Лідарства ў нарыхтоўцы кармоў у Сенненскім раёне трымае ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”

Больш трохсот тон сена, больш васьмі тысяч тон сенажу, амаль дзве ты­сячы тон сіласу, або 8,25 цэнтнера кармавых адзі­нак на галаву буйной рагатай жывёлы нарых­тавалі ў ААТ «Сенненскі райаграсервіс» з 65% траў першага ўкосу. Гэта больш мінулагодняга амаль на адну кармавую адзінку, больш чым у сярэднім па раёне.

Аднак дырэктар акцыя­нернага таварыства Іосіф Свістуноў такім вынікам не задаволены: «Да касавіцы траў мы прыступілі першымі ў раёне. Здаецца, нядрэнна арганізавана праца людзей, тэхніка ёсць, а тэмпы работ не тыя, якія маглі б быць, не тыя, якія хацелася б мець. Кормаўборачныя камбайны часта выходзяць са  строю. У тым ліку тыя, што знахо­дзяцца на гарантыйным абслугоўванні.»

У большасці паломак адна прычына — засмечанасць нашых палёў і не толькі каменнем. Часта тэхніка выходзіць са строю, калі ў яе трапляюць рэшткі электраагароджы, іншыя металічныя вырабы, «забытыя» механізатарамі ў полі.

 Негатыўна ўплывае на якасць кармоў недахоп сянажных ям, парушэнне тэхналогіі пры закладцы. Таму ля Сукрэмна, дзе сянаж закладвалі ў бурт, на трамбоўцы круглыя суткі працавала два трактары. Работа і на сенажаці, і ў месцы закладкі сенажу кантралявалася спецыялістамі, кіраўніком акцыянернага таварыства. Але ці хопіць іх намаганняў, каб нарыхтаваць такіх кармоў, якія б забяспечылі рост вытворчасці рэнтабельнай жывёлаводчай прадукцыі? У Расіі, куды беларускія сельгасвытворцы традыцыйна збываюць сваю прадукцыю, набіраюць сілу прадпрыемствы, эканоміка якіх будуецца на прыватнай уласнасці.

 Зрэшты, у нашых умовах таксама можна і трэба мацней увязваць даходы наёмных работнікаў з тэрмінам эксплуатацыі тэхнікі, якасцю і сабекоштам прадукцыі, стымуляваць працу эфектыўнага работніка, заахвочваць  высокімі заробкамі. Іншага не дадзена.

 Аляксандр ЛАЗЮК.

 НА ЗДЫМКАХ:  Ула­дзімір Белікаў — лідар раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў, і Яўген Міхалёнак  вядуць уборку траў.

 P.S. Цалкам матэрыял чытайце ў “ГС” №53 за 7 ліпеня 2012 года.