Як святкавалі 9 Мая на Сенненшчыне

Цяжкая дарога да Вялікай Перамогі

Так называўся вечар-сустрэча, які прайшоў у дзіцячай раённай бібліятэцы. У сустрэчы прынялі ўдзел вучні 4″Б» класа СШ №2 г.Сянно са сваёй настаўніцай Наталляй Віктараўнай Латышавай і ганаровыя госці мерапрыемства — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міраслаў Мікалаевіч Зязюлін і Паліна Аляксандраўна Касабуцкая, якая была малалетнім вязнем канцлагера «Саласпілс». 

  Школьнікі падарылі запрошаным шмат кветак, чыталі ім вершы, у тым ліку былой вучаніцы СШ №2 г.Сянно Анастасіі Платонавай.

 Паліна Аляксандраўна Касабуцкая расказала пра тое, што запомніла з жыцця ў канцлагеры. У «Саласпілсе» былі таксама яе бацькі і брат. Самыя маленькія дзеці жылі ў асобным бараку. У іх кожны дзень бралі кроў і яны хутка слабелі. Фашысты праводзілі над дзецьмі жудасныя эксперыменты: упырсквалі ім нейкія лекі, давалі атручаныя ежу і ваду.

 Па афіцыйных дадзеных у «Саласпілсе» за год гінула каля 3 тысяч дзяцей да 5 гадоў. Трэцяя частка малых насельнікаў канцлагера была з Віцебскай вобласці.

 Паліна Аляксандраўна прынесла на сустрэчу фотаздымкі пасляваеннага дзяцінства.

 Пра свой баявы шлях расказаў ветэран вайны Міраслаў Мікалаевіч Зязюлін.

Удзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям у цэнтральным парку горада.

Захоўваюць памяць

Усё далей углыб гісторыі адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але ніколі не знікнуць яны з чалавечай памяці…

Урок мужнасці «Захоўвайце памяць пра подзвіг ваенны» прайшоў у раённай бібліятэцы. На сустрэчу з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Генадзем Пятровічам Ганчарэнкам прыйшлі вучні 10 «Б» класа СШ №2.

 Ветэраны прайшлі праз агонь, мёрзлі ў акопах і пераплывалі  рэкі, каб адстаяць зямлю, на якой мы жывём. Генадзь Пятровіч расказаў дзецям, як пайшоў у партызаны, калі яму быў толькі шаснаццаты год, як служыў у разведцы ў брыгадзе Дубава, якая дыслацыравалася ў Чашніцкім раёне, як грамілі нямецкія гарнізоны.

 Шмат ліха выпала на долю маладых людзей ваеннага пакалення. Але яны выстаялі і падарылі нам шчаслівае мірнае жыццё, магчымасць працаваць, ажыццяўляць свае мары. І таму мы, нашчадкі, павінны зберагчы » і колас у полі, і кветку ля вакна, і песню над вячэрняй рэчкай»…

Магілу даглядае ўлада

На могілках ужо зніклай з карты раёна вёскі Ляхава  Машканскага сельсавета стаіць сціплы абеліск. Ён быў устаноўлены адразу пасля вайны на месцы пахавання партызана Пятра Дзмітрыевіча Лабацкага, які, як сведчыць надпіс, «загінуў ад рук нямецкіх вылюдкаў».

Відаць, народны мсцівец быў немясцовым жыхаром. Да магілы ніколі не прыходзілі родныя ці блізкія. Доўгі час месца пахавання даглядалі  вучні і настаўнікі  Задарожскай школы. Пасля таго, як навучальная ўстанова перастала існаваць, ма­гіла патрыёта прыйшла ў запусценне, месца пахавання ледзь угадвалася, абеліск нахіліўся. Некалькі гадоў назад за добраўпарадкаванне ўзяліся супрацоўнікі Машканскага сельскага Савета дэпутатаў, а менавіта старшыня выканкама Леанід Шаеў і землеўпарадкавальнік Сяргей Каранеўскі. Летась, якраз да Дня Перамогі, уласнымі рукамі яны падсыпалі магілу пяском, выраўнялі і пафарбавалі абеліск, нарыхтавалі неабходны будаўнічы матэрыял і зладзілі агаро­джу. Прыбралі магілу, падфарбавалі помнік, агароджу і сёлета. Цяпер пахаванне не выглядае закінутым. Жывыя выканалі свой абавязак перад мёртвымі (на здымку).

 

Падарункі для ветэранаў

Шаснаццаць багушэўцаў атрымалі з рук старшыні пасялковага Савета Любові Трубекі падарункі.

У іх ліку ўдзельнікі тылу, сем’і загінуўшых у гады вайны, блакаднікі Ленінграда, інваліды і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.Такім чынам мясцовыя ўлады вырашылі павіншаваць іх са святам Вялікай Перамогі. Да акцыі далучыліся і прадпрымальнікі, якія выдзелілі сродкі на набыццё падарункаў. Напярэдні 9 Мая ўсе яны былі ўручаны падчас аб’езду. Разам з чыноўнікамі ў госці да ветэранаў прыехалі і супрацоўнікі Багушэўскага Дома культуры Канстанцін Бандарэнка і Аляксандр Шумараў, якія падрыхтавалі  невялікі канцэрт.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Л.Трубека , К.Бандарэнка і А.Шумараў віншуюць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны  Дзмітрыя Яфімавіча Улаховіча

Ніхто не забыты…

Напярэдадні 9 мая ў Багданаўскім сельсавеце правялі добраўпарадкаванне помнікаў салдатам Вялікай Айчыннай вайны.

  У вёсцы Гарывец, ля абелі­ска, на месцы пахавання воінаў-вызваліцеляў, працавалі вучні Багданаўскай школы. Ля помніка загінуўшым салдатам у в.Пожанькі рупілі­ся супрацоўнікі ААТ «Сенненскі райаграсервіс» сумесна з работнікамі мясцовага клуба. Марына Петухова і яе прыёмныя  дзеці колькі гадоў даглядаюць магілу двух салдат у в.Канева, якую і сёлета прыбралі свамі сіламі.

Святкавалі Перамогу

 У Какоўчынскім сельсавеце святкаванні з нагоды Дня Перамогі праходзілі ў трох населеных пунктах — вёсках Янова, Літусава і Какоўчына.

 На тэрыторыі сельсавета пражываюць пяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У Какоўчыне на святочны мітынг быў запрошаны Міхаіл Аляксеевіч Шаршавіцкі. Ветэран падзяліўся сваімі ўспамінамі, атрымаў памятны падарунак і кветкі.

 Кветкі і вянкі былі ўскладзены да помніка воінам, якія загінулі пры вызваленні вёскі. Удзельнікі мастацкай сама­дзейнасці Какоўчынскай школы і мясцовага клуба падрыхтавалі да свята літаратурна-музычную кампазіцыю.

 У в.Літусава на мітынгу, які арганізавала мясцовая школа, выступілі старшыня ААТ «Літусава» Міхаіл Каўрыжэнка і старэйшына вёскі Брані­слаў Румо.

 Удзельнікі святочнай урачыстасці ўсклалі вянкі і гірлянды да брацкай магілы. У  Ро­шчыне пахаваны радавы Сцяпан Прохаравіч Патрасаў. А­дзі­наццаць гадоў салдат лічыўся невядомым. Калі было ўстаноўлена прозвішча пахаванага, на магілу прыязджала яго дачка, расказала дырэктар Літусаўскай школы Людміла Мірановіч. 

 Таццяна Буракова.

Урокі гісторыі ў музейнай зале

У перадсвяточныя дні вучні 5 і 7 класаў школ г.Сянно заўважылі ў сваім вучэбным раскладзе незвычайны ўрок гісторыі. Месцам яго правядзення стаў раённы гісторыка-краязнаўчы музей, а настаўнікамі выступілі супрацоўнікі ўстановы — Браніслава Жалтабрухава і Іва Шубко.

«Подзвігу — вечная слава», «О воинской доблести, славе и чести» — назва музейных урокаў, галоўнай тэмай якіх стала  Вялікая Айчынная вайна. Праявіць свае веды школьнікам давялося ў своеасаблівым інтэлектуальным турніры. Пытанні былі самых розных напрамкаў: асноўныя даты, імёны Герояў Савецкага Саюза, ваенныя тэрміны, адметныя падзеі. Пераважная большасць з іх тычылася непасрэдна Сенненшчыны.  Ацэньвала эрудыцыю і кемлівасць юных знатакоў журы на чале з вядомым краязнаўцам Васілём Бандарэвічам

 Выдатна праявілі сябе сямі­класнікі з першай сенненскай школы. Нягледзячы на тое, што ў 7 класе гісторыя Вялікай Айчыннай вайны яшчэ не вывучаецца, яны прадэманстравалі нядрэннае веданне — усё гэта дзякуючы заняткам у гісторыка-краязнаўчым гуртку, кіруе якім  Людміла Хадыка.

 Незалежна ад таго, каму дасталася перамога ў гульні, пераможцамі сталі ўсе — і ўдзельнікі і гледачы. Бо змаглі больш даведацца пра вайну, падзеі, якія адбыва­ліся ў гэты час на тэрыторыі Сеннен­шчыны, пра подзвігі Герояў, у гонар якіх названы вуліцы Сянна.

 Пасля гульні настаўнікі і вучні ўсклалі кветкі да помніку загінуўшым салдатам у цэнтральным парку.    

На здымку: пераможцы інтэлектуальнай гульні — сямікласнікі СШ №1 г.Сянно.