ВІЧ: ЗАСЦЕРАГЧЫСЯ НА РАБОЧЫМ МЕСЦЫ

У малой зале райвыканкама прайшоў семінар, прысвечаны прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі на рабочых месцах. У ім прынялі ўдзел адказныя за работу па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі ў арганізацыях і на прад­прыемствах горада.

Адкрыла мерапрыемства і азнаёміла яго ўдзельнікаў з мэтамі і задачамі семінара намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Яна адзначыла, што лякарства ад страшнай хваробы яшчэ не знойдзена, таму галоўным сродкам барацьбы з ёй з’яўляецца прафілактыка.

З эпідэміялагічнай сітуацыяй па ВІЧ-інфекцыі ў рэспубліцы, вобласці і раёне ўдзельнікаў семінара пазнаёміла галоўны ўрач ДУ «Сенненскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Кацярына Свістун. У прыватнасці, увага прысутных была засяроджана на Дзяржаўнай праграме прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, адной з задач якой з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для забеспячэння доступу насельніцтва да паслуг па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. У рамках рэалізацыі Праграмы прадугледжана інфармацыйна-асветніцкая работа па гэтым пытанні, у тым ліку і на рабочых месцах. Такія мерапрыемствы аказваюць важкі ўплыў перш за ўсё на фарміраванне паводзін у бок зніжэння рызыкі інфіцыравання, талерантных адносін да інфіцыраваных.

Падрабязна выступаючая спынілася на эфектыўнасці работы арганізацый, служб і ведамстваў, якая праводзіцца ў рамках Праграмы на тэрыторыі раёна,і накіравана на абмежаванне распаўсюджання ВІЧ-інфекцыі.

У мэтах выканання Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011-2015 гады і каардынацыі дзейнасці арганізацый раёна створаны і функцыяніруе раённы міжведамасны каардынацыйны савет па пра­філактыцы ВІЧ-інфекцыі і венерычных захворванняў, адзначыла галоўны ўрач РЦГЭ. Каардынацыйную дзейнасць ажыццяўляюць аддзелы адукацыі, культуры, па справах моладзі, фізкультуры, спорту і турызму, ідэалагічнай работы райвыканкама, РАУС, УЗ «Сенненская ЦРБ», ДУ «Сенненскі РЦГЭ», РК ГА «БРСМ», раённая арганізацыя ГА «Беларускі Чырвоны Крыж», Сенненскае УП ЖКГ, рэдакцыя газеты «Голас Сенненшчыны».

У раёне зацверджаны план мерапрыемстваў на 2011-2015 гады па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, вя­дзецца работа па ажыццяўленні плана мерапрыемстваў у рамках Сусветнай кампаніі супраць СНІД і Сусветнага дня прафілактыкі СНІД. Наладжана ўзаема­дзеянне па пытаннях праблемы ВІЧ/СНІД аддзелаў райвыканкама і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Арганізацыйна-асветніцкая работа па гэтай праблеме сярод вучняў арганізуецца праз вучэбную і выхаваўчую дзейнасць. Праводзіцца работа па выяўленні і абследванні неблаганадзейных сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Па выніках абследванняў прымаюцца канкрэтныя меры па аказанні дапамогі гэтым сем’ям. Ва ўстановах раёна арганізуюцца сустрэчы са спецыялістамі аховы здароўя, з іх удзе­лам праводзяцца лекторыі, сустрэчы за круглым сталом.

Аддзелам ідэалагічнай работы распрацаваны графік выступленняў у сродках масавай інфармацыі зацікаўленых служб па пытаннях прафілактыкі п’янства, алкагалізма, наркаманіі, прапагандзе здаровага ладу жыцця, у тым ліку па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, падкрэсліла ў сваім выступленні Кацярына Свістун.

У ходзе маніторынга дзейнасці немедыцынскіх структур па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі на рабочым месцы правераны Багушэўскі спірт­завод, вытворчы цэх «Сенненскі», УП ЖКГ, Беліцкі, Багданаўскі, Какоўчынскі, Багушэўскі сельскія Саветы і Багушэўскі пасялковы Савет. Добра аформлены інфармацыйныя стэнды і пытанне прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі ўнесена ў план работы толькі ў Багушэўскім пасялковым Савеце. У астатніх быў толькі раздатачны інфармацыйны матэрыял РЦГЭ, зазначыла выступаючая.

Рэгулярна тэматычныя мерапрыемствы плануюцца і праводзяцца работнікамі школ, садоў, бібліятэк.

Сенненскі РЦГЭ растыражыраваў і распаўсюдзіў у месцах правядзення мера­прыемстваў, масавага збору людзей, на транспарце, ва ўстановах адукацыі, лячэбна-прафілактычных арганізацыях сем найменняў інфармацыйна-асветніцкіх матэрыялаў па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі агульным тыражом 600 экзэмпляраў. У мі­нулым го­дзе 18 арганізацыям су­­працоўнікі цэнтра раздалі кні­гі «Прафілактыка ВІЧ-ін­фекцыі на рабочым мес­­цы», вы­­да­дзе­ных з удзелам Мі­­ніс­тэрства аховы здароўя, адзначыла Кацярына Свіс­тун у за­кан­чэнні свайго выступлення.

Памочнік ура­ча-эпі­дэ­міё­лага ДУ «Сенненскі РЦГЭ» Жанна Гаравая азнаёміла прысутных з арганізацыяй работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі на рабочым месцы ў немедыцынскіх службах і ведамствах.

Аб арганізацыі работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі на рабочым месцы расказаў начальнік аддзела фіз­культуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гар­дзецкі. Вопыт работы ў гэтым напрамку агучылі і прадстаўнікі шэрагу іншых арганізацый.

Сваімі думкамі з удзельнікамі семінара падзяліўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца, які адзначыў, што хаця ВІЧ-інфіцыраваных у нашым раёне не шмат (5 выпадкаў), супакойвацца не варта, бо ў суседнім Талочынскім раёне сітуацыя ў плане распаўсюджвання інфекцыі неспрыяльная, і гэта не дае падстаў для няўвагі да такога сур’ёзнага пытання.

У канцы работы семінара яго вынікі падвяла намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.

Таццяна Буракова.

На здымках: з інфармацыяй выступае галоўны ўрач ДУ «Сенненскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Кацярына Свістун.

Фота аўтара.