намінацыі заняла рэдкалегія Нямойтаўскай ДАСДС-Ш (кіраўнік В.М.Рукаль). Другое месца — у Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната (кіраўнікі Л.В.Казлова і Е.А.Літвінава). Трэцяе падзялілі вучнёўскія рэдакцыі Багданаўскай сярэдняй (кіраўнік А.Л.Чумакова) і Сінягорскай базавай (кіраўнік А.Г.Галенка) школ.    

 Як у школе прывіваюць здаровы лад жыцця і змагаюцца са шкоднымі звычкамі расказалі і паказалі відэаролікі, мультымедыйныя прэзентацыі, падрыхтаваныя вучнямі. У намінацыі «Здароўе — наш выбар» прынялі ўдзел 6 сярэдніх і 1 базавая школы. Сярод сямі дасланых на конкурс лепшымі прызнаны работы Андрэя Жаваронкава (Сенненская школа-інтэрнат), Яўгена Сінякова (Нямойтаўская школа), Арцёма Атрошкіна і Вікторыі Макарэнка з Багданаўскай школы.  

  Цэлыя оды здароўю прысвяцілі ўдзельнікі літаратурнай намінацыі «Выбірай жыццё». Вучні з 16 школ прадставілі 17 паэтычных твораў. Пераможцамі ў конкурсе юных паэтаў сталі Антон Курс з Багданаўскай школы, Ксенія Пестун з Машканскай школы і Ксенія Ксянзова з СШ №1 імя З.Азгура.

  Агітацыю за здаровы лад жыцця правялі ўдзельнікі намінацыі «Здароўем даражыць умейце». Сцэнарныя распрацоўкі вучнёўскіх агітбрыгад прадставілі 8 школ. Пераможцамі сталі каманды з Багданаўскай ДАСШ, Сенненскай школы-інтэрната і Сенненскага цэнтра пазашкольнай работы.

  Сёлета агітбрыгада «Плюс» ЦПР таксама прымала ўдзел у абласным фестывалі «Моладзь за здаровы лад жыцця», што прайшоў у Ві­цебскім аб’яднанні па арганізацыі пазашкольнай дзейнасці з дзецьмі і падлеткамі. Для Інгі Бадровай, Яны Мельцынай, Ксеніі Касабуцкай, Ксеніі Мефадзіенка, Вадзіма Мя­дзведзева, Ільі Несцярэнкі, Аляксандры Навасад, Арыны Доўгай, Андрэя Шубко гэта першае выступленне на такім узроўні. Сёння яны гатовы з радасцю прадэманстраваць сваю агітацыю ў навучальных установах раёна, каб яшчэ больш моладзі прывабіць у садружнасць здаровых людзей.

Вольга Бандарэвіч.

На здымку: выступае агітбрыгада «Плюс».