У першыя дні жніва на сенненскім філіяле хлебапрадпрыемства «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў» паступіла звыш 200 тон збожжа.

— Да прыёмкі хлеба новага ўраджаю, — расказвае начальнік Багушэўскага вытворчага ўчастка ад­крытага акцыянернага таварыства «Віцебскі камбі­нат хлебапрадуктаў» Мікалай  Баравік,  пачалі задоўга да пачатку жніва.  Зрабілі бягучы рамонт складскіх памяшканняў, вымылі іх, прадэнзіфіцыравалі, пабялілі.

 Падрыхтавалі і сушыльную гаспадарку: дзве ўстаноўкі ЗСПЖ-8 і адна барабанная. Таму маем магчымасць прымаць зерне і павышанай вільготнасці, а менавіта такое яно сёння і паступае (26-28 працэнтаў).  Прарэвізавалі галерэі для транспартыроўкі збожжа: стужкавыя  транспарцёры, норыі і г.д. Сёе-тое падфарбавалі. Асаблівая ўвага была ўдзелена стану электрычнага і пажарнага абсталявання.

 На ўчастку для часовага захоўвання зерня ёсць тры пляцоўкі: адна пад дахам і дзве адкрытыя. Дарэчы, для ўкрыцця збожжа ў час неспрыяльнага надвор’я маем брызент і плёнку. На пляцоўках зроблены ямачны рамонт.

 Аператыўная магутнасць участка — 12,5 тысячы тон. Зараз прымаем ячмень харчовы і фуражныя, а таксама піваварны. Апошняга трэба закупіць 5000 тон. Пачало паступаць і трыцікале.

 З нашага раёна першае зерне паступіла ад Сенненскага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства  меліярацыйных сістэм, з якім за даўгі разлічваецца адкрытае акцыянернае таварыства «Кругляны». Сёння (26 ліпеня) паступілі заяўкі на прыёмку зерня новага ўраджаю ад УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» і ААТ «Какоўчына».

 Пытаецеся, колькі будуць каштаваць нашы паслугі сельгаспрадпрыемствам? Усё будзе залежыць ад вільготнасці і засмечанасці збожжа пустазеллем. Той, хто не жадае губляць грошы, няхай дапрацоўвае зерне на месцах.

 У першыя дні жніва на філіяле хлебапрадпрыемства «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў» паступіла звыш 200 тон збожжа. Паток нарастае з кожным днём. Таму хапае клопатаў у лабаранткі Вольгі  Клімавай. Трэба сустрэць кожны транспартны сродак, узважыць, узяць пробы, зрабіць аналізы і, па магчымасці, з ім жа адправіць дакументы-вынікі.

 Прыбаўляецца спраў і ў машыніста зернесушыльных установак Алега Сініцы, які і летась  экзамен здаў на выдатна.

 Увогуле, лічу, што наша прадпрыемства, як і ў ранейшыя гады, са сваёй задачай справіцца. Сёння мы працуем у кругласутачным рэжыме. Калі да нас ёсць нейкія пытанні, прэтэнзіі, пажаданні, то тэлефануйце па нумары 4-51-91. Высокіх вам намалотаў і хуткіх тэмпаў здачы хлеба.

 Запісаў Міхаіл БЯЛОЎ.