В Сенненском районе бешеный енот укусил мужчину  

У вёсцы Атраднае Беліцкага сельсавета трое сяброў адзначалі прафесійнае свята. Пасядзелкі перапыніў брэх сабакі. Калі хлопцы выйшлі ў двор, то сталі сведкамі незвычайнай карціны — ля сабачай будкі сядзеў янот, якога сваім брэхам спрабаваў выправіць у лес хатні Шарык.

Янот рэагаваў вяла нават на воклікі людзей. Праўда, калі гаспадар сядзібы вырашыў пасадзіць яго на ланцуг, госць з лесу стаў агрызацца, некалькі разоў укусіў мужчыну за руку. Агрэсія янота астудзіла запал “дрэсіроўшчыкаў”, і яны патэлефанавалі ў бальніцу, у аддзяленне “хуткай дапамогі”.

Пасля таго як медыкі разам з пакусаным вяскоўцам пакінулі населены пункт, янот паранейшаму знаходзіўся ў двары. Увага людзей зноў пераключылася на яго — адзін з мужчын ударыў жывёліну. Янот адказаў, ухапіўшы за нагу. Рана аказалася нязначнай і мужчыны яе праігнаравалі.

А тым часам у вёсцы з’явіліся ветэрынары. Яны ізалявалі янота, узятыя пробы пацвердзілі падазрэнне — жывёла хворая на шаленства. А значыць людзям, якія з ёй кантактавалі, патрэбна неадкладная дапамога.

   Наша даведка

Шаленства — смяротнае захворванне, на якое хварэе жывёла і чалавек. Яно не лечацца. Перадаецца праз кроў, іншыя вадкія выдзяленні.  Абаронай ад шаленства служыць вакцынацыя, а пры кантакце з носьбітам праводзіцца курс антырабічных прышчэпак.

Аказаць дапамогу асобе, што знаходзілася ў бальніцы, было проста. А вось пошукі другога кантакцёра некалькі зацягнуліся. Дома мужчыны не было — паехаў у райцентр і … знік. Як высветлілася, трапіў у ізалятар часовага ўтрымання РАУС.

— У рэшце рэшт усе пацярпелыя ў выніку кантакту з хворым на шаленства янотам атрымліваюць антырабічныя прышчэпкі, — запэўнівае Святлана Вярцінская, памочнік урача-інфекцыяніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Назіранне ўстаноўлена і за сабакам, з якім кантактаваў шалёны янот, за іншай хатняй жывёлай у Атрадным і навакольных вёсках. Але тут сітуацыя больш аптымістычная. У маі сёлетняга года ветэрынары праводзілі вакцынацыю.

— Прымаюцца і іншыя неабходныя меры па недапушчэнні распаўсюджвання шаленства. Вядзецца адстрэл безнагляднай хатняй жывёлы, аб сітуацыі праінфармавана насельніцтва, кіраўнікі сельгасарганізацый, лясной гаспадаркі, мясцовыя паляўнічыя. Яны ведаюць, што неабходна рабіць, — запэўнівае Васілій Кошалеў, старшыня Беліцкага сельвыканкама.

Аляксандр Іўеў.