У Багушэўску Дзень Перамогі адзначылі мотапарадам

Вызначыць фармат мерапрыемстваў, якія прайшлі ў Багушэўску 9 мая, складана. Па-першае, іх было шмат. Многія насілі неафіцыйны характар. А галоўнае, арганізатары і ўдзельнікі свята  настолькі былі знітаваны, што вызначыць хто ёсць хто, было немагчыма.

 Як заўважыла Любоў Трубека, старшыня выканкама Багушэўскага пасялковага Савета дэпутатаў, «… Дзень Перамогі, як і большасць іншых афіцыйных мерапрыемстваў, у нас праходзіць у форме  калектыўнай творчай справы, для багушэўцаў, намаганнямі багушэўцаў, нашых арганізацый і ўстаноў».

  Роўна ў 11 гадзін на плошчы ля будынка, дзе знаходзіцца орган мясцовай улады, загучалі фанфары. Перад гледачамі адзін за другім сталі паўставаць  эпізоды той вайны: мабілізацыя, партызанскі лагер, ваенны шпіталь.Інсцэніроўкі рыхтавалі прадстаўнікі багушэўскіх працоўных калектываў. Эфектна выглядала група матацыклістаў, якая везла сцягі Рэспублікі Беларусь, Віцебскай вобласці, Сенненскага раёна і Багушэўска. Да багушэўцаў звярнуўся ваенны камісар Сенненскага ваеннага камісарыята, падпалкоўнік Сяргей Пінчук. Ён не толькі падзякаваў ветэранам за   подзвігі, але і адзначыў, што іх справу працягваюць нашчадкі, цяперашняе пакаленне беларусаў.

  Ветэраны ў той дзень трапілі пад пільную ўвагу. Пасля сустрэчы, якую для іх арганізавалі ў адміністрацыйным будынку пассавета, афіцыйных мерапрыемстваў іх запрасілі адведаць салдацкай кашы з катла ваенна-палявой кухні, прапанавалі франтавыя сто грамаў. Сярод іншых мерапрыемстваў трэба адзначыць футбольны турнір,  які разыграў кубак Багушэўска, дыскатэку для моладзі, канцэрт  добра вядомага на Сенненшчыне  калектыву мастацкай самадзейнасці Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Аляксандр Лазюк.