Ад Прусіі да Манчжурыі

На пачатку вайны Івану Салаўёву споўнілася 10 гадоў. Ён быў пятым у шматдзетнай сям’і Салаўёвых, якая жыла ў вёсцы Уздорнікі Ульянавіцкага сельсавета. Калі на акупаванай тэрыторыі Беларусі разгарнуўся партызанскі рух, Іван разам з іншымі вясковымі дзецьмі дапамагаў народным мсціўцам…

Хлапчукі папярэджвалі партызанаў пра з’яўленне ў вёсцы немцаў і палі­цаяў. Існаваў умоўны знак. у першым доме вёскі стаяла павець з вялікімі варотамі: калі вароты былі зачынены — ворагі ў вёсцы, адчынены — іх няма. Супрацоўнічаць з партызанамі было вельмі небяспечна. Аднак маленькі Іван і яшчэ некалькі хлапчукоў не здаваліся…

У чатырнаццацігадовым узросце ён трапіў у рады Чырвонай Арміі. Іван дапамагаў рамантаваць машыны. Будаваў  франтавыя дарогі праз балоцістыя месцы Літвы.

— Наша часць 35 АМСБ (асобная мотастралковая брыгада)3-га Беларускага фронта прайшла Беларусь, Літву, Усходнюю Прусію, дайшла да Кёнігсберга, — успамінае Іван Рыгоравіч. Потым накіравалі на Далёкі Усход, дзе маленькі чырвонаармеец знаходзіўся да 46-га года. Ваяваў на тэрыторыі Манчжурыі.

У пасляваенны час Іван Салаўёў у фабрычна-завадскім вучылішчы(ФЗВ) Віцебска атрымаў спецыяльнасць цесляра. З харчовай картачнай сістэмай хлопец быў забяспечаны ежай. Аднак, родныя ў вёсцы заставаліся ў складаным становішчы. Іван Рыгоравіч вымушаны быў вярнуцца на малую радзі­му, дзе ўладкаваўся працаваць трактарыстам у Сенненскай МТС.

У 50-м годзе яго зноў забралі ў войска: служба ў Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў непрызыўным узросце не залічвалася. Чатырнаццаць гадоў быў тэхнікам самалётаў у Эстоніі. Дэмабілізаваўшыся, скончыў вячэрнюю школу, паступіў у Таллінскі політэхнічны інстытут. Быў на кіраўнічай пасадзе. За плячыма яшчэ дзве сярэднеспецыяльныя ўстановы адукацыі. Пасля «перабудовы» адносіны ў Эстоніі да былых савецкіх салдат змяніліся: іх лічылі ледзь не акупантамі. Іван Рыгоравіч вярнуўся на радзіму. У Вялікім Азярэцку яму выдзелілі дом.

Некалькі гадоў быў на пасадзе старэйшыны вёскі. Аднак, ужо колькі часу, гэтыя абавязкі не выконвае — здароўе падводзіць. Вось і ў час нашай сустрэчы Іван Рыгоравіч Салаўёў знахо­дзіўся не ва ўтульным хатнім крэсле, а на бальнічным ложку. «Сэрца стала часта барахліць,» — з сумам кажа ветэран.

Пра яго актыўную жыццёвую пазіцыю шчыра распавядалі дзве мае спадарожніцы з раённага савета ветэранаў: старшыня Ядзвіга Іванаўна Сыраваткіна і адказны сакратар Тамара Васільеўна Рыжкова, якія заўсёды падтрымліваюць і падбадзёрваюць Івана Рыгоравіча. Будучы старэйшынай Іван Рыгоравіч разам са школьнікамі добраўпарадкаваў шмат помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, месцаў масавага пахавання.

Радавы Салаўёў 35-га АМСБ 3-га Беларускага фронта ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за ўзорнае выкананне заданняў камандавання на фронце і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць адзначаны медалем «За баявыя заслугі». За адвагу і стойкасць узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У скарбонцы ўзнагарод маюцца 15 юбілейных медалёў.

У свае немаладыя гады Іван Рыгоравіч праз слёзы прыгадвае моманты тых незабыўных ваенных дзён: цяжкая праца, жах, голад, холад, жорсткасць акупантаў, налёты самалётаў, шквал атак… Аднак, самы незабыўны для Івана Салаўёва малюнак, як па вяртанні з фронта іх сустракалі дзяўчаты з кветкамі. І яму, маладзенькаму вызваліцелю, на зайздрасць саслужыўцам даставалася больш букетаў.

Жыццё бяжыць, бы вада ў рацэ. Многае засталося ў тых далёкіх часах, многае ўжо забываецца. У Івана Рыгоравіча Салаў­ёва застаўся адзін брат, з якім сустракаюцца вельмі рэдка, бо жыве той далёка ў Расіі.  Аднак  Іван Рыгоравіч не губляе бадзёрага настрою, верыць у светлую будучыню, з нецярпеннем і са слязамі на вачах заўсёды чакае самага галоўнага свята — Дня Перамогі.

Ірына ГАРБАЧОВА.

На ЗДЫМКУ: Іван Салаўёў з супрацоўнікамі раённага савета ветэранаў.