Елена Евдокимова, жительница деревни Труд, приёмной матерью стала в 2014 году. Её муж положительно отреагировал на ее решение

Алена Еўдакімава, жыхарка вёскі Труд, прыёмнай маці стала ў 2014 годзе. Муж да яе рашэння ўзяць на выхаванне дзетак аднёсся станоўча. Пярэчыць не стаў, разумеў, што справяцца, як калісьці спраўляліся са сваімі чатырма дачушкамі.

Гаварыць пра прафесію прыёмнай маці лёгка і адначасова няпроста. Няпроста не таму, што гэта вялікая адказнасць для чалавека, які павінен быць разважлівым, клапатлівым, любіць дзяцей. А таму, што часам, у сілу розных абставін, прыходзіцца развітвацца са сваім падапечным. «І добра, калі, вяртаючыся назад у біялагічную сям’ю, хлопчык альбо дзяўчынка па-сапраўднаму будуць шчаслівы. А калі раптам усё пойдзе па нахільнай, маленькаму чалавеку зноў прыйдзецца расчаравацца ў дарослых», — шчыра, не хаваючы эмоцый, дзеліцца сваімі перажываннямі Алена Еўдакімава.

 За шэсць гадоў для пяцярых дзетак на непрацяглы час яна станавілася самым блізкім чалавекам, а яе сям’я — месцам, дзе даюць магчымасць адчуць, што ты камусьці патрэбен, дзе па-сапраўднаму любяць.

 Узяць у сям’ю чужое дзіця, зразумела, вельмі адказны крок. Алена Сцяпанаўна прызнаецца, што, застаўшыся з малодшай Насцяй у вялікай кватэры, калі тры пасталеўшыя дачушкі раз’ехаліся хто куды, жыццё нібы замерла. Вось тады і прыйшло рашэнне ўзяць на выхаванне дзетак, бацькі якіх часова абмежаваны ў бацькоўскіх правах. 

 Жаданне маці прывесці ў сям’ю малых родныя ўспрынялі станоўча. Дочкі ведалі, што яе любові хопіць на ўсіх, больш таго, яна не будзе дзяліць на родных і чужых. Так у сям’і з’явіліся адразу дзве сястрычкі — трохгадовая Вераніка і пяцігадовая Даша.

 Першы час Алена Сцяпанаўна і Васілій Фёдаравіч спалі разам з малышкамі. Дзяўчынак мучылі начныя кашмары. Часта сужэнцы прачыналіся ад дзіцячых крыкаў. «Аднойчы, нават, муж спужаўся, — успамінае жанчына. — Схапіў дзіцё, якое ў сне крычала, і пабег на кухню. Я ўслед кажу, што ты робіш, а ён – супакойваю».

 

Вось так, паступова, прывучалі дзяўчынак да сябе, вучылі есці, правільна трымаць лыжку. Шмат намаганняў прыклалі, каб дзяўчаты не баяліся вады. Пакупацца ў ванне для іх было сапраўдным выпрабаваннем.

 Праз колькі часу законны тата Дашы, аднавіўшыся ў правах, забраў яе ў сваю сям’ю. Вераніка засталася.

 Сёння гэта даволі самастойная дзяўчынка. Першая памочніца — і посуд памые, і падлогу падмяце. А калі маці надумае пельмені, альбо чабурэкі зляпіць – дзяўчынка тут як тут. Яна заўсёды побач, як хвосцік, смяецца Алена Сцяпанаўна, куды гаспадыня, туды і малышка. Ласкавая, заўсёды падыдзе, абдыме. Літаральна з першых дзён яна пачала называць Алену Сцяпанаўну мамай.

Ёй, як і іншым прыёмным дзеткам, гэтае слова патрэбна. Хоць часам і здараецца, што для некаторых яно, як, дарэчы, і слова «бацькі», асацыіруецца са страхам, з перажываннямі, з тым, да чаго не хочацца вяртацца.

 «Ты мяне не аддасі маёй сапраўднай маці? – у час маёй размовы з гаспадыняй дома ў яе спыталася Вераніка. (Аўтарскае: слухаючы пра што мы размаўляем, пэўна, штосьці спужала дзяўчынку). «Што ты, родная, — па-мацярынску цёпла, прытуліўшы да сябе, Вераніку супакойвала жанчына. – Каму? Каму я аддам такое золата». За дабрыню і ласку сваіх бацькоў дзяўчынка адорвае тым жа. А яшчэ робіць усё магчымае, каб яны ёй ганарыліся. Наведвае школу мастацтваў, грае на фартэпіяна, добра спявае, чытае вершы. 

 Алена Сцяпанаўна жанчына вялікай адказнасці. Яна вядзе сшытак, у якім запісвае імёны сваіх былых падапечных, адрасы, па якіх яны сёння пражываюць са сваімі бацькамі. Даша, Арцём, Ульяна, Мікіта, Маша — яны дома, і гэта радуе, адзначае яна.

 

— Толькі любоў і ўвага могуць даць дзецям шанец у жыцці, — упэўнена жанчына. — У нашай сям’і іх любяць такімі, якія яны ёсць, якімі да нас прыходзяць. Безумоўна, у чымсьці мы іх папраўляем, вучым, падказваем. А інакш і быць не можа.

 Як паказвае жыццё, любові такім дзеткам не бывае шмат. Трапяткія адносіны, павага, якія пануюць у сям’і Алены Сцяпанаўны і Васілія Фёдаравіча, перадаюцца і біялагічным бацькам малышоў, якія, выправіўшыся, забіраюць сваіх дзетак. Яны не толькі тэлефануюць ім, але і прыязджаюць у госці. Часам не проста пасядзець за сталом, расказваючы адзін аднаму пра сваё жыццё, але і дапамагчы па гаспадарцы.

 Быць бацькамі — вялікая адказнасць для любога чалавека. А выхоўваць дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, – яшчэ больш адказная і складаная праца, справіцца з якой можа далёка не кожны. Алена Еўдакімава менавіта той чалавек, які даказаў, што сямейны ачаг існуе і саграваецца ён міжсямейнымі адносінамі. Як пацверджанне таму, што са сваімі абавязкамі прыёмнай маці жанчына спраўляецца на выдатна — ганаровая грамата аддзела па адукацыі райвыканкама за добрасумленную працу, стварэнне ўмоў па фарміраванні пазітыўнага вопыту падапечных у прыёмнай сям’і.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.