“Альтэрнатыва”, якая не мае альтэрнатывы

У Віцебскай вобласці па ініцыятыве ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама праводзіцца акцыя “Альтэрнатыва”. Яна, у першую чаргу, мае на мэце  працаўладкаванне, аказанне дапамогі  лю­дзям, якія маюць судзімасці, правядзенне растлумачальнай работы сярод гэтай катэгорыі насельніцтва. Да ўдзелу ў акцыі прыцягнуты  як праваахоўныя структуры, так і органы ўлады, ведамствы, што нясуць адказнасць за сацыяльную абарону насельніцтва, грамадскія арганізацыі і фарміраванні.

 У Сянно, у актавай зале раённага аддзела ўнутраных спраў, прайшло пасяджэнне наглядальнай камісіі, якая працуе  пры райвыканкаме і створана згодна з  Указам Прэзідэнта. Узначальвае фарміраванне намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Сярод членаў камісіі — пракурор раёна Аляксей Курчанаў, начальнік  РАУС Міхаіл Архі­паў. На пасяджэнне камісіі былі запрошаны людзі, частка якіх нядаўна вярнулася з месцаў, дзе, па рашэнні суда адбывалі пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі, іншым прысуджаны грамадскія ці па­праў­чыя работы, абмежаванне волі, яны маюць  адтэрміноўку пакарання, умоўнае непрымяненне пакарання. Гэты пералік пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй асуджаных  ад грамадства, можна працягваць. Сутнасць  такіх мер у тым, што  людзям, якія  парушылі закон, да­дзе­ны шанц выправіць памылку. Усе яны знаходзяцца на ўліку крымінальна-выпраўленчай інспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў.

Інфармацыя для разважання. За няпоўны 2010 год па ўліках інспекцыі прайшло 325 асуджаных. На ўлік пастаўлена 167 чалавек, знята – 100.

 Большасць людзей, якія некалі парушылі закон, усё ж маюць пастаяннае месца працы, стабільныя заробкі. Створаная ў краіне сістэма сацыяльнай падтрымкі дае магчымасць, у тым ліку ім, працаўладкавацца па спецыяльнасці. Пры неабходнасці  можна прайсці прафесійную перападрыхтоўку. Пра гэта на пасяджэнні наглядальнай камісіі падрабязна гаварыў Аляксандр Мацуганаў, выконваючы абавязкі начальніка аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Гатовы працягнуць руку дапамогі работнікіміліцыі, пракуратуры. І не толькі  пры працаўладкаванні, пры неабходнасці перападрыхтоўкі. Аднавіць пашпарт, знайсці жыллё, вырашыць іншыя сацыяльныя праблемы – усім, хто звернецца за дапамогай, яна будзе аказана.

 — Грамадства гатова дапамагчы, падтрымаць, калі ў вас ёсць жаданне стаць на шлях выпраўлення, — падкрэсліў Аляксей Курчанаў, звяртаючыся да тых, хто знаходзіўся ў зале. – Акцыя “Альтэрнатыва” прадастаўляе права выбару вам у чарговы раз.

 Для тых, хто не хоча працаваць, а тым больш, ухіляецца ад  адбыцця пакарання, ёсць іншыя меры ўздзеяння. Па інфармацыі крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі, з пачатку 2010 года ўзбуджаліся крымінальныя справы супраць дзвюх асоб, якія былі асуджаны за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе папраў­чых работ. Такая ж колькасць асуджаных, якія  мелі нядаўна судзімасці ў выгля­дзе абмежавання волі. Некалькі афіцыйных папярэджанняў вынесе пракурор.

 — Далей для вас альтэрнатывы не будзе, — папярэдзіў ён.

 Мэтанакіраваная работа, якая праводзіцца ў раёне з раней асуджанымі, дае некаторы станоўчы плён. За першае паўгоддзе бягучага года асобамі гэтай катэгорыі здзейснены 52 злачынствы, што складае 42,3% ад агульнай колькасці крыміналу. У  вобласці ўдзельная вага  названага паказчыка складае 49,2%.

 Супакойвацца  па гэтай прычыне ў раёне ніхто не збіраецца. І прадстаўнікі органаў улады, і праваахоўнікі добра разумеюць, што некаторую гарантыю, шанц на змяншэнне  рэцыдыўных злачынстваў дае толькі наяўнасць  у людзей працы, магчымасць зарабіць на дастойнае жыццё.

Аляксандр Лазюк.

 

  На здымку: у час пасяджэння наглядальнай камісіі.