Фэст для бацькоў і дзяцей

Дзень сям’і на Сенненшчыне адзначылі па-творчаму, па-сямейнаму. Арганізатарамі фестывалю «Сузор’е сямейных талентаў» выступілі аддзелы культуры, ідэалогіі, па справах моладзі райвыканкама, а таксама раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын». Прайшло мерапрыемства ў раённым Доме культуры. На ўрачыстасці прысутнічаў старшыня райвыканкама Віктар Цапота.

Сакрэт сямейнага шчасця хаваецца ў каханні, узаемапавазе, цярплівасці. А яшчэ ў агульнай справе, што аб’ядноўвае вакол сябе членаў сям,і. Гэта даказалі  ўдзельнікі фестывалю. Толькі дзіву можна было давацца, колькі на Сенненшчыне жыве самабытных таленавітых сем’яў. Больш за дзясятак сямей прадэманстравалі свае здольнасці. Спаборнічалі яны ў трох намінацыях: «Сцэнічная творчасць», «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць» і «Наша сям’я» (фота- і відэапрэзентацыі). Некаторыя былі заяўлены адразу ў некалькіх намінацыях.

 У фае РДК размясцілася выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вышыўка, выцінанка, кераміка, жывапіс, разьба па дрэве, фларыстыка — тут можна было ўбачыць многае.  Сярод творчых дынастый нямала прызнаных прафесіяналаў. Маці і дачка — Тамара і Ганна Кучынскія, муж і жонка — Уладзімір і Вольга Квашко, брат і сястра — Аляксандр Аднарогі і Людміла Кнацько. Усе яны з’яўляюцца членамі клуба народных майстроў «Натхненне». 

 Майстэрству вышыўкі жыхарку Ходцаў Зою Ліванскую навучыла некалі маці. Яна ж, у сваю чаргу, захапіла ім дачку Галіну, нявестку Надзею, унука Уладзіслава.

 Мноства захапленняў у сям’і Рукаль з Нямойты. Маці Вольга і дачушка Лера любяць вышываць, вязаць. Тата Ігар з сынам Уладзі­славам займаюцца мужчынскай справай — збіраюць тэхніку, фатаграфуюць. Агульнае хобі — арыгамі.

 Вязанне і вышыўка — любімыя заняткі і ў сям’і Берашэвіч з Новай Обалі. Вера Адамаўна і яе дачка Вольга прывучаюць да іх трохгадовую Лерачку.

 У вольны час Арцём Бабіч займаецца лепкай. На фэст ён прадставіў кампазіцыю з сімвалічнай назвай «Сям’я». Яго жонка Адэля — майстар бісерапляцення і знатная кулінарка. Татарка па нацыянальнасці, яна частавала гасцей свята народнымі стравамі.

 У музычным конкурсе прымалі ўдзел 8 сем’яў. На адной сцэне спявалі, танцавалі, чыталі вершы некалькі пакаленняў. Маладыя і са стажам, шматдзетныя… Сярэднестатыстычнымі гэтыя сем’і не назавеш, бо кожная адметная  сваім талентам. Сям’я Малахавых налічвае ўжо 20 год. А пяць гадоў таму яна стала шматдзетнай, дзякуючы двум прыёмным дзеткам.

 Адзіным ансамблем выглядала і трыа сям’і Камлёвых з Багданава. Тры пакаленні — бабуля, дачка, унучка — прадстаўлялі сям’ю Даукшас з Ходцаў. Упрыгажэннем сцэны і апорай для Алены Стук сталі яе дачушкі Віка і Яна.

 Кажуць, з цягам часу на змену каханню ў сям’і прыходзіць прывычка. Абвяргаюць гэта сужэнцы Кандратавы з Машкан. Праз дзесяцігоддзе сумеснага жыцця ў шлюбе Васіль і Ірына абвянчаліся.

 Для самай маладой сям’і-ўдзельніцы Маханьковых з Сянно старэйшыя калегі — добры прыклад сямейнага даўгалецця. Сяргей, Ірына і іх дачушка Насця выступілі ў трэцяй намінацыі, прадставіўшы гледачам фотапрэзентацыю.             

 Усе сем’і ў гэты дзень былі ўзнагароджаны Дыпломамі і падарункамі. Бо, як адзначыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Ларыса Новікава, мэтай фестывалю стала не выяўленне лепшых, а папулярызацыя сямейнай творчасці, сямейных каштоўнасцей. Сёлетні фестываль стаў першай ластаўкай. У наступным годзе «Сузор’е сямейных талентаў» папоўніцца ўдзельнікамі, а значыць, колькасць добрых сем’яў на Сенненшчыне будзе толькі расці.

Вольга Бандарэвіч.