14 жніўня – Дзень будаўніка! Сенненскіх будаўнікоў ведаюць за межамі раёна.

УП “Сяннобудмеліявадгас”. Вынікі вытворчай дзейнасці за першае паўгоддзе

 Аб’ём падрадных работ у дзеючых цэнах выкананы ў параўнанні з 2010 годам на 95 % і склаў 4,072 млрд рублёў. Пабудавана 6 аднакватэрных жылых дамоў у Нямойце, 5 — у Літусаве для мясцовых сельгасарганізацый і 1 дом у вёсцы Самсоны, заказчыкам якога выступала СФГ «АграсервісПлюс». Вяліся будаўнічыя работы на іншых аб’ектах. У прыватнасці, праведзены бягучы рамонт будынка аптэкі, дапаможных памяшканняў РАУС, капітальна адрамантаваны дамы № 6 па вул. Заводскай і № 132 па вул. Кастрычніцкай райцэнтра, рэканструяваны РДК. Будаўнікі арганізацыі працавалі на іншых аб’ектах.

Шукаем і знаходзім

Сёлетні год пачаўся для будаўнічай арганізацыі даволі ў няпростых эканамічных умовах, абумоўленых скарачэннем аб’ёмаў будаўніцтва жылля на сяле. Планавалася, што за 2011 год для сельгасарганізацый раёна будзе пабудавана 29 дамоў. Рэальна прафінансавана будаўніцтва толькі 12. Пры гэтым з самага пачатку і амаль да завяршэння будаўніцтва весці работы давялося за кошт уласных сродкаў. Крэдытная лінія Белаграпрамбанкам была адкрыта толькі пасля здачы аб’ектаў у эксплуатацыю.

 Рос кошт будаўнічых матэрыялаў. Цэмент з пачатку года падаражаў на 39 %, шчэбень — на 25, а пенасцірольныя матэрыялы, металапракат — у некалькі разоў. Што, безумоўна, адбілася на сабекошце работ. На аб’ектах УП «Сяннобудмеліяводгас» ён павялічыўся на 105 % у параўнанні з 2010 годам. Выраслі затраты на будаўніцтва.

 У гэтых няпростых эканамічных умовах у арганізацыі працягваўся рост зарабатнай платы. Сярэдні заробак за чэрвень склаў 1 733 000 рублёў і вырас у параўнанні з мінулым годам на 114 %. Гэтым дасягненнем адміністрацыя прадпрыемства асабліва можа ганарыцца, бо кожны аб’ект даваўся  няпроста, як у плане іх пошукаў, так і фінансавання.

 — Той, хто знаходзіцца на будаўнічых рыштаваннях, павінен мець упэўненасць, што праца будзе не толькі сёння, але і заўтра, у аддаленай перспектыве, — такога прынцыпу ў сваёй рабоце прытрымліваецца Васіль Ступаневіч.  У поўнай меры здзейсніць яго на практыцы не ўдалося. На пачатак жніўня арганізацыя страціла ў параўнанні з пачаткам 2011 года  32 чалавекі. Сёння ў арганізацыі працуе толькі 160 чалавек.

 Зрэшты, асаблівых шкадаванняў аб пакінуўшых арганізацыю няма. Касцяк калектыву, патрыёты арганізацыі, якія гатовы пераадольваць з ёй часовыя цяжкасці, застаўся. Праблемы пакрысе губляюць вастрыню. Нягледзячы на праблемы, прадпрыемства спрацавала ўсё ж рэнтабельна — 2,7 %, што прынесла 110 млн рублёў прыбытку. Хацелася б, як мі­німум, мінулагодняга ўзроўню даходаў, калі мелі 18 % рэнтабельнасці і 693 млн прыбытку.

 — Давялося зменшыць свае апетыты па аднаўленню вытворчай базы, асноўных сродкаў вытворчасці, — не хавае Васіль Ступаневіч.  — З запланаваных набыткаў узялі ў лізінг толькі бетоназмяшальнік італьянскай вытворчасці. Шкадую, што не ўдалося набыць тынковачную станцыю. Гэта павялічыла б не толькі прадукцыйнасць працы, а і зменшыла б фізічную нагрузку на людзей. На жаль, ручной працы на будоўлі застаецца шмат.

Працуем, каб жыць. Жывем, каб працаваць!

Гэты выраз, які прыпісваюць Уінстану Чэрчалю, легендарнаму прэм’ер-міністру Англіі, узяты на ўзбраенне адміністрацыяй прадпрыемства. А таму пра людзей, іх умовы працы, жыцця на прадпрыемстве не забываюць ні на хвіліну. У першую чаргу звяртаецца ўвага на дакладнае выкананне правілаў, інструкцый, якія датычацца аховы працы, бяспекі на вытворчасці. Кожны работнік забяспечаны індывідуальнымі сродкамі аховы: спецадзеннем, каскамі. Пры прыёме на працу і штогод людзі праходзяць медыцынскі агляд. Праведзена атэстацыя рабочых месцаў. За работу ў шкодных для здароўя ўмовах выплачваецца кампенсацыя і надбаўкі. На працу, дамоў работнікі прадпрыемства дастаўляюцца на аўтобусах. Многія з іх жывуць у ведамасным інтэрнаце ці кватэрах.

 — Гэта таксама дадатковы груз на эканоміку прадпрыемства. У тым жа інтэрнаце пастаянна даводзіцца нешта рамантаваць. перыядычна звяртаюцца за дапамогай жыхары ведамасных кватэр — пераважна пенсіянеры. У дапамозе нікому не адмаўляем, — запэўнівае Васіль Ступаневіч пасля таго, як яго службовы кабінет пакінула жанчына-пенсіянерка. У яе кватэры спецыялісты УП «Сяннобудмеліяводгас» вядуць работы ўжо некалькі дзён.

 Кожны зварот людзей да адміністрацыі прадпрыемства фіксуецца. Загадам кіраўніка прызначана адказная за справаводства па зваротах грамадзян асоба, вядзецца спецыяльны журнал рэгістрацыі. На прадпрыемстве дзейнічаюць грамадскія фарміраванні, у тым ліку прафсаюзная арганізацыя, дабраахвотная дружына, камісія па садзейнічанні сям’і і школе, арганізацыя саюза жанчын.

 Прыкметна актывізавалася фізкультурна-масавае жыццё. З ліку членаў калектыву створана некалькі каманд, якія паспяхова выступаюць у розных спартыўных спаборніцтвах і турнірах, што праводзяцца ў раёне. З дапамогай сродкаў, выдаткаваных адміністрацыяй прадпрыемства і прафсаюзнай арганізацыяй, будаўнікі далучаюцца да «высокага» мастацтва. Сёлета, напрыклад, пабывалі на канцэртах, што праводзіліся ў рамках «Славянскага базара».

Усё лепшае наперадзе

УП «Сяннобудмеліяводгас» — гэта зладжаны калектыў прафесіяналаў, якому пад сілу многае. Пацверджаннем таму аб’екты, у тым ліку шматкватэрныя дамы, якія прадпрыемства будуе ці дапамагае будаваць за межамі раёна: у Бешанковічах, Віцебску. Выйграны тэндар на будаўніцтва сучаснай малочна-таварнай фермы для ПП «Дружбінец». Асноўныя работы будуць весціся з наступнага года. Але ўжо і зараз будаўнікі меліяводгаса працуюць у Галавачах.

 Больш жорсткімі становяцца патрабаванні да якасці будаўнічых работ. Надзённымі сталі эканомія будаўнічых матэрыялаў і фінансаў, павелічэнне тэрмінаў эксплуатацыі машын і механізмаў. На ўсе гэтыя змены будаўнікі УП «Сяннобудмеліяводгас» рэагуюць чуйна і адэкватна.

 — Чалавек толькі тады дабіваецца вынікаў, калі верыць у свае сілы, — любіць паўтараць Васіль Ступаневіч. І гэтую сваю ўпэўненасць імкнецца перадаць усім, хто працуе з ім побач.

Аляксанд\р ЛАЗЮК

НА ЗДЫМКАХ: на новай будаўнічай пляцоўцы ў Бешанковічах інжынер па ахове працы Віктар Гардзецкі, майстар Мікалай Марціновіч і прараб Рыгор Грытчанка; Сяргей Латышаў, брыгадзір брыгады муляраў; цясляр Алег Усціновіч на даху хлебазавода.