Не забывай мяне, мама!

Стаю на прыпынку ля рэстарана і назіраю за тым, як дзве жанчыны перабягаюць у неналежным месцы дарогу. Праз хвіліну адна з іх ужо звяртаецца да мяне: ці ведаю я, у колькі адпраўляецца аўтобус на інтэрнат. Так, бо сама ж туды накіроўваюся. «А назад?». Я не паспяваю даць адмоўны адказ, як яе супакойвае сяброўка: «Не  хвалюйся,  доўга не затрымаемся». Увесь сэнс сказаных слоў дайшоў да мяне тады, калі мы апынуліся на адным і тым жа мерапрыемстве. «Доўга не затрымлівацца» жанчынкі планавалі ў сваіх родных дзяцей…

  Дзевяць сямей з’ехаліся на сустрэчу са сваімі дзецьмі, а заадно з прадстаўнікамі ўлады і грамадскасці. Гэтае мерапрыемства стала магчымым дзякуючы ініцыятыве намесніка старшыні райвыканкама, старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» З.С.Фаміной. Актывісткі грамадскай арганізацыі некалькі дзён званілі гора-бацькам, упрошваючы іх паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Не ўсе знайшлі сілы паглядзець у вочы сваім дзецям. На сустрэчу запрашаліся выключна жыхары Сенненскага раёна, чые сыночкі і дачушкі выхоўваюцца ў школе-інтэрнаце. Аднак, дзякуючы выхаванцам школы, якія самі тэлефанавалі сваім бацькам, прысутнічалі нават мамы з суседніх раёнаў.

 Углядваюся ў твары. Адны — заплылыя ад доўгіх п’янак, другія — досыць прывабныя, яшчэ не кранутыя алкаголем. Што прымусіла гэтых жанчын, маці, так раўнадушна аднесціся да сваіх крывінак?! Дзіцячыя вочы, між тым, свяціліся шчасцем ад таго, што можна дакрануцца да мамінай рукі, пачуць яе голас. 

 Па словах  дырэктара ўстановы Леаніда Казлова, у інтэрнаце сёння пастаянна жывуць 102 дзіцяці. Толькі ў 14% няма бацькоў. Астатнія — т.зв. сацыяльныя сіроты. Ім тут лепш, чым дома. «Мы вучым іх, пачынаючы ад элементарнага ўмывання, даем паўнацэнную адукацыю, прафесію». У рамках праекта школы-фабрыкі інтэрнатаўцы асвойваюць майстэрства швачкі, сталяра, трактарыста і г.д. Многія паспяхова сканчваюць вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, уладкоўваюцца на прыстойную працу. Нават у дарослым жыцці супрацоўнікі інтэрната не забываюць сваіх падапечных, адсочваюць іх лёс, дапамагаюць. Выхавальнікі, па магчымасці, замяняюць ім маму і тату. І ўсё ж прыярытэт за сям’ёй. На сёння 28 выхаванцаў знайшлі сем’і. Васьмярых усынавілі, шасцёра вярнуліся да біялагічных бацькоў. Актыўна практыкуецца гасцявы варыянт, калі дзеці запрашаюцца ў чужыя сем’і на святы, канікулы, выхадныя. З гатоўнасцю ідуць на гэта італьянцы і ўсё больш сенненцаў. Сярод іх — начальнік аддзела культуры райвыканкама Ларыса Новікава. На сустрэчы яна падзялілася сваім вопытам. Таццяна і Аляксей адразу адчулі сябе роднымі ў яе сям’і. Сёння яны — студэнты ВНУ — вельмі ўдзячны гасцявой маме за падтрымку.

 Лёс інтэрнатаўца нікому не пажадала б Тамара Кучынская, кіраўнік клуба народных майстроў «Натхненне», чыё дзяцінства з-за п’янства бацькі прайшло ў Ветрынскай школе-інтэрнаце. Маці не магла матэрыяльна дапамагаць дачцэ. Тамара Міхайлаўна выбівалася ў людзі сама. Недаядала, недасыпала, але вывучылася, стала майстрам сваёй справы. Цяпер яна — клапатлівая жонка, маці, бабуля і прыклад жыццёвай стойкасці для сённяшніх выхаванцаў інтэрната.       

 Перад старшынёй суда Сенненскага раёна Інай Досавай праходзіць нямала бацькоўска-дзіцячых спраў. Большая частка з іх — выбіванне даўгоў. Абавязаныя асобы павінны дзяржаве за ўтрыманне дзяцей больш за два з паловай мільярда рублёў. У дзевяці прысутных  сямей агульны доўг складае 81 млн 709 тыс. рублёў.

 За час дзейнасці Дэкрэта № 18 праз раённы суд прайшла 21 грамадзянская справа аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах. 18 бацькоў былі адноўлены. Тры разы суд адмовіў. Прычым у двух выпадках падставай для адмовы стала меркаванне дзяцей. На мерапрыемстве сем’ям было прапанавана азнаёміцца з памяткамі «Што неабходна, каб аднавіцца ў бацькоўстве». Аднак самае цяжкае не сабраць стос дакументаў і даведак, а наладзіць узаемаадносіны са сваімі дзецьмі. Пра якія стасункі можа казаць, напрыклад, той факт, што адна з «матуль» убачыла сына ўпершыню за 13 гадоў і нават не пазнала яго! Не мае часу для наведвання Арцёма Людміла Н. Маючы кучу братоў і сясцёр, хлопчык аказаўся выкінутым з сям’і. Арцём ужо не чакае ад маці спачування. Прызнаецца, што на сустрэчу яе запрасіў выключна дзеля цікаўнасці, паглядзець на жанчыну, якая дала яму жыццё. Саша вельмі падобны на сваю маці Ірыну Л.: бялявы, круглатвары хлопчык. Кажуць, сям’я спачатку жыла вельмі добра, пакуль бацькі не пацягнуліся за бутэлькай, і Сашка апынуўся ў інтэрнаце. Малышы, Грыша і Паша, літаральна абляпілі бацьку, а той баяўся і на хвіліну выпусціць з рук сваё бацькоўскае шчасце. Прыемна было назіраць за пяшчотнымі, клапатлівымі зносінамі паміж імі. Аляксандр П. па стану здароўя не можа займацца іх выхаваннем. Больш нікога з родных у хлапчукоў няма. Мужчына, не ў прыклад гора-матулям, пастаянна праведвае сыноў. Такія адносіны, на жаль, — рэдкае выключэнне.

 Супрацоўнікі інтэрната арганізавалі для бацькоў экскурсію па ўстанове. Яны наведалі гурткі, майстэрні, класы, спальныя карпусы. Дзеці самі расказвалі сваім родным як жывуць і чаму навучаюцца ў сценах школы. Іх дасягненні былі прадстаўлены на выставе. Пакоі ўражвалі чысцінёй і ўтульнасцю. Над ложкамі многіх вісяць фотаздымкі: шмат з сябрамі, аднакласнікамі, з італьянскімі сем’ямі і ніводнай з біялагічнай…

 Рыхтуючыся да сустрэчы, дзеці напісалі лісты да матуль. У выніку атрымаўся цэлы зборнік «Прывітанне, мама». Многія пісьмы былі агучаны. Слухаючы дзіцячыя спавяданні, дарослыя з цяжкасцю стрымлівалі слёзы. З вуснаў чуліся асуджэнне, крыўда, боль, адзінота і разам з тым любоў, удзячнасць і надзея на тое, што мама выправіцца. Напрыканцы «мамы» плакалі, прасілі прабачэння ў дзяцей. Бо самае жудаснае пачуць ад свайго дзіцяці кароткае: «Калі шчыра, я не назаву сваю маму мамай, і ў мяне слоў для яе няма!»

Вольга Бандарэвіч.

 

 

«У Беларусі не павінна быць ніводнага кінутага дзіцяці!» — так кіраўнік дзяржавы агучыў сваё стаўленне да праблемы сацыяльнага сіроцтва. У «Голасе Сенненшчыны» неаднаразова ўзнімалася гэтая балючая тэма. Пісалі мы пра нядобранадзейныя сем’і, што пражываюць на тэрыторыі раёна; пра мерапрыемствы, што праводзяцца мясцовай уладай і грамадскасцю, каб ліквідаваць ганебную з’яву. Між тым, героямі публікацый станавіліся людзі, якія не пабаяліся ўзяць у сям’ю чужое дзіця і тым самым знайшлі сваё бацькоўскае шчасце. Хочацца спадзявацца, што сваім прыкладам яны натхняць на добрую справу многіх землякоў. А парады псіхолагаў будуць дарэчы тым,  хто плануе ўзяць на выхаванне дзіця і збіраецца ў бліжэйшы час наведаць дзіцячыя сацыяльныя ўстановы.

Як паводзіць сябе пры першым знаёмстве:

 1. Не спрабуйце ўразіць дзіця прычоскай, адзеннем, манерамі паводзін. Паводзьце сябе натуральна. Адзенне павінна быць зручным для вас і дзіцяці.

 2. Не варта любавацца сваім гераічным учынкам. Гэта дзіця выказвае гонар, сустракаючыся з вамі.

 3. Будзьце маральна падрыхтаваныя да любой дзіцячай рэакцыі: ад радасці да поўнай абыякавасці. Памятайце, на ўсё патрэбен час.

 4. Гутарку пра дзіця трэба весці ў яго адсутнасць.

 5. Будзьце асцярожнымі, калі задаяце пытанні пра біялагічных бацькоў. Інфармацыя можа быць непрыемнай для малога.

 6. Не фарсіруйце падзеі.

 7. Не ўчыняйце «экзаменаў». Першую сустрэчу прысвяціце пачуццям.

 8. Пачаставаць дзіця можна толькі са згоды прысутных асоб, загадзя абмяркоўвайце склад вашага «пачастунку» з дзяржапекуном.

  9. Пры першым кантакце можна падарыць ляльку.

 10. З розумам падыходзьце да сумеснага фатаграфавання. Невядома, як рэагуе малы на фотаўспышку.

 11. Па папярэдняй дамоўленасці на сустрэчу можна запрасіць самых блізкіх членаў сям’і. Аднак колькасць іх павінна быць мінімальнай, не наладжвайце «агледзіны».

 12. Рашылі ўсынавіць дзіця. Паабяцайце яму хутка прыйсці. Ні ў якім разе не падводзьце яго!

 13. У адваротным выпадку шчыра развітайцеся з малым і пажадайце яму знайсці добрых бацькоў. Не абавязкова тлумачыць прычыны свайго рашэння.

 14. Будзьце максімальна карэктнымі з супрацоўнікамі дзяржустановы.

 15. Па завяршэнні абмяркуйце свае ўражанні з дзіцём і супрацоўнікамі ўстановы. Час на абдумванне ў вас ёсць, аднак не зацягвайце з канчатковым рашэннем.     

16. І памятайце: прыёмнае дзіця можа стаць родным!