Неабходна прывіваць новую психалогію — псіхалогію павагі да закону

pr123  Праваахоўная сістэма Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў стане рэфармавання. Органы ўнутраных спраў, у прыватнасці, больш не займаюцца следствам. Затое з’явіліся новыя службы пад юрысдыкцыяй Міністэрства юстыцыі: Следчы камітэт, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Як гэтыя змены адбіліся на стане законнасці, на падтрыманні правапарадку на Сенненшчыне мы гутарым з пракурорам раёна Уладзімірам Рудзянковым.

 — Уладзімір Васільевіч, змены закранулі і пракуратуру раёна. У яе штаце таксама не стала следчага. А ў іншых аспектах дзейнасці пракуратуры змены адбыліся? Скажам, пракурор можа распачаць следчую справу супраць асобы?
— Так. Хаця найчасцей гэта з’яўляецца прэрэгатывай кіраўніка аддзела Следчага камітэта. Што датычыцца іншых функцый пракуратуры, то яны, фактычна, не змяніліся. Аднак акцэнты расстаўлены крыху інакш. Галоўнае для пракуратуры — каардынацыя дзейнасці праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў у барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, прыцягненне да гэтай работы грамадства, каб абараніць законныя правы людзей, дзяржаўныя і грамадскія інтарэсы.
 — Займацца каардынацыяй дзеянняў немагчыма без аналізу. Па выніках першага паўгоддзя да якіх вывадаў прыйшла пракуратура раёна? Якія тэндэнцыі адзначыла?
— І летась, і ў першай палове 2013 года наглядаецца зніжэнне колькасці злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх. За паўгода зарэгістравана 111 злачынстваў, што на 42, ці на 27,5 % менш чым за такі ж перыяд мінулага года…
 — Прабачце, пераб’ю вас. Мяне асабіста названыя лічбы не ўражваюць — колькасць насельніцтва змяншаецца, злачынствы рабіць няма каму…
— Узровень злачыннасці зменшыўся і ў разліку на 10 тысяч насельніцтва, зараз ён складае 46,6 пры паказчыку 63,2 летась. Змяншаецца колькасць злачынстваў, што рэгіструюцца па лініі крымінальнага вышуку.
 — Стварэнне Следчага камітэта, як сведчыла летась статыстыка, спрыяла выкрыццю злачынстваў. Сёлета, калі меркаваць па рабоце Сенненскага РАСК, станоўчая дынаміка захавалася?
— Па лініі крымінальнага вышуку раскрывальнасць злачынстваў у першым паўгоддзі склала, па выяўленні падазраванага, 65,8 %, што на 4,5 % вышэй узроўню мінулага года. Па завершаных крымінальных справах раскрывальнасць павялічылася на 3,7 % і склала 67,4 %.
 — Уладзімір Васільевіч, злачынстваў, у тым ліку цяжкіх, стала менш. Але яны ёсць. Раскажыце пра найбольш рэзанансныя.
— У канцы красавіка ў вёсцы Масяйкі бацька і сын, якія жылі ў Віцебску, нідзе не працавалі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, забілі мясцовага жыхара, нанёсшы яму каля 30 удараў нагамі, рукамі, драўлянай палкай. Труп схавалі пад падлогу, акрываўленае палена паклалі ў печ. Не лепш характарызаваўся і забіты: не працаваў, неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы, катаванне сужыцелькі, знаходзіўся на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Пракуратура зрабіла вывад — ні з забойцамі, ні з пацярпелым, пры тым, што іх лад жыцця быў агульнавядомым, адпаведныя службы не працавалі. І гэта хвалюе.
 — Што яшчэ хвалюе вас як чалавека, як службовую асобу?
— Расце колькасць крадзяжоў з магазінаў. Калі ў 2011 годзе гэты від злачынства ў раёне не рэгістраваўся, то ў 2012 годзе было здзейснена два крадзяжы з магазінаў, у першым паўгоддзі 2013 года — тры. Крадзеж ноўтбука з магазіна «Будаўнік» райспажыўтаварыства, здзейснены шляхам свабоднага доступу, застаецца не раскрытым да гэтага часу. Ліквідаваны далёка не ўсе ўмовы, якія спрыялі злачынству. У прыватнасці, у магазіне так і не ўстаноўлена відэаназіранне.
 — Відэаназірання няма, нават, у больш буйных гандлёвых кропках райспажыўтаварыства…
— Няма і ў месцах масавага знаходжання людзей. Напрыклад, у барах. Відэаназіранне трэба ўстанаўліваць у РДК, месцах правядзення дыскатэк. Яго адсутнасць правацыруе злачыннасць, не дазваляе выяўляць злачынцаў. У выніку Сянно стала ледзь не самым крымінальным населеным пунктам раёна.
 — Беспакаранасць непазбежна выклікае новае злачынства — гэта закон. Таму не магу не пацікавіцца, ці вялікая доля ў агульнай колькасці злачынстваў належыць рэцыдыўнай злачыннасці?
— У першым паўгоддзі 2013 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам адбылося зніжэнне: з 66 да 37 злачынстваў, здзейсненых асобамі, якія мелі судзімасць. Іх удзельная вага ў агульнай колькасці крымінальных злачынстваў складае 37,8 % (па вобласці — 45,2 %). Менш стала злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення.
 — А як наконт злачынстваў з удзелам непаўналетніх?
— У першым паўгоддзі рост падлеткавай злачыннасці не наглядаўся. Як і летась, непаўналетнія здзейснілі чатыры злачынствы, што складае 4,1 % ад агульнай колькасці злачынстваў пры сярэднеабласным паказчыку 3,7 %. Так што, працаваць у гэтым накірунку ёсць над чым. Інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама праводзяць значную работу па папярэджанні падлеткавай злачыннасці. Разам з тым, пракурорскія праверкі засведчылі — названыя суб’екты прафілактыкі не заўсёды ў поўнай ступені выкарыстоўваюць свае паўнамоцтвы. Прафілактычныя ўздзеянні на непаўналетніх не заўсёды прыносяць эфект, не хапае індывідуальнай работы з вучнямі, якія маюць схільнасць да асацыяльных паводзін.
 — Уладзімір Васільевіч, у нашай краіне надаецца значная ўвага абароне дзяцей, у тым ліку тых, якія жывуць у сем’ях, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем, не выконваюць свае абавязкі. Як у раёне рэалізуецца Дэкрэт Прэзідэнта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях»?
— На жаль, да гэтага часу абавязаныя асобы не ў поўнай меры кампенсуюць затраты, панесеныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, агульная запазычанасць па раёне на 1 ліпеня бягучага года складала 2267027,9 тыс. рублёў. Па-ранейшаму ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу раёна маюць месца выпадкі, калі грошы на ўтрыманне дзяцей вылічваюцца з зарплаты абавязаных асоб, але на рахунак устаноў-спагнальнікаў не пералічваюцца.
 — На старонках нашага выдання работнікі пракуратуры выступаюць даволі часта. У прыватнасці, сёлета аналізаваліся такія аспекты праваахоўнай практыкі як экалагічнае заканадаўства, антыкарупцыйная дзейнасць. Вяртацца да азначаных тэм у нашай размове, мне здаецца, сэнсу няма. Скажыце, з якімі праблемамі ў пракуратуру звяртаецца насельніцтва? Як у раёне выконваецца заканадаўства, што рэгламентуе парадак разгляду зваротаў грамадзян?
— У першым паўгоддзі 2013 года пракуратурай раёна праведзены праверкі выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян у Багушэўскім пасялковым, Багушэўскім і Беліцкім сельвыканкамах — парушэнняў не выяўлена. Праводзіўся таксама маніторынг работы са зваротамі грамадзян на асобных прадпрыемствах. Па выніках маніторынга і праверак унесена тры прадстаўленні і тры прадпісанні. Пракурорам раёна за парушэнні ў вядзенні кнігі заўваг і прапаноў у адносіне да старшыні прафсаюзнай арганізацыі Сенненскай ПМК-64 складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе арт. 9.24 КаАП. Адміністрацыйнай камісіяй пры Сенненскім райвыканкаме прызначана яму пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 4 базавых велічынь. Акрамя таго, па патрабаванні пракурора раёна да дысцыплінарнай адказнасці за парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб прыцягнута 6 пасадавых асоб, у тым ліку два дзяржаўных служачых райвыканкама.
За аналізуемы перыяд у пракуратуру раёна паступіла 34 звароты грамадзян і 10 зваротаў суб’ектаў гаспадарання, што прыкметна менш, чым за першае паўгоддзе мінулага года.
У цэлым  дзейнасць мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў арганізацый і ўстаноў па выкананні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб можна лічыць здавальняючай. Меры па ўхіленні прычын і ўмоў, што садзейнічаюць парушэнню правоў і законных інтарэсаў, прымаюцца своечасова.
 — 2013 год у Беларусі аб’яўлены Годам беражлівасці. Як у раёне выконваецца Дырэктыва Прэзідэнта № 3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы»?
— Пасля сумесна праведзеных з Сенненскім РАУС і Сенненскім РАНС рэйдавых мерапрыемстваў у лютым 2013 года парушэнні заканадаўства аб захаванасці ўласнасці ўстаноўлены ў 8 сельгасарганізацыях раёна. Кіраўнікам 4 прадпрыемстваў АПК пракуратурай раёна ўнесены прадстаўленні. Найбольшая колькасць парушэнняў была выяўлена ў саўгасе імя Машэрава. Аднак у час праведзенага ў маі абследавання тэрыторыі ўстаноўлена, што выяўленыя раней парушэнні ўхілены.
У раёне, у адпаведнасці з указаннем пракурора вобласці, пракуратурай раёна створаны рабочыя групы, у якія ўключаны прадстаўнікі райвыканкама, РАУС і РАНС, РЦГЭ, РУП ЖКГ. Яны займаюцца вывучэннем пытанняў забеспячэння захаванасці ўласнасці, рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, пажарнай бяспекі. Іх работа актывізуецца ў перыяды масавых палявых работ, асаблівая ўвага надаецца аб’ектам АПК, ЖКГ, гандлю.
 —  Падсумоўваючы нашу размову, на вашу думку, якія меры трэба прадпрыняць, каб законнасць і парадак у раёне знаходзіліся на належным узроўні?
— У аграпрамысловым комплексе раёна трэба прыняць самыя жорсткія меры і навесці парадак у бухгалтарскім уліку і дакументаабароце. Пакуль што яны  служаць на руку нядобрасумленным асобам, сілкуюць карупцыю. Варта абнавіць пасадавыя інструкцыі з абавязковым ускладаннем абавязкаў і адказнасці па захаванасці ўласнасці на спецыялістаў і кіраўнікоў вытворчых падраздзяленняў. Шырэй трэба прыцягваць вінаватых асоб да матэрыяльнай адказнасці, звяртацца ў суд з іскамі аб кампенсацыі нанесенага ўрону.
Варта зрабіць больш жорсткай адміністрацыйную практыку РАУС па прыцягненні грамадзян да адказнасці за распіццё спіртных напояў, з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. Кантроль за захаваннем правілаў аховы працы, пажарнай бяспекі павінен здзяйсняцца штодзённа. Ёсць над чым працаваць кіраўніцтву Сенненскага райспажыўтаварыства. Неабходны кардынальныя меры па папярэджанні крадзяжоў уласнасці. Умацоўваць трэба не толькі матэрыяльна-тэхнічную базу. З работнікамі варта праводзіць растлумачальную работу, прывіваць, калі хочаце, іншую псіхалогію. Псіхалогію павагі да ўласнасці, закону. Ды і ўвогуле прафілактычнай рабоце трэба надаваць больш увагі, асабліва сярод непаўналетніх асоб. Работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі павінна весціся больш скаардынавана.

Гутарыў
Аляксандр ЛАЗЮК.