За інавацыйным прадуктам – будучыня раёна

За студзень-люты гэтага года раёнам з 19 устаноўленых паказчыкаў выкананы 4: экспарт тавараў, экспарт паслуг, імпарт паслуг і сальда знешняга ганд­лю.

 Не дасягнуты параметры па вытворчасці  прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах, прадукцыйнасці працы, рэнтабельнасці продажаў ў прамысловасці, удзель­най вазе адгружанай інавацыйнай прадукцыі, рэнтабельнасці продажаў у арганізацыях сельскай гаспадаркі, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, інвестыцыях у асноўны капітал, прамых  замежных інвестыцыях, уводу ў  эксплуатацыю  жылля, рознічнаму тавараабароту, рознічнаму тавараабароту грамадскага харчавання, платных паслугах у фактычных цэнах, энергазберажэнні і імпарту тавараў, сальда знешняга гандлю таварамі.

 І, як адзначалася на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, невыкананне кожнага параметра паасобку паўплывала  тое, што суб’ектамі гаспадарання не прыняты вычарпальныя  меры. Многае пушчана на самацёк. Штодзённай арганізатар­скай і аналітычнай работы кіраўнікоў, спецыялістаў, эканамічных службаў няма.

  На прычынах невыканання ўсіх 15 прагнозных паказчыкаў падрабязна спыніцца практычна  немагчыма. Таму засяродзім вашу ўвагу, паважаныя чытачы, толькі на  асобных. Скажам, удзельная вага адгру­жанай інавацыйнай прадукцыі арганізацыямі, асноўным відам эканамічнай дзейнасці якіх  з’яўляецца вытворчасць прамысловай  прадукцыі, у агульным аб’ё­ме адгружанай прадукцыі склала «нуль». Прычына: няма работы  па распрацоўцы і вытворчасці інавацыйнай прадукцыі, замене ўстарэлага або ўстаноўцы новага абсталявання. Сёння трэба выпускаць  высакаякасную і канкурэнта­здольную прадукцыю. Нель­га з Сянно весці прадаваць самавар у Тулу, а новых відаў тавараў, прадукцыі няма. На старым абсталяванні і выраб будзе адпаведны. Каб зарабіць прыбытак, трэба больш прадаваць. Ва ўмовах рынкавых адносін рабіць гэта з кожным годам усё складаней і без удасканальвання вытворчасці і нарошчвання аб’ёмаў інавацыйнай прадукцыі дасягнуць поспеху практычна  немагчыма.

 Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці, ды і ў сельскай гаспадарцы, залежыць не толькі ад узроўню вытворчасці, але і цэн на паліва-энергетычныя рэсурсы, сыравіну і матэрыялы. А яны ў апошні час раслі, што, безумоўна, вяло да росту затрат на вытворчасць прадукцыі.

 Выкананне задання па рэнтабельнасці продажаў у сельскай гаспадарцы планавалася з улікам прыросту ў студзені-лютым 2011 года вытворчасці прадукцыі да аналагічнага перыяду мінулага года на ўзроўні 130%. Але ні адным сельгаспрадпрыемствам заданне не выканана. Горш таго, узровень вытворчасці валавой  прадукцыі мінулага года не дасягнуты калектывамі ААТ «Какоўчына», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», КУСГП імя Гараўца, «Полымя», прыватнага прадпрыемства «Дружбінец».

 Зыходзячы са 130-пра­цэнт­нага росту планаваўся і паказчык вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. На самой жа справе рост за два месяцы дасягнуты толькі  на ўзроўні 111%.

 Вытворчасць  прадукцыі  буйной рагатай жывёлы і свіней склала ўсяго 100% да аналагічнага перыяду мінулага года. Меншыя, чым у сярэднім па раёне, былі прывагі буйной рагатай жывёлы ў КУСГП «Полымя», ААТ «Кругляны», «Сінягорскае», «Пурплева». У шасці гаспадарках раёна  знізілася ў параўнанні са студзенем-лютым мінулага года прадукцыйнасць дойнага статка. Напрыклад, ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» надой на карову склаў 184 кілаграмы (у 2,5 раза ніжэй за сярэднераённы паказчык). Для параўнання скажам, што надой за два месяцы ў ДП «Саўгас імя Машэрава» быў 718 кілаграмаў,  у ПП «Дружбінец» — 757 кг.

 На развіццё эканомікі раёна ў студзені-лютым накіравана 6,4 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капі­тал, што складае 86,3% да адпаведнага перыяду мінулага года. У структуры інвестыцый звыш 40% — гэта будаўніча-мантажныя работы, 12,5 % — набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў. У той жа час захоўваліся нізкія тэмпы інвестыцый у будаўніцтва жылля. Першыя два месяцы года поўнасцю адсутнічала фінансаванне будаўніцтва ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

 Калі ў будаўніцтве параметры прагнозу не выкананы па аб’ектыўных прычынах, то для гандлю спасылкі на неўкамплектаванасць матэрыяльна адказнымі асобамі аб’ектаў ганд­лю і грамадскага харчавання, скарачэнне іх рэжыму работы, неарганізаванасць выязнога гандлю на рынкі вобласці і за межы, недастатковасць мяса свініны, адсутнасць асартыменту тавараў прамысловай групы, прама скажам, не зусім абгрунтаваныя, бо не задзейнічаны чалавечы фактар.

 Можна і далей прыводзіць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны невыканання прагнозных параметраў-заданняў. Аднак  лягчэй ад гэтага нікому не стане: ні кіраўнікам раёна, ні нам з вамі, паважаныя грама­дзя­не, у плане паляпшэння ўзроўню жыцця.

 У адным з пунктаў рашэння раённага выканаўчага камітэта ад 4 красавіка 2011 года «Аб выніках работы за студзень-люты  і ацэнцы вынікаў I квартала 2011 года па выкананні даведзе­ных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця» запісана: «6.4. забяспечыць выкананне ўсіх паказчыкаў прагнозу па выніках работы за сту­дзень-май 2011 года». Вось гэта і ёсць задача, над якой сёння павінны працаваць кіраўнікі, спецыялісты (любога рангу) і радавыя выканаўцы.

 Міхаіл Бялоў.