900, 1000 тон… Будзе больш!

Механізатар РУП «Дружбінец» Ігар Рукаль заўжды нацэлены на дасягненне самых высокіх паказчыкаў. Ён у ліку першых на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, жніве.

 Поспех прыходзіць не толькі дзякуючы працалюбству. Ігар дасканала ведае сельскагаспадарчую тэхніку, і не толькі айчынную. А таму эксплуатуе яе эфектыўна.

 Вось і на сёлетнім жніве старшы камбайнер Ігар Рукаль разам з камбайнерам Алегам Ждановічам, дарэчы, студэнтам Беларускага аграрна-тэхнічнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта, працуючы на зернеўборачным камбайне КЗС-1218, з першых дзён змагаўся за лідэрства. Доўгі час  механізатарам РУП «Дружбінец» дастойную канкурэнцыю стваралі калегі з ААТ «Сенненскі райаграсервіс» Сяргей Кухто і Іван Броўка. У выніку экіпаж з Нямойты першым у раёне намалаціў 900 тон збожжа. А ўжо праз некалькі дзён яму пакарыўся 1000-ны намалот. З высокім вынікам камбайнераў  павіншавалі старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка, начальнік райсельгасхарчу Генадзь Сабыніч, галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў АПК Галіна Сіпарава, згодна з умовамі  раённага спаборніцтва, уручылі лідэрам жніва дыплом і грашовую прэмію.

 На здымку:  экіпаж  зернеўборачнага камбайна КЗС-1218 РУП «Дружбінец» у складзе Ігара Рукаля і Алега Ждановіча прымае віншаванні з працоўнай перамогай.