Бывай школа. Сустракай дарослае жыццё

30 мая ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прагучалі школьныя званкі, якія нагадалі пра заканчэнне чарговага навучальнага года. Для 211 выпускнікоў сярэдніх школ Сенненшчыны яны сталі той рысай, дзе пачынаецца новае жыццё. І ісці па ім давядзецца без бацькоўскай і настаўніцкай апекі. Затое з багажом ведаў, навыкаў, уменняў, атрыманых на ўроках і факультатывах, высокіх маральных, духоўных якасцяў, засвоеных у сям’і і школе. Настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі ўладных структур у апошні для выпускнікоў школьны дзень не шкадавалі цёплых слоў, аптымістычных пажаданняў.

Але галоўныя падзеі свята, якое пад назвай «Вясна на­дзей» праходзіла ў раёне ў 17-ы раз, для выпускнікоў сярэдніх школ 2013 года пачаліся ў райцэнтры, на цэнтральнай плошчы Сянна. Сюды юнакі і дзяўчаты разам з дырэктарамі школ і класнымі кіраўнікамі пад гукі духавога аркестра прыйшлі вясёлай, узбуджанай калонай. Іх сустракалі і віталі прадстаўнікі грамадскасці, бацькі, сябры, кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама. Віктар Цапота першым звярнуўся да юных землякоў, пажадаў знайсці кожнаму свой шлях, не забываць свае карані, зямлю, якая ўзгадавала, вырасціла, гатова кожнаму даць працу.

Многія выпускнікі сёлетняга года ўжо шмат зрабілі, каб дасягнуць пастаўленых мэт. Многіх у раёне ведаюць, як актывістаў грамадскіх арганізацый, спартсменаў, якія абаранялі гонар раёна і вобласці на спартыўных мерапрыемствах, таленавітых спевакоў, творцаў у іншых галінах. А на раённай лінейцы фестываля выпускнікоў «Вясна надзей» Віктар Цапота ўручыў Падзякі аддзела адукацыі за высокія дасягненні ў вучобе Анастасіі Драздовай, Яўгену Кандрацьеву, Анастасіі Камандышка, Марыі Шубка з СШ № 2 Сянна, Нікіце Лушчынскаму з Машканскай школы-сада, Яніне Рымар з Яноўскай школы-сада. Дарэчы, партрэт Яніны ў 2009 годзе за выдатную вучобу быў занесены на раённую Дошку гонару.

Са словамі настаўлення да выпускнікоў школ звярнуўся Мікалай Валачковіч, благачынны Сенненскай акругі, пратаіерэй, настаяцель праваслаўнай царквы ў гонар Свяціцеля Мікалая Чудатворцы. Ад імя бацькоў права звярнуцца да выпускнікоў школ раёна атрымала Вера Камандышка, ад імя настаўнікаў — Інэса Мацюшка, настаўніца біялогіі, класны кіраўнік 11 класа Багушэўскай сярэдняй школы № 1.

Падобныя мерапрыемствы не абыходзяцца без сімва­лічных дзействаў. Выпускнікі школ выпусцілі ў неба шары «спадзяванняў», запрасілі на свой вальс усіх прысутных, прайшлі праз уяўныя вароты ў дарослае жыццё. І накіраваліся ў РДК, дзе свята працягвалася. «Вясна на­дзей» запрасіла галоўных герояў свята на свой «карабель»…

Святкаванне працягвалася ўвечары на танцавальнай пляцоўцы, па ўсім горадзе і раёне.

Наш кар.