Іх «золата» — дзеці

 S8300246Не так даўно Васіль Фёдаравіч і Раіса Міхайлаўна Александровы, жыхары Багушэўска, адзначылі сямейны юбілей — 50 гадоў сумеснага жыцця. «Залатое» вяселле Александровых  стала для мястэчка грамадскай падзеяй — у сям’і вырасла дзесяць дзяцей. Усе яны атрымалі вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю, паспяхова працуюць у розных сферах народнай гаспадаркі, стварылі ўласныя сем’і. У выніку, Васіль Фёдаравіч і Раіса Міхайлаўна маюць 17 унукаў і  праўнучку.

Сабрацца разам у бацькоўскай хаце вялікай сям’і ўдаецца не часта. Хіба што на Новы год, які Александровы з дзяцінства лічаць галоўным сямейным святам, ды на дні нараджэння бацькоў. На 18 ліпеня 2013 года таксама не забыліся: з Багушэўска і Сянна, Віцебска і Мінска сабраліся яны пад дах бацькоўскай хаты. Кожны са сваім блюдам, такім смачным ад паўнаты і шчырасці пачуццяў да бацькоў, з падарункамі, якія прыйшліся дарэчы, бо выбіраліся з веданнем, чаго не хапае родным людзям. На ўсіх заказалі вялізны торт. Каб хапіла на ўсю сям’ю.
У той дзень юбіляры прымалі віншаванні ўвесь дзень: ад сяброў, суседзяў. Павіншаваць прыйшла Любоў Трубека, старшыня пасялковага выканаўчага камітэта. Гучалі песні, вершы, тосты з пажаданнямі здароўя, даўгалецця. Не было канца ўспамінам. Ажывіць іх дапамаглі тоўстыя сямейныя фотаальбомы.

Паехала ў зарабаткі, вярнулася з мужам
У пачатку 60-х гадоў дваццатага стагоддзя вяскоўцам на Віцебшчыне жылося нялёгка. Бедныя глебы, адсутнасць мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін не спрыялі вытворчасці сельгаспрадукцыі і росту дабрабыту насельніцтва. У пошуках лепшай долі нашы самыя актыўныя землякі нярэдка выпраўляліся ў суседнія рэгіёны краіны, пераважна на поўдзень, дзе больш сонца і хлеба. Так ва ўкраінскім сяле аказалася  і маладая дзяўчына з вёскі Літусава. Рая прыехала на зарабаткі з сяброўкамі. Але малады заатэхнік Васіль Александроў вылучыў яе: сімпатычная, яснавокая, сціплая дзяўчына адразу запала ў сэрца парубка. А праз некаторы час закаханыя ўзялі шлюб. Ёй было 18, яму — 22.
Сямейнае жыццё вырашылі абуладкаваць у Беларусі, на радзіме жонкі ў Сенненскім раёне. Спецыялістаў сельскай гаспадаркі не хапала, і іх прынялі з задавальненнем. Праўда, на адным месцы доўга працаваць не выпадала. У выніку Александровы добра ведаюць Сенненшчыну. Галаве сям’і давялося папрацаваць у якасці спецыяліста, кіраўніка ў многіх гаспадарках раёна: Канстантова, Полымя, Азярэцк — гэта далёка не поўны пералік населеных пунктаў, дзе нараджаліся і гадаваліся іх дзеці. Перад выхадам на пенсію Васіль Александроў узначальваў раённую сельгасхімію, якая тады базіравалася ў Багушэўску.

Паміж сям’ёй і працай
Праца не дазваляла яму шмат часу праводзіць з сям’ёй. Але, калі хто хацеў знайсці сялібу кіраўніка, у якасці прыкметы аднавяскоўцы прапаноўвалі шукаць двор, у якім пасля мыцця сушыцца шмат дзіцячага адзення. А ўбачыўшы дзесяць дзяцей, госці, як правіла, не хавалі свайго здзіўлення, а часам і непаразумення — дзяржава ў тыя часы сваю падтрымку шматдзетным сем’ям выказвала толькі ў выглядзе ордэна Маці-гераіні. Александровы на гэта не звярталі ніякай увагі — усе іх дзеці былі аднолькава жаданымі, плодам любві. Гэта сёння Раіса Міхайлаўна не хавае — было не проста, асабліва ў матэрыяльным плане. Сям’я харчавалася пераважна з уласнага агарода: «Міска варанай бульбы, міска цыбулі, запраўленай алеем — летняе меню. Зімой, зноў бульба з гароднінай, але ўжо салёнай ці квашанай», — успамінае яна.

Галоўны выхавацель дзяцей
Усе дзеці Александровых добра вучыліся ў школе, з ранняга дзяцінства прывучаліся да працы: даглядалі адзін аднаго, хатнюю жывёлу, працавалі ў калгасе. Іх выхаваннем займалася пераважна маці. «Па танцах маім дзецям хадзіць не выпадала. Калі ішлі, ведалі, што ў вызначаны час трэба вярнуцца. Інакш, маці магла з дубцом і  ў клуб прыйсці», — успамінае Раіса Міхайлаўна. За паказной строгасцю хавалася вялікая любоў да сваіх крывіначак, імкненне дапамагчы ім рэалізаваць свой патэнцыял. Дзяўчаты з дзяцінства вучыліся шыць і вышываць, палоць агарод і даглядаць жывёлу; хлопцы ўмелі рабіць усю мужчынскую працу. А ў вольны ад гэтага час любілі спяваць, іграць на розных музычных інструментах. Многія з іх да гэтага часу захоўваюцца ў бацькоўскай хаце.
Быў перыяд, калі чацвёра дзяцей Васіля Фёдаравіча і Раісы Міхайлаўны адначасова вучыліся ў розных навучальных установах. Каб падтрымаць дзяцей, сям’я апрацоўвала чатыры гектары зямлі, трымала чатыры каровы, свіней, іншую жыўнасць. Самая малодшая з дачок, Людміла, якраз паступіла на філфак Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А інтэрната — няма, зняць кватэру — сям’і не па кішэні. Раіса Міхайлаўна выправілася да дэкана. «Прыняў мяне, выслухаў і дапамог. Але памятаю яго не толькі за спагаду і разуменне. Мы гутарылі з ім па-беларуску», — не хавае яна свайго захаплення.
А вось як вызначае сваю нацыянальнасць Васіль Александроў: «Мая мама — украінка, бацька — рускі, а я — беларус». З 1963 года жыве Васіль Фёдаравіч у Беларусі. Тут сфарміраваўся як кіраўнік, многаму навучыўся ў тутэйшых людзей. Усяго было ў кар’еры, але ніколі не здрадзіў сабе, працаваў шчыра, сумленна. Такой жа працы патрабаваў ад іншых.
«З дзецьмі мне не было калі займацца. Затое яны бачылі мае адносіны да працы, успрымалі іх. Я і на пенсіі прачынаюся ў чатыры гадзіны раніцы па ранейшай звычцы», — кажа ён.

За дзяцей не сорамна
Разважаючы аб сённяшніх сямейных і грамадскіх каштоўнасцях, Васіль Фёдаравіч лічыць правільнымі намаганні дзяржавы, якая стымулюе нараджальнасць. «Вялікая сям’я — гэта добра з якога боку не глянь. Дзеці са шматдзетных сямей вырастаюць больш падрыхтаванымі да жыцця, змалку вучацца дзяліцца з іншымі, адказнасці за даручаную справу. Дрэнна, што ў сучасных сем’ях, нават вясковых, не трымаюць хатнюю гаспадарку. Як чалавек будзе працаваць на грамадскай ферме, на зямлі, калі не прывык рабіць гэтага на ўласным падворку?» — здзіўляецца ён.
З мужам салідарна Раіса Міхайлаўна: «Я люблю сваіх унукаў. Але мне цяжка з імі, бо не магу зразумець, як можна суткамі сядзець каля тэлевізара, за камп’ютарам, — разважае яна. — Гэтага не хачу, гэта не смачна. Калі б працавалі, усё б смачна было». Не, свае погляды на жыццё дзецям, а тым больш унукам, Александровы- старэйшыя не навязваюць. Разумеюць, іншы час, іншыя падыходы. Ды і каго вучыць? І ў дзяцей, і ва ўнукаў, многія з якіх дзякаваць Богу ўжо вывучыліся, працуюць, усё добра складваецца — ні за аднаго не сорамна перад людзьмі. Для бацькоў гэта ці не самая важная ацэнка.
А жыццё працягваецца. У Васіля Фёдаравіча і Раісы Міхайлаўны, якія даўно на пенсіі, утульны дом, які летам клопатамі гаспадыні патанае ў кветках. Дарэчы, ёй хапае часу і сіл і на грамадскія справы. Раіса Александрова — актыўны ўдзельнік фальклорнай групы Багушэўскага ДК «Медуніца». У Васіля Фёдаравіча горш са здароўем. Але і ён з аптымізмам глядзіць у будучыню. Упэўнены, у старасці ёсць на каго абаперціся.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
 НА ЗДЫМКАХ: юбіляраў Александровых з залатым вяселлем віншуе Любоў Трубека.