У БАГУШЭЎСКУ АДНАВІЛІ ДОШКУ ГОНАРУ

У Багушэўску прайшла цырымонія ўганаравання работнікаў  мясцовых прадпры­емстваў, устаноў, чые партрэты занесены на  пасялковую Дошку гонару. Мерапрыемства прайшло ў  Доме культуры ў добрых  савецкіх традыцыях, у прысутнасці шматлікіх прадстаўнікоў працоўных калектываў, родных лепшых працаўнікоў.

 Спачатку на экране з’явіліся кадры  хронік часоў СССР. Багушэўцы старэйшага пакалення ўспомнілі тыя гады, калі на першамайскую дэманстрацыю ішлі сем’ямі, маладзейшыя даведаліся, што 1 Мая — гэта свята працоўных усіх краін. Узнікла яно як  пратэст супраць жорсткай эксплуатацыі чалавечай працы і як спосаб  заявіць  рабочым пра свае сацыяльныя правы. Пра гэта расказала Людміла Шухто, якая выступіла  ў якасці вядучай вечара. Людміла Сцяпанаўна — пенсіянерка. Але  не адыходзіць ад грамадскага жыцця пасёлка, з’яўляецца аўтарам большасці  сцэнарыяў  пасялковых святаў.

 Педагогі і медыкі, работнікі лясной гаспадаркі і сувязісты, міліцыянер, школьнікі  — адзін за адным на сцэну пасялковага Дома культуры ўзнімаюцца багушэўцы, якія вызначыліся ў той ці іншай сферы дзейнасці.

 Ала Гардзецкая, начальнік АПС Багушэўск, напрыклад, заслужыла павагу землякоў не толькі тым, што працуе бесперапынна на пасадзе больш чым 21 год, выконвае  вытворчыя заданні, мае па­дзякі за добрасумленную працу. Кіраўнік, усе супрацоўнікі калектыву вельмі ўважліва ставяцца да кліентаў. У выні­ку скаргаў на культуру абслугоўвання, работу багушэўскіх паштавікоў не было на працягу многіх гадоў.

 Імя Арцёма Карніцкага, вучня 9 «Б» класа СШ №1 Багушэўска, добра вядома за межамі пасёлка і раёна. Таленавіты юнак, які валодае добрымі вакальнымі данымі, займаецца ў студыі «Альтанка» г.Віцебска. Ён пастаянны ўдзельнік канцэртаў, што праходзяць на раённай сцэне, у Багушэўску. Арцём неаднаразова перамагаў у раённым конкурсе «Ранішняя зорка», абласным. У 2010 годзе  ва Усерасійскім конкурсе вакалістаў «Камертоша» наш зямляк заняў другое месца. А сёлета ў скла­дзе вакальнай групы ў Санкт-Пецярбургу, дзе праходзіў міжнародны конкурс «Путь к звёздам», ва ўпартай барацьбе з  маладымі спевакамі з Польшчы, Украіны, Грузіі, Латвіі, Літвы і Расіі   заняў першае месца за выкананне беларускіх песень «Купалінка», «Спадчына».

 Ларыса Чарняўская — толькі кастэлянка дзіцячага садка ў Багушэўску. Тым не менш яна за 39 гадоў працы ў дашкольнай установе пакінула прыкметны след. Гэта яе працай  палымнеюць  кветнікі, гэта яе клопатамі  ладзяцца ў садку мерапрыемствы ў дзяржаўных і народных святаў, яе рукамі шыюцца касцюмы для казачных герояў, што прыходзяць да дзяцей на  Новы год, Каляды, Масленку. Сваё захапленне перадала  дзецям і ўнукам. Да сваіх непасрэдных абавязкаў жанчына таксама ставіцца вельмі адказна.

 Згодна з палажэннем аб пасялковай Дошцы гонару на яе занесены партрэты 20 асоб. На сцэну Дома культуры ўзнімаліся не толькі ві­ноўнікі ўрачыстасці. Павіншаваць намінантаў пасялковай Дошкі гонару прыйшлі, прыехалі кіраўнікі, прафсаюзныя лідары калектываў, дзе працуюць адзначаныя багушэўцы. І не з пустымі рукамі. У прыватнасці, Але Гардзецкай падарунак уручалі  Святлана Насечанка, начальнік раённага вузла паштовай сувязі, і старшыня прафсаюзнага камітэта ўстановы Наталля Цярэнцьева.

 Завяршыўся вечар у Доме культуры канцэртам, які для багушэўцаў далі малады спявак Іван Буслай і кампазітар, аўтар слоў да многіх папулярных песень Алег Жукаў.

Аляксандр Лазюк.

 На здымках:  лепшых працаўнікоў Багушэўска віншуюць на сцэне пасялковага Дома культуры.