У АСНОВЕ ЭКАНОМІКІ — ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ

ГСЗайздросную стабільнасць на працягу двух апошніх гадоў дэманструе ў вытворчасці малака ААТ «Сінягорскае». Сельгасарганізацыя па валавой вытворчасці знаходзіцца ў адным шэрагу з УП «Дружбінец» і ААТ «Бяленева», а па прадукцыйнасці жывёлы мала чым саступае «Дружбінцу» і СУП «Саўгас імя Машэрава». Ёсць дасягненні ў вырошчванні мяса, па іншых пазіцыях, якія вызначаюць стан жывёлагадоўлі. Сельгасарганізацыя рэгулярна адлічвае сродкі ў фонд сацыяльнай дапамогі, плаціць падаткі.

З дырэктарам сельгасарганізацыі Уладзімірам Сухвалам мы сустрэліся раніцай, адразу пасля завяршэння планёркі, удзел у якой прымалі не толькі спецыялісты жывёлагадоўчай галіны.
— Жывёлагадоўля — аснова эканомікі прадпрыемства, таму ўвага ёй надаецца пастаянна. Падобныя нарады ў нас праводзяцца штодня. Удзельнічаюць у іх, у тым ліку, работнікі бухгалтэрыі, эканамічнай службы.
За 8 месяцаў надой на карову склаў 2619 кілаграмаў пры таварнасці амаль 90 % і павялічыўся на 549 кілаграмаў, або на 130,1 %. Яшчэ большы рост дасягнуты ў рэалізацыі малака — 133,8 %. Прадукцыя вырошчвання склала 212 тон і павялічылася на 107,8 %. Вынікі ў вырошчванні мяса дасягнуты дзякуючы павелічэнню прываг — 684 грамы ў суткі, павелічэнню пагалоўя буйной рагатай жывёлы на 133 галавы, прыплоду (767 цялят на 840 кароў), зніжэнню падзяжу маладняка. Сёлета ён склаў 29 галоў і застаецца даволі значным, але гэта ўсё ж не 41 галава, як было летась за такі ж перыяд.
— Самі па сабе такія вынікі не прыходзяць. Якія захады былі прыняты ў сельгасарганізацыі для стабілізацыі сітуацыі ў жывёлагадоўлі?
— Мы імкнемся працаваць сістэмна. А пачалася работа 7 гадоў таму з элементарнага — з навядзення санітарнага парадку на фермах, з павышэння працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Сёння корм уручную на фермах не раздаецца, што зніжае рызыку яго раскрадання, павышае аддачу ад кожнай кармавой адзінкі. Увесь маладняк буйной рагатай жывёлы атрымлівае спецыяльны камбікорм: КР-1, КР-2. У рацыён дойнага статку таксама ўключаюцца канцэнтраты з высокай доляй пратэіна. Навучыліся працаваць на адкорме. Для зніжэння сабекошту мяса актыўна выкарыстоўваем брагу.
— Самыя ўражлівыя дасягненні ААТ «Сінягорскае» — у вытворчасці малака. За кошт чаго яны дасягнуты? Падзяліцеся вопытам.
— Каровы ўтрымліваюцца на пяці МТФ, на ферме вёскі Аўчынкава — дзве групы раздою. У выніку дойны статак пастаянна абнаўляецца. Дае плён работа з маладняком. Я ўжо казаў пра кармленне цялят. У самай буйной групе выкарыстоўваем так званую аўта-маму, што забяспечвае высокія прывагі і безадыходную вытворчасць. Прыкметна палепшыліся за апошнія гады ўмовы ўтрымання цялят. Гэта таксама працуе на паляпшэнне генетычнага патэнцыялу жывёлы. Адразу пасля ад’ёму цялят ад каровы яны трапляюць у прафілакторыі, якія ёсць на кожнай ферме. На ферме вёскі Бор для гэтага выкарыстоўваецца цэлае памяшканне з індывідуальным месцам на кожную галаву жывёлы. Ёсць для цялят і індывідуальныя боксы прамысловай вытворчасці.
— Рост вытворчасці — гэта добра. Як адбіваецца ён на заработнай плаце жывёлаводаў?
— Па-першае, заработная плата ў ААТ «Сінягорскае» выдаецца без затрымак. А школьнікаў, студэнтаў, якія працавалі на таках, у полі ў час жніва, мы разлічылі і за жнівень. Па-другое, сістэма аплаты працы ў жывёлагадоўлі пабудавана так, што заробак даярак, даглядчыкаў напрамую залежыць ад вытворчых паказчыкаў, якасці рэалізуемай прадукцыі.
Рост даходаў дазваляе сельгасарганізацыі паляпшаць умовы працы. У Аўчынкаве, калі вялася рэканструкцыя фермы, пакой адпачынку не толькі адрамантавалі, у ім устаноўлена газавая пліта, халадзільнік. На ўсіх фермах ручная праца мінімізавана, гной выдаляецца з дапамогай транспарцёраў ці трактара. Корм уручную толькі дапрацоўваецца.
— Рэканструкцыя фермы ў Аўчынкава, будаўніцтва прафілакторыяў, набыццё лабараторнага абсталявання… Работы на фермах выконваюцца штогод. Для гэтага выкарыстоўваюцца банкаўскія крэдыты?
— Не. Работы вядуцца за ўласныя сродкі, атрыманыя ад рэалізаванай прадукцыі. За 8 месяцаў бягучага года малако прынесла нам амаль 140 мільёнаў чыстага прыбытку. А вось крэдыты нам не па кішэні.
— Асноўны прыбытак у сельскай гаспадарцы прыносіць малако. У той жа час у апошнія гады ў ААТ «Сінягорскае» пастаянна нарошчваецца вытворчасць мяса.
— Сапраўды, кожны месяц мы рэалізуем на мясакамбінат па 15-20 быкоў вагой па 400 кілаграмаў і вышэй. Затое без праблем штомесяц выплочваем зарплату, хоць сярэдняя цана аднаго цэнтнера рэалізаванага мяса складае 16283 рублі пры сабекошце 23524 рублі. Мы імкнёмся знізіць страты на вытворчасці ялавічыны, павысіць здабыткі ў малочнай галіне. Рэзервы тут, безумоўна, ёсць.
— Сёлетні год стаў паспяховым для ААТ «Сінягорскае» і ў раслінаводстве.
— Нам удалося перавысіць мінулагодні валавы збор зерня. Аднак ураджайнасць 27,6 цэнтнера з гектара ніжэйшая за сярэднераённую. Скажу больш, яна адна з самых нізкіх у раёне. Азімы рапс мы страцілі вясной, яравы дае вельмі нізкія намалоты. Ёсць праблемы ў вытворчасці кармоў. Іх даводзіцца нарыхтоўваць на сенажацях суседніх гаспадарак. Агранамічнай службе варта больш працаваць з бабовымі травамі. Непачаты край работы ў паляпшэнні пашаў.
— У апошнія гады сацыяльная нагрузка на сельгасарганізацыі прыкметна зменшылася па розных прычынах. Тым не менш, большасць вяскоўцаў яшчэ вядуць нейкую ўласную гаспадарку. Якую дапамогу аказвае ім ААТ «Сінягорскае»?
— На падворках вяскоўцаў буйной рагатай жывёлы засталося мала. На цэнтральнай сядзібе нашага акцыянернага таварыства, напрыклад, усяго 19 галоў. Вяскоўцы пераважна займаюцца вырошчваннем птушкі, нехта трымае свіней. Гэты занятак менш працаёмкі, хутчэй прыносіць дывідэнды. На зямлі вырошчваюць гародніну, бульбу, зрэдку зерневыя культуры. Апрацаваць зямлю дапамагаем усім. Салому часткова даём бясплатна, часткова — за грошы. Удалося пераканаць большасць вяскоўцаў уключыць свае зямельныя ўчасткі, на якіх вырошчваецца зерне, у агульны севааборот акцыянернага таварыства. Гнаць камбайн у Бесцвіна, каб абмалаціць там два ўчасткі па 10 сотак, даволі затратна. Заключыўшы з намі дагавор, вясковец атрымае па фіксаванай цане неабходную кольксць збожжа. Адным словам, дапамагаем чым можам.
— Сельская гаспадарка адчувае дэфіцыт рабочых рук. Як вырашаецца гэта праблема ў ААТ «Сінягорскае»?
— Мы яе, фактычна, вырашылі. Мы не карыстаемся старонняй дапамогай нават у перыяд пашавага ўтрымання жывёлы. Наадварот, абы-каго на працу не бяром нават з мясцовых жыхароў. Канкурэнтная аснова ўтварылася дзякуючы змяншэнню долі ручной працы ў жывёлагадоўлі, павелічэнню колькасці высокапрадукцыйнай тэхнікі, ну і паляпшэнню стану эканомікі, што дазволіла рэгулярна выплочваць нашым работнікам дастойны заробак. Рыба шукае там дзе глыбей, чалавек — дзе лепш.

Гутарыў
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.