Лідарства ў нарыхтоўцы кармоў у Сенненскім раёне трымае ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”
Больш трохсот тон сена, больш васьмі тысяч тон сенажу, амаль дзве тысячы тон сіласу, або 8,25 цэнтнера кармавых адзінак на галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавалі ў ААТ «Сенненскі райаграсервіс» з 65% траў першага ўкосу. Гэта больш мінулагодняга амаль на адну кармавую адзінку, больш чым у сярэднім па раёне.
Аднак дырэктар акцыянернага таварыства Іосіф Свістуноў такім вынікам не задаволены: «Да касавіцы траў мы прыступілі першымі ў раёне. Здаецца, нядрэнна арганізавана праца людзей, тэхніка ёсць, а тэмпы работ не тыя, якія маглі б быць, не тыя, якія хацелася б мець. Кормаўборачныя камбайны часта выходзяць са строю. У тым ліку тыя, што знаходзяцца на гарантыйным абслугоўванні.»
У большасці паломак адна прычына — засмечанасць нашых палёў і не толькі каменнем. Часта тэхніка выходзіць са строю, калі ў яе трапляюць рэшткі электраагароджы, іншыя металічныя вырабы, «забытыя» механізатарамі ў полі.
Негатыўна ўплывае на якасць кармоў недахоп сянажных ям, парушэнне тэхналогіі пры закладцы. Таму ля Сукрэмна, дзе сянаж закладвалі ў бурт, на трамбоўцы круглыя суткі працавала два трактары. Работа і на сенажаці, і ў месцы закладкі сенажу кантралявалася спецыялістамі, кіраўніком акцыянернага таварыства. Але ці хопіць іх намаганняў, каб нарыхтаваць такіх кармоў, якія б забяспечылі рост вытворчасці рэнтабельнай жывёлаводчай прадукцыі? У Расіі, куды беларускія сельгасвытворцы традыцыйна збываюць сваю прадукцыю, набіраюць сілу прадпрыемствы, эканоміка якіх будуецца на прыватнай уласнасці.
Зрэшты, у нашых умовах таксама можна і трэба мацней увязваць даходы наёмных работнікаў з тэрмінам эксплуатацыі тэхнікі, якасцю і сабекоштам прадукцыі, стымуляваць працу эфектыўнага работніка, заахвочваць высокімі заробкамі. Іншага не дадзена.
Аляксандр ЛАЗЮК.
НА ЗДЫМКАХ: Уладзімір Белікаў — лідар раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў, і Яўген Міхалёнак вядуць уборку траў.
P.S. Цалкам матэрыял чытайце ў “ГС” №53 за 7 ліпеня 2012 года.