Смецце ёсць, а сметніц няма

IMG_0705_Чалавек, які не кідае паперку пад ногі, калі побач няма ўрны, а нясе яе ў руках, — у большасці людзей выклікае, на жаль, здзіўленне і, нават, непаразуменне. Аднак па сутнасці здзіўляцца няма падставы: такія паводзіны — норма, паказчык выхаванасці.

Спартыўная пляцоўка па вуліцы Перамогі ў райцэнтры — месца  адпачынку многіх сенненцаў. Вабіць яна і маладых мам, якія прыходзяць сюды з дзецьмі, і людзей пенсійнага ўзросту. Пачынаючы з вясны і да позняй восені, тут збіраецца моладзь, каб паганяць мяч. Зімой на пляцоўцы заліваюць каток.
Але чаму пляцоўка не абсталявана сметніцамі?
На жаль, звычку не смеціць маюць далёка не ўсе людзі. Дрэнна вучаць гэтаму бацькі, не прывівае экалагічнай культуры школа. Іншы раз пасля выхадных пляцоўка выглядае так, быццам на ёй спецыяльна рассыпалі поўны бак смецця. Прычым, убіраецца яна чамусьці не ў панядзелак з раніцы, а ў лепшым выпадку — у сераду.
Праблема адсутнасці сметніц актуальна не толькі для спартыўнай пляцоўкі па вуліцы Перамогі. IMG_0660_
Чаму смецце аказваецца на пешаходных дарожках, газонах? Праблема не толькі ў нявыхаванасці грамадзян, але і ў адсутнасці ўрнаў на вуліцах горада. Так, у цэнтры яны ўстаноўлены паўсюдна, аднак у іншых мікрараёнах горада праблема паўстае даволі востра. Напрыклад, няма ўрнаў па вуліцах  Чырвоны Кастрычнік, Каваленка, Перамогі… Багатая на сметніцы толькі вуліца Назаранка.
Сумны малюнак адкрыўся, калі разам з сябрамі зайшлі да крыніцы «Пясчанка», што па К.Маркса. Пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, стаканчыкі, абгорткі, пакеты ад чыпсаў тут валяюцца паўсюдна. Смецце напіхана нават у трубу, з якой льецца вада. Вакол — ніводнай урны.
Мы, здаецца, прызвычаіліся да смецця ў нашых дварах, але бруд ля помнікаў успрымаецца па-іншаму.
«Помнік прыроды крыніца «Пясчанка». Ахоўваецца дзяржавай» — словы, выбітыя на камяні, што знаходзіцца ў пачатку комплексу. Чытаеш надпіс, а позірк скіроўваецца на высокі быльнік, што прабіваецца з-пад камяню, тратуарных пліт. IMG_0678_Патанаюць у траве лаўкі для адпачываючых, лесвіца ад мастка, каменная дэкаратыўная агароджа. А сама канструкцыя крыніцы паступова развальваецца: з бетонных сцен праглядваецца арматура, пакрываецца іржой труба, па якой цячэ вада.
Гледзячы на ўсё гэта, становіцца сорамна за нас, за нашу нявыхаванасць, безгаспадарлівасць. Шмат гаворым пра добраўпарадкаванне, а тое, што адбываецца літаральна пад носам, — не заўважаем.
З маленства бацькі прывучаюць сваіх дзяцей да чысціні. Імкнуцца растлумачыць, як весці сябе на вуліцы, на ўлонні прыроды. Аднак, важна не толькі прывучаць, але і самім дарослым не смеціць, не хавацца за апраўданнем, маўляў, сметніц не паставілі…
А тое, што іх мала ў нашым горадзе — гэта факт.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
 На здымках:
на спартыўнай пляцоўцы па вуліцы Перамогі;
на подступах да крыніцы «Пясчанка»; 
так выглядае  крыніца.