У “Чайку” сенненцаў запрашаюць усёй сям’ёй

Чаго не хапае сенненцам? Часцей за ўсё жыхары райцэнтра агучваюць наступнае: «Утульнага кафэ, дзе можна нядорага і якасна падсілкавацца, адпачыць усёй сям’ёй.» Такім месцам цяпер можа стаць «Чайка».

   Гісторыя кафе, як, дарэчы, і рэстарацыі, што знаходзіцца на другім паверсе, налічвае 47 гадоў. Сёння былы рэстаран «Чайка» вядомы як прэзентабельны «Акропаль». Старую назву ў гонар прыгожай белакрылай птушкі захавала кафэ. І гэта ўсё, што засталося з мінулага. На днях пасля маштабнай трохмесячнай рэканструкцыі абноўленая «Чайка» адчыніла дзверы сваім наведвальнікам. На рамонт кропкі грамадскага харчавання было накіравана каля 200 мільёнаў рублёў.

  Інтэр’ер вабіць прывабнымі для вачэй мяккімі фруктовымі колерамі, прыгожай сталовай мэбляй.

  Новыя прасторныя вітрыны, маразільнае абсталяванне дазваляюць выставіць на агляд як мага больш прадукцыі, а пакупнікам самастойна выбіраць стравы на свой густ па прынцыпе самабслугоўвання.

  Станоўчыя змены закранулі і меню. Асноўны кулінарны напрамак — беларуская кухня. Сёння кухары «Чайкі» прапануюць 35 найменняў: мноства салатаў, гарачых, мясных страў. Для аматараў салодкага шырокі выбар кандытарскіх вырабаў — 20-25 найменняў. У планах кіраўніцтва кафэ яшчэ шмат прывабных для наведвальнікаў прапаноў: фірменныя стравы, арганізацыя сямейных ўрачыстасцяў, акцыі «Страва дня». Усё гэта павінна зрабіць «Чайку» папулярным месцам адпачынку ў сенненцаў. Прынамсі, першыя наведвальнікі не прымусілі сябе доўга чакаць.

Вольга Бандарэвіч.

На здымках: Жанна Фурсава і яе дачка Дыяна — першыя наведвальнікі кафе; інтэр’ер кафэ «Чайка».