Пад ветразем ведаў і надзей

IMG_9849_Працоўная дзейнасць для пятнаццаці маладых педагогаў раёна, якія сёлета прыехалі на працу пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў у Сенненскі раён,  пачалася з цёплай сяброўскай сустрэчы, арганізаванай у СШ № 1 г. Сянно. Да ўдзелу ў ёй запрасілі таксама прадстаўнікоў раённай  улады, аддзела адукацыі райвыканкама, вопытных педагогаў і спецыялістаў іншых сфер дзейнасці.

З прывітальным словам перад сціплымі маладымі настаўнікамі выступіла намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, якая расказала ім пра Сенненскі раён, яго асаблівасці, надзённыя праблемы. Не сакрэт, што асноўнай з іх з’яўляецца дэмаграфічная. Жыхароў, асабліва ў сельскіх населеных пунктах, з кожным годам становіцца ўсё менш, што прыводзіць да закрыцця школ. Як здарылася сёлета з Канстантоўскай школай. Змянілі статус сярэдняй на базавую Ульянавіцкая і Нямойтаўская школы. «Адстаяла» раённая ўлада існаванне Алексініцкай ДССШ.
— Нашых педагогаў вельмі цэняць не толькі на Сенненшчыне, — паведаміла Зоя Сцяпанаўна. — Сістэма адукацыі Сенненскага раёна ўваходзіць у пяцёрку лепшых у вобласці. Педагогі атрымліваюць адзнакі выдатніка, іх партрэты, імёны змяшчаюць на дошках гонару, іх вучні штогод займаюць прызавыя месцы на алімпіядах і ў разнастайных конкурсах.  Асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню ўстаноў адукацыі.
Прыгадала Зоя Сцяпанаўна і свой  вопыт работы ў школе і запэўніла, што раённая ўлада заўсёды рабіла стаўку на моладзь: «Я заўсёды казала, што ў нас моладзь самая лепшая».  IMG_9842_
Заклікала да супрацоўніцтва Марына Наваковіч, выконваючая абавязкі першага сакратара раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ». Грамадская арганізацыя — гэта своеасаблівая «хуткая» для маладых спецыялістаў. Яна дапамагае вырашаць розныя праблемы, праяўляць свае таленты ў раённых мерапрыемствах. А з 1 верасня плануецца актывізаваць работу «Клуба маладога спецыяліста».
— Мы вельмі рады, што раённая сістэма адукацыі папоўнілася маладымі педагогамі. У гэтым годзе мы фактычна закрылі ўсе педагагічныя вакансіі, — далучылася да размовы Людміла Аніськовіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — Працоўнае жыццё маладых педагогаў Сенненшчыны будзе вельмі цікавым і плённым. Плануецца праводзіць заняткі ў «Школе маладых настаўнікаў», маладыя спецыялісты-педагогі будуць наведваць метадычныя аб’яднанні, педагагічныя майстэрні.
Пра сацыяльнае партнёрства, накірункі дзейнасці РК расказала маладым спецыялістам старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі працаўнікоў адукацыі і навукі Алена Дзергачова. Фінансавы бок нашага жыцця, прывілеі і крэдыты, якія існуюць для маладых спецыялістаў, раскрыла Таццяна Скапа, галоўны спецыяліст службы крэдытавання насельніцтва філіяла №218 ААТ «ААБ Беларусбанк». Пра юрыдычныя аспекты ў працоўнай дзейнасці расказала Вольга Прыстаўка, юрысконсульт аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
«Педагог — гэта не прафесія. Гэта лад жыцця,» — працягнула размову  настаўніца абслугоўваючай працы СШ № 2 г. Сянно Вольга Шыдлоўская, партрэт якой сёлета змешчаны на раённай Дошцы гонару.
— Не бойцеся нічога, — заклікала вопытны педагог. — Аддаючы дзецям свае веды і любоў, вы ўзамен атрымаеце на шмат болей. Будзьце з вучнямі нефальшывымі, усміхайцеся ім, не ўсаджвайцеся за настаўніцкі стол, як на трон! Урок — гэта частка жыцця вучняў, ён не павінен быць скаваным. Калі не ведаеце, які бал паставіць, выберыце вышэйшы — паверце ў вучня, дайце яму надзею…
Сваімі ўражаннямі ад першага года працы не маглі не падзяліцца Юлія Саўлевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алексініцкай ДССШ, і Анастасія Мірашэўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Беліцкай ДССШ.
Як казаў Антон Сямёнавіч Макаранка, выбітны савецкі педагог: «Выхоўвае ўсё: людзі, рэчы, з’явы, але першым чынам і даўжэй усяго — людзі. А з іх на першым месцы — бацькі і педагогі!»  Маладым настаўнікам трэба яшчэ прайсці свой  шлях, каб стаць сапраўднымі прафесіяналамі, знайсці падыход да дзяцей,  убачыць падзячны бляск у вачах вучняў, каб зразумець, што справа педагога прыносіць карысць, што гэта прызначэнне жыцця.IMG_9844_
Кожны малады настаўнік мог расказаць пра першыя ўражанні аб школе і калектыве, падзяліцца бытавымі праблемамі. Толькі восем з іх — ураджэнцы Сенненшчыны, астатнія — прыехалі з Дуброўна, Оршы, іншых населеных пунктаў вобласці.
Спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падрыхтавалі  маладым педагогам дыскі, якія былі ўручаны напрыканцы сустрэчы. На дысках змешчана нарматыўная база, што спатрэбіцца на першым этапе іх педагагічнай дзейнасці.
Завяршылася сустрэча экскурсіяй па СШ №1 г.Сянно.

Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота
Андрэя МУРАШЭВІЧА.