Сенненскія ідэолагі за здаровы маральна-псіхалагічны клімат у калектыве.

Чарговы семінар з адказнымі за ідэалагічную работу прайшоў на базе УП «Сяннобудмеліяводгас». За апошнія два гады значна вырас дабрабыт прадпрыемства. Гэта дазволіла не толькі выконваць будаўніча-мантажныя работы на  больш высокім узроўні, але і палепшыць умо­­вы працы будаўнікоў. З прыходам на пасаду дырэктара Васіля Аляксандравіча Ступаневіча пачалося аднаўленне тэх­нікі, мадэрнізацыя падсобнай вытворчасці, камп’ю­та­рызацыя, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Стары арматурны цэх пераабсталявалі ў дрэваапрацоўчы, набылі два дрэваапрацоўчыя і адзін заточны станкі. За кошт уласных сродкаў прадпрыемства створаны два працоўных месцы. Закупілі такарны станок, ручны электраінструмент, што дазволіла стварыць яшчэ адно працоўнае месца. У выніку аднаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы  знізіліся залежнасць прадпрыемства ад старонніх  арганізацый і сабекошт працы, павялічылася вытворчасць. У кацельні ўстанавілі новы кацёл для ацяплення падвальнага па­мяш­кання, у якім цяпер вядуцца рамонтныя работы. У хуткім часе бу­дзе адкрыта трэнажорная за­ла, дзе работнікі прад­пры­емства змогуць пад­трым­ліваць сваё фізічнае здароўе. Абсталёўваюцца душавыя.  Яшчэ адной ра­даснай па­дзеяй стаў рамонт адміністрацыйнага будынка. Сваімі сіламі адрамантавалі кабінеты, замянілі вокны, дзверы, зрабілі пакой адпачынку, закупілі камп’ютарную тэхніку, эстэтычны вы­гляд набылі інфармацыйныя стэнды.

 Шмат намаганняў было прыкладзена, каб навесці парадак на тэрыторыі прад­прыемства. Убралі рэшткі бетоннага вузла, каля майстэрняў заклалі сад з пладовых  дрэў. Плануецца абсталяваць спартыўную пляцоўку. На балансе прадпрыемства знаходзіцца ведамасны інтэрнат, у якім па меры магчымасці вядуцца рамонтныя работы.

 Агульная карціна вытворчасці складаецца з працы ўсяго калектыву. На прадпрыемстве заняты больш за 200 працуючых. Іх намаганні накіраваны на тое, каб разам з ростам уласнага дабрабыту расло і мацнела прадпрыемства.

 У 2010 годзе асноўнымі накірункамі з’яўляліся нарошчванне аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ, зніжэнне сабекошту, павелічэнне сярэднямесячнай заработнай платы, абнаўленне асноўных сродкаў. За мінулы год аб’ём  падрадных работ выкананы на 192%. Атрымана чыстага прыбытку 633 млн рублёў. Рост аб’ёму будаўніча-мантажных работ дазволіў павялічыць заработную плату. Сярэднямесячная зарплата ў 2010 годзе склала 1 млн 437 тыс. рублёў і павялічылася ў параўнанні з папярэднім на 126%. Вытвор­часць працы вырасла на 123%, выпрацоўка на аднаго работніка склала 60 млн рублёў. Аб’ём платных паслуг насельніцтву ў параўнанні з 2009 годам павялічыўся ў 3,2 раза. Намечаныя фінансава-эканаміч­ныя паказчыкі па бізнес-плану выкананы. Уведзены 32 аднакватэрныя жылыя дамы ў населеных пунктах раёна, зроблены бягучыя і капітальныя рамонты сацыяльных аб’ектаў і аб’ектаў сельскай гаспадаркі. Аб’ём  інвестыцый склаў 418 млн рублёў. Галоўнай мэтай стратэгічнага развіцця прадпрыемства ў 2011 годзе з’яўляюцца павышэнне эфектыўнасці і аб’ёму будаўніча-мантажных работ, якасці аб’ектаў, якія ўводзяцца, поўная за­груз­ка магутнасцяў, стварэнне новых працоўных месцаў, стабільнае забеспячэнне работнікаў заработнай платай. Выкананне намечанага немагчыма без далейшага тэхнічнага развіцця. Запланавана пераабсталяванне піларамы для дрэваапрацоўчага цэха. З цягам часу на базе прад­пры­емства будзе працаваць цэх па шынамантажу.

 Рухацца наперад, рэалізоўваць любыя планы немагчыма без належнай дысцыпліны. Таму пытанням дысцыпліны надаецца вялікая ўвага. Цякучасць кадраў у мінулым годзе склала 69%. Засталіся працаваць тыя, хто вытрымаў так званы экзамен на трываласць.

 Калектыў падабраўся працавіты, усе адказныя, разумеюць, што  будуюць для людзей. Не будзе скаргаў, значыць будаўнікі зрабілі ўсё належным чынам. Да канца 2011 года пры ўвя­дзен­ні сістэмы кіравання аховай працы будуць выкарыстоўвацца  і талоны сістэмы папярэджання няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Атрымаеш адно папярэджанне — аб’я­вяць вымову, два — пазбавяць прэміі. Трэцяе парушэнне пагражае звальненнем. Прадпрыемства не стаіць  на месцы, а дына­міч­на развіваецца. Аналізуюцца і падводзяцца вы­нікі працы  на ўсіх узроўнях.

 Галоўнае, лічыць адказная за ідэалагічную работу Ларыса Іванаўна Усціновіч, устанаўленне здаровага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве, бо без яго немагчыма дасягненне высокіх вынікаў.

 Пра выкананне рашэння раённага выканаўчага камітэта №815 ад 15.10.2010 г. «Стан і ўдасканальванне ідэалагічнай работы ў калектывах Сенненскага раёна» ў час семінара  расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С.С.Мяцеліца.

 Пра арганізацыю інфармацыйна-ідэалагічнай работы ў перыяд правядзен­ня вясенне-палявых работ паведаміў галоўны спе­цыя­ліст аддзела ідэалагіч­най работы райвыканкама У.В.Кадыш.

 З арганізацыяй работы ў працоўных калектывах раёна па рэалізацыі Указа №43 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб аб’яўленні 2011 года Годам прадпры­мальнасці» і  Дырэктывы №4 Прэзідэнта РБ «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў РБ» пазнаёміла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Л.Ц. Сцепаненка. Прыняцце дадзеных дакументаў накіравана на развіццё канкурэнтаздольнага  прадпрымальніцкага сектара эканомікі шляхам правядзення рэформ, пры­з­ваных падтрымаць прадпрымальніцкую ініцыятыву. Прадпрымальніцтва займае ўстойлівае месца ў эканоміцы раёна, садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, развіццю сферы паслуг і гандлю, вытворчасці спажывецкіх тавараў, стварэнню новых працоўных месцаў.

 Аб удзеле ідэалагічнага актыву ў рабоце з нядобранадзейнымі  сем’ямі прысутных пазнаёміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Н.В.Рыбчанка.

 Дзякуючы прымаемым мерам па выкананні патрабаванняў Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях», зменшылася колькасць дзяцей, якія знахо­дзяц­ца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Калі на 1.01.2007 г. (пачатак дзеяння Дэкрэта) у Сенненскім раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзілася 274 дзіцяці з 134 сямей, то на 1.03.2011 г. гэта лічба склала 125 дзяцей з 66 сямей. За час дзеяння Дэкрэта ў біялагічныя сем’і вернута 51 дзіця (у 2009 — 8, у 2010 — 14). У сваім выступленні Наталля Віктараўна засяродзіла ўвагу на пытанні кампенсацыі бацькамі расходаў на ўтрыманне дзяцей у дзяржустановах. Як паказвае практыка, абавязаныя асобы на справе жадання працаваць не маюць. Нямногія ўсведамляюць сваё  становішча і разумеюць, што ім даецца шанц вярнуцца да нармальнага жыцця. Асноўная маса з п’янствам развітвацца не спяшаецца.

 Вопытам работы з праблемнымі сем’ямі ў сваіх калектывах падзяліліся адказныя за ідэалагічную работу ДП «Саўгас імя Машэрава» Л.С.Блажэвіч і ААТ «Сенненскі райаграсервіс» А.У.Кісель.

 Напрыканцы семінара выступіла агітбрыгада УП «Сяннобудмеліяводгас». Маладыя людзі выканалі гімн прадпрыемства ўласнага сачынення і падрыхтавалі невялікую літаратурна-музычную кампазіцыю.

 Вынікі работы семінара падвяла  намеснік старшыні райвыканкама З.С.Фа­­мі­на.

Ларыса Мукамолава.