Укладанні вярнуцца

У канцы мінулага года на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта падведзены вынікі агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы сельгасарганізацый. У сваім рашэнні выканкам у прыватнасці адзначыў, што значная работа па навядзенні належнага парадку на машынных дварах і прылягаючых тэрыторыях, падрыхтоўцы рамонтных майстэрняў да работы ў зімовых умовах, пастаноўцы тэхнікі на працяглае зімовае захаванне выканана ў адкрытых акцыянерных таварыствах «Ульянавічы»,  «Белая ліпа», «Літусава», «Студзёнка», «Бяленева», «Сінягорскае», КУСГП імя Гараўца, ДП «Саўгас імя Машэрава», РУП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Пераможцам конкурсу ў намінацыі,  дзе сапернічалі прадпрыемствы абласной і рэспубліканскай падначаленасці, прызнаны саўгас імя Машэрава. Сярод прадпрыемстваў, права ўласнасці на якія належыць райвыканкаму,  месцы размеркаваліся наступным чынам: І — ААТ «Ульянавічы», ІІ — ААТ «Белая ліпа», ІІІ — ААТ «Літусава». Згодна з умовамі конкурсу прадпрыемствы-пераможцы заахвочаны прэміямі ў суме  30 базавых велічынь за першае месца, 20 — другое, 10 — трэцяе. Акрамя таго, ААТ «Ульянавічы» і саўгас імя Машэрава атрымалі права набыць у 2011 годзе на ўмовах  доўгатэрміновага крэдыту трактар «Беларус», ААТ «Белая ліпа» — дыскатар, ААТ «Літусава» — дыскавую касілку. Са станоўчага боку адзначана работа, што была праведзена ў акцыянерных таварыствах  «Бяленева»,  «Студзёнка», «Сінягорскае», «Кругляны», КУСГП імя Гараўца, РУП «Дружбінец», райаграсервісе. Адным з пунктаў рашэння раённы выканаўчы камітэт рэкамендаваў праўленням і дырэкцыям названых гаспадарак прэміраваць кіраўнікоў і галоўных інжынераў грашовай выплатай у суме 5 базавых велічынь.

 Асабліва прыкметныя змены да лепшага адбыліся ў майстэрні і на машынным двары ААТ «Ульянавічы», дзе галоўным інжынерам працуе Сяргей Масюта. Пры вострым дэфіцыце кадраў механізатараў ён нярэдка садзіцца за руль трактара, у час жніва працуе камбайнерам. Пры гэтым не забывае пра свае непасрэдныя абавязкі спецыяліста. Выступаючы перад членамі выканкама, Уладзімір Прыстаўка, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, не хаваў свайго задавальнення: «Тэрыторыя машынна-трактарнага двара гаспадаркі за год добраўпарадкавана да непазнавальнасці: падсыпана шчэбнем і жвірам, месцамі заасфальтавана. З’явілася агароджа па ўсім перыметры, уезд абсталяваны неабходнымі знакамі і ўказальнікамі.Тэхніка  на зімовае захаванне пастаўлена  ў адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі па сектарах, відах і марках, на спецыяльных  пляцоўках для захавання тэхнікі. Новае жыццё атрымаў склад гаруча-змазачных матэрыялаў. На яго тэрыторыі акрамя спецыяльных ёмістасцей з’явіліся будынак для захавання ГЗМ, што расфасаваны ў дробную тару, памяшканне для загадчыцы склада. Склад агароджаны металічнай афарбаванай агароджай. Паглядзець на зроб­ленае прыемна, бо работы выкананы грунтоўна, у адпаведнасці з патрабаваннямі па ахове працы».

 Сярод іншых новабудоўляў, што з’явіліся за мінулы год на машынна-трактарным двары ААТ «Ульянавічы»,звяртае на сябе ўвагу прыбудова да майстэрні, якая стала рабочым месцам для газаэлектразваршчыка. У асобным памяшканнні захоўваецца яго вытворчае абсталяванне.

   Тэхналагічнае абсталяванне, запасныя часткі, любыя матэрыяльныя каштоўнасці ў добрага гаспадара дакладна ўлічваюцца, для кожнай адзінкі адведзена асобнае месца. У сельгасарганізацыі нават  пры спісанні старой тэхнікі кожны вузел бяруць на ўлік, захоўваюць пад спецыяльна пабудаванай павеццю. Побач яшчэ адна такая ж пабудова. Тут знаходзяцца спараныя колы зернеўборачных камбайнаў, энерганасычаных трактароў. Як правіла, яны выкарыстоўваюцца ў вытворчым працэсе вельмі непрацяглы перыяд. Пакінуць без нагляду — праз месяц не зной­дзеш. Таму для захавання спараных колаў таксама  знайшлося  месца.

 Работы на машынным двары працягваюцца. У 2011 годзе з’явіцца пляцоўка для мыйкі тэхнікі. Частка абсталявання ўжо ўстаноўлена. Тым самым будзе вырашана праблема аховы навакольнага асяроддзя, зняты ўсе пытанні, што ўзнікалі  ў экалагічных службаў. Кіраўніцтва гаспадаркі ў асобе Уладзіміра Багданоўскага разумее, што добрая тэхнічная база дазволіць развіваць далей астатнія галіны эканомікі.

 На навацыі патрачаны значныя сродкі. Частку іх узялі з тых, што выдаткоўваліся для аграгарадка. Выкарыстоўвалі банкаўскія крэдыты, уласныя свабодныя сродкі. Дапамагалі шэфы, у першую чаргу, ДРБУ-146. Але праўленне акцыянернага  прадпрыемства ўпэўнена, што ўсе гэтыя ўкладанні вернуцца праз нарошчванне вытворчасці сельгаспрадукцыі, праз падаўжэнне тэрміну эксплуатацыі тэхнікі, праз захаванне здароўя механізатараў.

Аляксандр Лазюк.

 На здымках: Сяргей Масюта