За прошлый год в районе к административной ответственности за незаконное обращение с наркотическими веществами привлечены два человека

За мінулы год на Сенненшчыне да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае абыходжанне з наркатычнымі рэчывамі прыцягнуты два чалавекі. Адзін з нашых землякоў захоўваў іх дома.

 Юрый Сінічэнка, старшы аператыўны ўпаўнаважаны групы па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі раённага аддзела ўнутраных спраў, старшы лейтэнант міліцыі, лічыць, што сітуацыя ў раёне не выклікае асаблівай трывогі. У той жа час ён і не адмаўляе факт пашырэння распаўсюджвання наркатычных рэчываў, у тым ліку праз інтэрнэт.

— Дзеючае заканадаўства прадугледжвае даволі строгія пакаранні за дзеянні, звязаныя з абыходжаннем з наркатычнымі рэчывамі. Напрыклад, за іх распаўсюджванняе можна атрымаць да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Такія меры накіраваны на спыненне распаўсюджванне наркотыкаў, ужывання якіх прыводзіць да фізічнай і маральнай дэградацыі спажыўцоў, іх смерці. Наркаманы рэдка дажываюць да 30-гадовага ўзросту.

 — Гэта ж з якога ўзросту трэба ўжываць наркатычныя рэчывы, каб у 30 гадоў скончыць жыццёвы шлях?

 — Як сведчыць статыстыка, многія наркаманы ўпершыню “запретный плод” спрабуюць яшчэ ў падлеткавым узросце. Зноў жа трэба мець на ўвазе,  што наркотыкі бываюць самыя розныя: ад расліннага паходжання да штучных, тыпу экстэзі. Апошнія як раз найхутчэй забіваюць чалавека.

 — А як гэта адбываецца?

 — Наркотыкі ўздзейнічаюць у першую чаргу на цэнтральную нервовую сістэму. Пасля іх ужывання назіраецца кіслароднае галаданне, парушэнне рэгулявання паміж яе асноўнымі цэнтрамі. Падобны стан успрымаецца як нешта прыемнае. А між тым паўторнае ўжыванне наркатычнага сродку выклікае прывыканне, можа ўзнікнуць залежнасць, у выніку чаго наркаман не можа абыходзіцца без стымулятара. Каб атрымаць жаданы эфект ад ужывання, патрабуецца ўсё большая доза…

 — Таксікаманаў можна назваць наркаманамі?

 — З пункту гледжання заканадаўства — не. Праўда ўздзе­янне на людзей хімічных, біялагічных, лекавых рэчываў тое ж, мае месца і прывыканне. Ва ўсіх выпадках чалавек губляе кантроль над сабой.

 — Юрый Уладзіміравіч, вы яшчэ малады чалавек, сфера вашай дзейнасці ў праваахоўных органах даволі спецыфічная. Што, на ваш погляд, ніколі не варта рабіць чалавеку?

 — Ніколі, ні пад якой маркай не спрабуйце наркотык. Гэты пасыл адрасую ў першую чаргу падлеткам, якіх найчасцей распаўсюджвальнікі наркотыкаў спрабуюць злавіць у сваю “сетку”. Калі ўсё ж падобнае здарылася, адмоўцеся ад наступнай дозы. З’явілася залежнасць — знайдзіце сілы, звярніцеся за дапамогай да медыкаў, бацькоў, сяброў, любога чалавека, якому вы давяраеце.

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.