Раней абяцаных сіноптыкамі прагнозаў вясна завітала ў Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей. На днях тут прайшла прэзентацыя выніковай выставы раённага клуба народных майстроў «Натхненне».
Першых наведвальнікаў сустракалі з музыкай і караваем. Пад рытмы музычнай кампазіцыі дуэта баяністаў «Два Іваны», у складзе дырэктара Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Івана Смірнова і выкладчыка Івана Сапроненкі, некаторыя нават прытанцоўвалі.
«Вясновы капеж» — менавіта такую назву абралі для выставы яе арганізатары, і яна аказалася досыць сімвалічнай. Іскрыстымі «кроплямі» сталі ўласна экспанаты. Ад старажытных рамёстваў да сучасных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — сенненскім майстрам падуладная любая справа, было б, як кажуць, натхненне. А яно ва ўдзельнікаў клуба, здаецца, ніколі не знікае. І выстава, якая ўжо паспела стаць для Сенненшчыны добрай традыцыяй, таму яскравае пацвярджэнне.
Больш за 10 майстроў прадставілі свае вырабы. Розныя па жанрах, матэрыяле і спосабах выканання — яны прадстаўляюць цэлае суквецце талентаў Сенненскай зямлі.
З «ювелірнымі» выцінанкамі Вольгі Квашко суседнічае касмічная графіка Алены Польскай. Так і цягне паспрабаваць на гук гліняныя акарыны Інэсы Сапроненка. Яе ж рукам належыць і тонкі батык (роспіс па тканіне). Колькасць захапленняў Людмілы Кнацько ўражвае: роспіс па шкле, фларыстычныя кампазіцыі і, нават, паперапляценне. У яе руках старая газета пераўтвараецца ў дамскую шляпку або вытанчаную вазачку, прыгодную для карыстання ў побыце.
Праўда, за грыбамі лепш хадзіць з кошыкам ад Сяргея Грунтова, майстра лазапляцення з Ходцаў. Многія вырабы з яго калекцыі могуць прэтэндаваць на дызайнерскі аб’ект.
Любоўю да бацькаўшчыны прасякнуты творы Васіля Бандарэвіча. У яго драўляных скульптурах знайшлі выяўленне насельнікі сенненскіх лясоў і азёраў. А жывапісныя работы прысвечаны краявідам і архітэктурным славутасцям роднага краю.
Беларускімі матывамі кіруецца ў сваёй творчасці Валянціна Грыбоўская — майстар па саломапляценні.
Сапраўдную энцыклапедыю вышыўкі — ад распаўсюджанага крыжыка да рэдкага вышывання стужкамі, бісерам ці «трохмернага» французскага вузельчыка — стварылі Тамара і Ганна Кучынскія, Аляксандра Краўчанка, Любоў Макарава.
Сёлетняя выстава стала дэбютам для маладога кіраўніка Карыны Карасёвай. З гэтага года дзяўчына ўзначаліла буйнейшае ў раёне творчае аб’яднанне.
Ля вытокаў заснаванага ў 1998-м «Натхнення» стаяла Таццяна Пагарэльская, цяпер спецыяліст аддзела культуры райвыканкама. Ужо праз 6 гадоў клуб на чале з нястомнай Тамарай Кучынскай атрымаў званне «народны», якое падтрымлівае вось ужо на працягу дзесяцігоддзя. І будзе трымаць годную марку надалей, паабяцала Карына Мікалаеўна. Аднак, работа клуба не павінна абмяжоўвацца выключна выставамі, упэўнены яго члены. Ад «Натхнення» і яго маладога кіраўніка майстры чакаюць творчых сустрэч, рэалізацыі сумесных праектаў, якія згуртуюць умельцаў з усяго раёна.
Кожны выраб — вынік безупыннай, карпатлівай працы мастака. Але менавіта такі твор дорыць нам эстэтычнае задавальненне, натхняе, а яшчэ вяртае нас да сваіх каранёў, дзякуючы тым, хто сваёй творчасцю зберагае традыцыі беларускага народа.
Выстава будзе працаваць на працягу месяца, а таму ў жыхароў і гасцей нашага горада ёсць цудоўная магчымасць акунуцца ў свет прыгожага.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.