Механизаторы УП «Дружбинец» ведут подкормку сенокосов, пастбищ, а также многолетних трав

Уладзімір Кацуба, механізатар УП “Дружбінец”

 Палеткі УП “Дружбінец”, занятыя азімымі зерневымі і крыжакветнымі, цешаць вока сакавітай зелянінай і дагледжанасцю. Мясцовыя земляробы вядуць сілкаванне пасеваў у другі раз за вясну.

Дакладней, гэтай справай займаецца Ула­дзімір Кацуба. Яго “Раса” на полі ля вёскі Клімавічы выглядае легкакрылым матыльком, за якім цяжка ўсачыць. Усюдыходная машына вылучаецца высокай праходнасцю і тэхналагічнай хуткасцю – ад 20 да 30 км у гадзіну.

— Сёння халаднаватае надвор’е, таму вадкія азотныя ўгнаенні ўносяцца ў чыстым выглядзе. Як толькі паветра прагрэецца да +150С, давядзецца іх разбаўляць вадой, каб расліны не атрымалі хімічны апёк, — дзеліцца тэхналагічнымі нюансамі механізатар. Зразумела, за гэтым сочаць і спецыялісты агранамічнай службы гаспадаркі.

“Расу”, якая эксплуатуецца ва УП “Дружбінец”, купілі не так даўно, узамен ранейшай мадэлі, бо ўпэўніліся ў эфектыўнасці яе выкарыстання, на­дзейнасці пры эксплуатацыі. З яе дапамогай право­дзяцца і іншыя доглядныя работы: хімпраполка, барацьба са шкоднікамі. Яны таксама лягуць пераважна на плечы Уладзіміра Кацубы. Такую ж спецыялізацыю ён меў, працуючы яшчэ механізатарам Сенненскага льнозавода.

З пачатку палявых работ сілкаванне атрымалі пашы і сенакосы (на 25% плошчаў), шматгадовыя травы (43%). Па іх уносіліся і азотныя, і калійныя ўгнаенні.

Вялікі аб’ём работ выкананы звяном механізатараў, якія займаюцца ўнясеннем арганікі.

—  Стараннямі Ігара Рукаля, Яўгена Жагулы, Ігара Махрова, якія працуюць з раскідвальнікамі гною, і машыніста пагрузчыка Генадзя Шалухі на палетках штодня ўносіцца каля 400 тон аргані­кі, — расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Васіль Жук.

Такія ўкладанні ў зямлю, безумоўна, станоўча адаб’юцца на ўраджаі. А значыць і на эканоміцы гаспадаркі, даходах яе калектыву.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ

Фота аўтара.