У аграгарадку Машканы Сенненскага раёна , на Радзіме Пятра Машэрава, прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння славутага земляка

Гасцей у гэты дзень прымалі Машканская школа і мясцовы Дом культуры.

У навучальнай установе ўдзельнікі мерапрыемства наведалі музей баявой і працоўнай славы. Экскурсію па экспазіцыі, прысвечанай П.М.Машэраву, правялі юныя краязнаўцы школьнага гуртка «Памяць» і яго кіраўнік Таццяна Каранеўская. Увазе прысутных таксама была прадстаўлена выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, зробленых вучнямі пад кіраўніцтвам Таццяны Паўлаўны ў гуртку «Прыгажосць сваімі рукамі». І вучні, і настаўніца старанна рыхтаваліся да сустрэчы гасцей, таму і выстава, і экскурсія ўсім спадабаліся. Дзейства працягвалася ў Доме культуры, дзе для запрошаных на святкаванне была падрыхтавана праграма, прысвечаная жыццёваму шляху П.М.Машэрава, і прайшоў канцэрт у гонар вядомага земляка.

Імя Пятра Машэрава залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Беларусі. Герой Савецкага Саюза, Герой сацыялістычнай працы, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны, ён узнагароджаны сям’ю ордэнамі Леніна і многімі іншымі ўзнагародамі.

У перыяд яго дзейнасці краіна дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, была адной з самых развітых рэспублік Савецкага Саюза.

Сёння на Сенненшчыне  імем Машэрава названа вуліца райцэнтра і адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Дваццаць чатыры гады запар у Сянно праходзіць лёгкаатлетычны прабег імя знакамітага земляка.

На ўрачыстасці выступіў старшыня Сенненскага райвыканкама Віктар Цапота. Ён адзначыў, што гэта юбілейнае мерапрыемства  — дань нашай удзячнай памяці выдатнаму чалавеку і грамадзяніну, патрыёту і стваральніку, сапраўднаму народнаму герою. Яго хвалявалі стан спраў у Оперным тэатры, творчасць «Песняроў», здароўе класіка беларускага жывапісу Міхаіла Савіцкага. Ён клапаціўся аб стварэнні мемарыяльнага комплексу «Хатынь», Кургана Славы, мемарыялаў «Прарыў» і Брэсцкая крэпасць, іншых помнікаў, якія ўвекавечылі подзвіг народа. Ён падарыў літаратарам краіны цудоўны будынак Дома пісьменнікаў,  славутаму беларускаму скульптару Заіру Азгуру — творчую майстэрню.

Стваральнасць — асаблівая рыса Пятра Міронавіча. Гэта такі дар, які атрымліваюць абраныя. Такія людзі па крупінках памнажаюць багацце і славу Айчыны. На такіх лю­дзях трымаецца наша зямля. Ён умеў абуджаць усё лепшае, чым прырода ўзнагародзіла чалавека. Добрае імя Пятра Машэрава вытрымала выпрабаванне часам, а яго вобраз будзе доўга захоўвацца ў свядомасці беларускага народа.

На ўрачыстым мерапрыемстве слова меў дырэктар ДП «Саўгас імя Машэрава» Андрэй Марцючэнка, які адзначыў, што Пётр Машэраў многае зрабіў для станаўлення саўгаса. З яго непасрэдным удзелам разглядаліся пытанні будаўніцтва свінагадоўчага комплексу, школы, бальніцы. Пётр Міронавіч любіў машканцаў, часта размаўляў з землякамі і стараўся дапамагчы кожнаму. Сёння землякі імкнуцца трымаць яго высокую марку. У хуткім часе, адзначыў выступаючы, сельгаспрадпрыемства будзе рэарганізавана, але ў яго назве  застанецца імя Машэрава. На гэта ўжо дала згоду дачка Пятра Міронавіча.

Сярод жыхароў Сенненскага раёна ёсць людзі, якія сустракаліся з Машэравым і памятаюць яго. Адзін з іх — дырэктар Машканскай школы Худавердзі Куліеў — у час мерапрыемства падзяліўся сваімі ўспамінамі. Два разы даводзілася Х.А.Куліеву ў складзе раённай дэлегацыі сустракаць Пятра Міронавіча на сенненскай зямлі. «З-за майго ўсходняга менталітэту, які патрабуе асаблівай павагі да старэйшых па ўзросце і да начальнікаў, першы раз было нават страшна: усё ж такая велічыня — першы сакратар Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі, кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС. А калі ён выйшаў да нас з верталёта, я ўбачыў чалавека з адкрытай шчырай усмешкай, — успамінаў Худавердзі Алахвердзіевіч. — Калі вырашалася пытанне развіцця саўгаса «Машканы», ён не дыктаваў, а раіўся і пытаўся: як думаеце, як  лепш зрабіць, а што далей? А пасля прапаноўваў сваё. У апошні прыезд ён падышоў да месца, дзе калісьці стаяў бацькоўскі дом, і доўга глядзеў уніз на Абалянку. Потым павярнуўся і сказаў: «Паглядзіце, вось там быў наш пляж, і ўсе мы купаліся там». Развітваўся вельмі цяжка, доўга махаў рукой, быццам адчуваў, што апошні раз наведвае родную зямлю».

У сваім выступленні Х.А.Куліеў расказаў пра тую доследную работу, якую вёў і будзе весці ён сам і калектыў школы па зборы матэрыялаў пра жыццё Пятра Машэрава.

Ад імя маладога пакалення машканцаў выступіў загадчык Машканскай бальніцы сястрынскага догляду, урач агульнай практыкі Аляксандр Багіно. Ён падкрэсліў, што жыццёвы шлях Пятра Машэрава з’яўляецца для моладзі яркім прыкладам стаўлення да жыцця, раўняючыся на які, можна выхаваць такія якасці, як справядлівасць, сумленнасць, цяга да адукацыі, імкненне да самаўдасканальвання. «Нам трэба захоўваць тую спадчыну, якую пакідаюць такія людзі, як Машэраў, і прымнажаць яе. Пётр Міронавіч стварыў фундамент нашай дзяржавы, на якім мы цяпер працягваем будаваць моцную і квітнеючую краіну», — зазначыў Аляксандр Багіно.

З літаратурнай кампазіцыяй у гонар вялікага земляка выступілі юныя машэраўцы, вучні Машканскай школы, у якой вучыўся Пётр Міронавіч.

У гонар юбілею з дня нараджэння славутага земляка за добрасумленную працу і актыўную грамадскую дзейнасць былі ўзнагаро­джаны Ганаровымі граматамі райвыканкама заслужаныя людзі раёна: С.Т.Вайцяховіч, які доўгі час працаваў старшынёй Сенненскага райвыканкама; С.Р.Блажэвіч, ранейшы дырэктар, а потым сакратар парткама саўгаса «Машканы»; В.А.Цішкевіч, ветэран вайны, педагог, стаж работы якога ў галіне адукацыі налічвае 55 гадоў; Х.А. Куліеў, дэпутат Машканскага сельскага Савета дэпутатаў, выдатнік адукацыі; З.М.Машэра, эканаміст ДП «Саўгас імя Машэрава»; А.І.Шалуха, старшы дыспетчар сельгаспрадпрыемства.

Старшыня камісіі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Віцебскага абласнога савета ветэранаў Ларыса Бруева ў сваім выступленні расказала аб тым, як захоўваюцца і працягваюцца машэраўскія традыцыі. У 1938 годзе студэнт Віцебскага педагагічнага інстытута Пётр Машэраў быў удзельнікам агітпераходу Віцебск — Орша — Магілёў — Мінск, які праходзіў па месцах баёў 27-ай Омскай дывізіі, сфарміраванай у 1918 годзе з рабочых і сялян Віцебскай губерні. У 1972 годзе гэты пераход быў паўтораны. Яго ўдзельнікаў прыняў у сваім рабочым кабінеце Пётр Машэраў. Пасля гэтым маршрутам маладое пакаленне яго землякоў праходзіла некалькі разоў. У дзень 95-гадовага юбілею з дня нара­джэння Машэрава ўдзельнікі пераходу ўсклалі вянкі да памятнага знаку ў в.Шыркі.

Прысутныя на ўрачыстасці ўшанавалі памяць земляка мінутай маўчання.

Таццяна Буракова.