Выпрабаванне снегам вытрымалі, але…

Снегапады, што прайшлі ў канцы мінулага года, не сталі нечаканасцю для камунальнікаў, дарожні­каў, энергетыкаў. Метэаролагі паведамілі пра ападкі своечасова. Было аб’яўлена штармавое папярэджанне. У раёне быў створаны аператыўны штаб, якім кіраваў Сяргей Пракаповіч, намеснік старшыні райвыканкама. Згодна з яго рашэннем да ачысткі ад снегу тэрыторыі горада, іншых населеных пунктаў, дарог была прыцягнута тэхніка будаўнічых прадпрыемстваў, іншых арганізацый.

Як працавалі энергетыкі

 Улічваючы  рэальную пагрозу парушэння электразабяспечанасці спажыўцоў, у РЭСе быў аб’яўлены агульны збор персаналу. Працавала не толькі дзяжурная брыгада манцёраў. Непрацяглае адключэнне электрычнасці 1 студзеня мела месца ў Машканах, Папоўцы, Красным сяле, Лапатні­ках, Нярэйшы, Шчытоўцы і Паграбёнцы, назаўтра — у Обалі. Аднак сітуацыя заставалася пад кантролем. Вытворчыя аб’екты па прычыне адсутнасці электрасілкавання не спыняліся, людзі без цяпла Новы год не сустракалі. Спажыўцы электраэнергіі ніякіх нязручнасцей па прычыне адключэння электрычнасці не мелі.

 Больш таго, брыгада электраманцёраў майстра М.Л. Вярцінскага ў складзе сямі чалавек 3 студзеня  ў 4.00 была накіравана на дапамогу калегам з Полацка. У камандзіроўцы сенненскія электраманцёры знаходзіліся больш двух сутак. У нашым раёне найбольшы аб’ём работ выканалі брыгады манцёраў пад кіраўніцтвам С.В. Шульгі і С.І. Кухлеўскага.

 Да ўсяго сказанага варта дадаць, што энергетыкі працавалі і на расчыстцы вуліц Сянно ад снегу, убіралі яго ад падстанцый.

 …дарожнікі

 Пра работу дарожнікаў мы вырашылі распытаць у аўтамабілістаў. Слова начальніку аўтастанцыі г.Сянно С.М.Аніковіч:

 «Праблемы ў аўтамабілістаў пачаліся 2 студзеня. У гэты дзень аўтобус  на маршруце Сянно- Літусава з адпраўленнем у 4.30 дайшоў толькі да Ледневіч, ды і то ад Янова вадзіцель вёў машыну па заснежанай дарозе. Толькі да Навасёлак прабіўся наш аўтобус, які рухаўся па маршруце Сянно — Берашова з адпраўленнем у 6.00. Рэйс Сянно — Відокі з адпраўленнем у 13.30 не заходзіў у Мянюцева, на станцыю Бурбін, бо дарогі былі нерасчышчаныя. 3 студзеня перавозка пасажыраў таксама здзяйснялася ў экстрэмальных умовах. Ранішні рэйс Сянно-Канева завяршыўся ў Пожаньках. Далей аўтобус не пайшоў, бо  дарога  была забіта сумётамі снегу. Па той жа прычыне не быў выкананы рэйс на 6.25 па маршруце Сянно-Леснікова. Нават у Какоўчына аўтобус прабіўся з цяжкасцямі, на станцыю вярнуўся са спазненнем. Спазняліся аўтобусы, якія здзяйснялі рэйсы па маршруце  Сянно-Віцебск праз Машканы. Пераважную большасць прэтэнзій мы маем да ДРБУ-146. Нават пасля зваротаў да кіраўніцтва дарожнай арганізацыі сітуацыя да лепшага мянялася марудна».

 Зрэшты, пра аператыўнасць работы дарожнікаў можна меркаваць па тым, што нават 4 студзеня частка рэйсаў пасажырскіх аўтобусаў, у прыватнасці, на Азярэцк, Какоўчына праз Нямойту былі выкананы са значным спазненнем. Многія аўтобусныя прыпынкі да гэтага часу застаюцца нерасчышчанымі. Прэтэнзіі да стану пасажырскіх прыпынкаў Святлана Аніковіч выказвае і да РУП ЖКГ.

  — Адрозненне хіба ў тым, што камунальнікі адэкватна рэагуюць на нашы звароты, — удакладніла яна.

 Нерасчышчаныя ад снегу дарогі заміналі рабоце аўталавак райспажыўтаварыства, дастаўцы прадуктаў першай неабходнасці ў сельскія магазіны. Прэтэнзіі да дарожнікаў ДРБУ-146 маюць медыкі «хуткай дапамогі».

 …камунальнікі

 Раніцай 6 студзеня, напярэдадні трох выхадных дзён  у сувязі з праваслаўнымі Калядамі, старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка запрасіў на сустрэчу, аднак не ў службовы кабінет, свайго намесніка Сяргея Пракаповіча, кіраўніцтва РУП ЖКГ у асобе Мікалая Жукоўскага, галоўнага інжынера прадпрыемства,  Міхаіла Бязручанкі, начальніка цэха па тэхнічным абслугоўванні і эксплуатацыі жыллёвага фонду, Аляксандра Гардзецкага, начальніка аддзела па фізкультуры, спорту і турызму, Віктара  Наваковіча, начальніка аддзялення ДАІ Сенненскага РАУС. Адказныя асобы сустрэліся ля лядовай пляцоўкі, што знаходзіцца па вуліцы Перамогі ў Сянно. Штодня ў дні школьных канікул тут збіралася шмат дарослых і дзяцей. Для аматараў актыўнага адпачынку арганізаваны пракат канькоў, гучыць музыка, увечары пляцоўка асветлена. Аднак не заўжды. Напярэдадні сустрэчы, каб запаліць ліхтар, давялося звяртацца да паслуг  спецыялістаў раённых электрасетак.

 Эдуард Герасіменка ўказаў на шэраг іншых недапрацовак, якія  кідаюцца ў вочы з першага погляду. Лаўкі, дзе можна было б змяніць паўсядзённы абутак на чаравікі з канькамі, занесены снегам, падыходы да пляцоўкі расчысцілі, калі так мовіць, толькі напярэдадні. Пры гэтым уваходныя дзверы на лёд зламалі. Частка іх чамусьці апынулася на праезнай частцы бліжэйшай вуліцы.

  — Чаму з усімі гэтымі пытаннямі сенненцы звяртаюцца да старшыні райвыканкама, а не да вас? Чаму так дрэнна працуюць людзі, якія  знаходзяцца пад вашым кіраўніцтвам? — гэтыя і іншыя пытанні Эдуарда Герасіменкі павіслі ў паветры.

 Дрэнна расчышчаныя вуліцы, двары шматкватэрных дамоў, пляцоўкі для стаянак аўтамабіляў, слізкія тратуары, кантэйнеры, даверху запоўненыя смеццем, — такім паўстаў спальны мікрараён у цэнтры Сянно. Не лепш выглядалі двары дамоў у раёне  ПМС, бальніцы. Нават праз тры дні, якія  Эдуард Герасіменка адвёў для навядзення парадку ў горадзе, яны заставаліся ў снежным палоне. Тратуары супрацьгалалёднымі рэагентамі былі апрацаваны толькі напярэдадні рабочага тыдня, ды і то толькі ў цэнтры горада.  Пасажыры ў месцах высадкі-пасадкі ледзь трымаліся на нагах на заснежаных абледзянелых прыпынках.

 Сказаць, што камунальнікі нічога не рабілі, не паварочваецца язык. У перыяд навагодніх снегападаў службы прадпрыемства супольна з іншымі арганізацыямі горада і раёна забяспечылі  жыццядзейнасць гаспадарчага комплексу. Сціхла стыхія —  «камунальная машына» знізіла абароты, стала працаваць як заўжды. Давайце будзем шчырымі — ні адну з  паслуг спажыўцы ў поўным аб’ёме не атрымлі­ваюць: ці  то свята прыйшло, ці то каляндар адлічвае дні паўсядзён­нага жыцця.

Аляксандр Лазюк.