Сенненскія выратавальнікі папярэджвалі “самазабойцаў на лёдзе”

Толькі так можна назваць тых аматараў падлёднай рыбалкі, якія, не зважаючы на ўсю небяспечнасць, выходзяць на вясенні лёд. Старшыня АСВОДа Уладзімір Станкевіч і яго памагатыя: Мікалай Сінькевіч, Святаслаў Шуцікаў, Сяргей Кацар — у гэтыя дні актыўна патрулююць азёрныя берагі, спрабуючы дастукацца да здаровага розуму мясцовых рыбакоў. Ды толькі апошнія на заклікі пакінуць небяспечнае месца, што падаюцца праз гукаўзмацняльнік, рэагуюць неахвотна. «Тут таўшчыня сантыметраў 60!» — сцвярджае адзін з аматараў. Мужчына размясціўся непадалёку ад берага і, калі што (барані Бог!) — выплыве. А вось яго «калегам» па хобі, што забраліся ледзьве не на сярэдзіну вадаёма, шанцаў на выратаванне будзе нямнога. Берагавая лінія ўжо цалкам вызвалілася ад лядовага палону. Застаецца здзіўляцца, якім чынам рыбакам удаецца перабрацца на лёд. Кажуць, па трапах і праз паваленыя дрэвы. Настолькі жаданне злавіць рыбу сваёй мары пераважае над усімі інстынктамі самазахавання. 

  З пачатку года на Віцеб-шчыне патанулі 12 чалавек, пяцёра з іх — падчас рыбалкі. Сенненшчына пакуль што ў гэтым жалобным спісе не значыцца. Выратаваль­нікі на вадзе спадзяюцца, што рыбакоў з лёду «згоніць» сезонная забарона на лоўлю рыбы, якая дзейнічае ў Беларусі з 1 красавіка па 30 мая. У гэты час лавіць рыбку можна будзе выключна на адну вуду (спінінг) і толькі з берага. Але пад пагрозай застаюцца тыя грама­дзяне, якія не супраць скараціць дарогу праз возера, а таксама яшчэ адна катэгорыя рызыкі — дзеці. У сувязі з гэтым, Сенненскі АСВОД напамі­нае: выхад на вадаёмы падчас вясенняга растаяння лёду катэгарычна забаронены. Асаблівую небяспеку ўяўляюць розны пад’ём вады і непрадказальны адрыў лёду ля берагавой лініі, а таксама ўтварэнне прамывін. Нельга блізка падыходзіць да берагоў, катацца на льдзінах, выязджаць на плаўсродках падчас ледаходу. 

  Калі ж вы праваліліся пад лёд, неабходна дзейнічаць хутка і рашуча. Кіньце ў бок берага, замацаваны на поясе, лінь (вяроўку даўжынёю 15-20 метраў з пятлёю на адным канцы і грузам вагой 400- 500 грамаў — на другім), раскіньце рукі і без рэзкіх рухаў пастарайцеся выбрацца на трывалы лёд.

 Пры аказанні дапамогі таму, хто праваліўся пад лёд, выкарыстоўвайце дошкі, лыжы, вяроўкі ці іншыя спадручныя срод­кі. Падайце іх пацярпеламу, пры гэтым набліжайцеся да яго паўзком, абапіраючыся на прадметы, якія павялічваюць плошчу апоры. У тым выпадку, калі выратавальнікаў двое і больш, лепш утварыць ланцужок, прытрымліваючы адзін аднаго за ногі.

 Будзьце асцярожныя! Не выходзьце на лёд, калі яго таўшчыня ў выніку растаяння складае менш за 7 — 10 см.

 Аднак лепшая перасцярога — гэта прафілактыка. Таму абавязкова папярэджвайце сваіх родных, дзяцей аб небяспечнасці вясенняга лёду, не дапускайце іх да вадаёмаў.

Вольга Бандарэвіч.