“Вялікдзень” па-ходцаўску

Ці ведаеце вы, як святкавалі Вялікдзень нашыя продкі? Фарбаванымі яйкамі ды булкамі, як мы сёння робім, яны не абмяжоўваліся. Кожнае дзеянне старажытнага беларуса мела магічнае дзеянне. Бо ад іх, па людскіх меркаваннях, залежала ці шчаслівы будзе год, ці багаты чакае ўраджай. Вялікдзень у нашых продкаў асацыяваўся не столькі з рэлігійным святам, колькі з земляробчым календаром, як пачаткам сельскагаспадарчых, пасяўных прац. З упэўненасцю можна сцвярджаць, шчодры ўраджай чакае Ходцы. Для гэтага пастараліся супрацоўнікі мясцовага Дома культуры, якія арганізавалі і правялі для вяскоўцаў тэатралізаванае свята «Вялікдзень». У выкананні ўдзельнікаў дзейства прагучалі велікодныя песні, гульні, паданні, танцы, звычаі. Ролі выконвалі жыхаркі аграгарадка: Г.Данілава, Ж.Бардзюкова, Г.Лебедзева, Л.Жукоўская, А.Даўкшас, С.Прасвяшчэннікава. Самы актыўны ўдзел прынялі хлопцы і дзяўчаты з харэаграфічнага гуртка Ходцаўскага ДК, а таксама вучні Ходцаўскай школы. Пасля прадстаўлення гасцей свята чакала выстава велікодных страў, прыгатаваных членамі клуба нацыянальнай кухні «Хадчаначка»: Л.Ракавай, М.Догель, Л.Жукоўскай, Н.Леванскай. Гаспадынькі частавалі ўсіх жадаючых духмянай гарбатай, кулічамі і велікоднымі яйкамі.

Вольга Бандарэвіч.