Сямейнае шчасце будуюць на Сенненшчыне

Сёлетні Дзень закаханых Максім і Марына Бардзюковы ўпершыню адзначаць ужо ў якасці паўнацэннай сям’і. Пакуль іх сямейны стаж зусім невялікі — паўгода. Але да сваёй галоўнай падзеі яны ішлі цэлых пяць гадоў.

Абое — ураджэнцы Сянно. Пазнаёміліся на гарадской дыскатэцы. Максім і Марына і сёння ў адзін голас вымаўляюць дзень, які паклаў пачатак іх спатканням — 31 жніўня. Пад вянец закаханыя, тым не менш, не спяшаліся. Разумелі: перад тым, як ствараць сям’ю, трэба самім стаць на ногі, атрымаць адукацыю, прафесію. Так і здарылася. За высокім не гналіся, знайшлі справу сабе па душы і грамадству патрэбную. Максім па адукацыі аграном, але любоў да тэхнікі аказалася большай. Сёння хлопец узначальвае мехатрад у ААТ «Сенненскі льнозавод». Там жа працуе бухгалтарам Марына і дадаткова завочна вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі). Хутка атрымае дыплом.

  — Разам дома, разам на працы — ці не надакучваеце адзін аднаму?

  — Не, нам добра разам. У нас шмат роднаснага. Мы, напрыклад, вельмі любім падарожжы.

  Пакуль Бардзюковы падарожнічаюць па Беларусі. Агледзілі славутасці Полацка, Магілёва, Мінска, безумоўна, Віцебска. А гэтым летам збіраюцца… не, не на мора, а ў Брэсцкую крэпасць. Але даражэй любых краёў ім Сенненшчына. Тут Максім і Марына нарадзілі­ся, выгадаваліся, тут знайшлі сваё каханне і тут жадаюць будаваць сваё жыццё, выхоўваць дзетак.

  — Нам падабаецца наш ціхі, спакойны гарадок. А якая ў нас прырода: лясы, азёры! Нашы сябры з Мінска часта прыязджаюць да нас на тую ж рыбалку і застаюцца ў захапленні ад сенненскіх краявідаў, — расказваюць Бардзюковы.

  Максіму ў свой час родныя прапаноўвалі перабрацца на Лёзненшчыну. Там, маўляў, і жыллё з выгодамі маладым адразу дадуць. Не паехалі. І сёння жывуць з бацькамі Марыны ў невялічкай «хрушчоўцы», але, як кажуць, у цеснаце, ды не ў крыўдзе. Каб пабудаваць сваю кватэру — не думаюць. Іншая справа — свой дом, прасторны, утульны, з гаражом, дзе Максім можа займацца любімай справай — рамонтам машын, і з агародчыкам ды кветнікам для Марыны. Пэўныя крокі да ажыццяўлення сваёй мары маладыя ўжо зрабілі. Выкупілі праект дома, цяпер чакаюць, калі ім выдзяляць участак для будаўніцтва па вуліцы Заходняй.

  —  Будаваць будзем сваімі сіламі, — упэўнена сцвярджаюць яны.

   Будаўніцтва — справа цяжкая і дарагая. Аднак зробленае ўласнымі намаганнямі і цаніцца будзе нашмат больш, чым казённае. А як жа з галоўным здабыткам? Далёка адкладваць з гэтым сужэнцы не збіраюцца. Праўда будучай маці трэба яшчэ давучыцца, а там прыйдзе час і для дзетак. Бацькоўскую навуку Марыне і Максіму дапамагае асвойваць маленькая пляменніца Палінка.

  Як сцвярджаюць прагматыкі, каханне цягнецца тры гады, а потым яно затухае. І ад былой палкасці застаецца хіба што прывычка. Як складзецца далейшае сямейнае жыццё Максіма і Марыны — сказаць сёння цяжка. Але, мяркуем, удала. Маладыя людзі пачалі яго правільна і ў свой час. І хай вам дапаможа святы Валянцін!

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: сям’я Бардзюковых .