Даяркам таксама трэба вучыцца

Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання  райвыканкама правяло конкурс, удзел у якім прынялі лепшыя  аператары машыннага даення гаспадарак раёна. У спаборніцтвах удзельнічалі 17  даярак з 14  сельгасарганізацый. У конкурсе не былі прадстаўлены толькі жывёлаводы КУСГП «Полымя». Затое ад  саўгаса імя Машэрава, ААТ «Сенненскі райаграсервіс» і РУП «Дружбінец» выступалі па дзве канкурсанткі. 

Наша дасье

  У грамадскіх сельгасарганізацыях раёна працуе 287 аператараў машыннага даення. Самы высокі надой малака ад каровы маюць жывёлаводы РУП «Дружбінец» — 5323 кілаграмы, саўгаса імя Машэрава — 4595 кілаграмаў за 11 месяцаў. У індывідуальным заліку лідзіруюць Алена Берашэвіч з РУП «Дружбінец», якая за 11 месяцаў надаіла ад кожнай каровы па 6778 кг малака, і  Ніна Бушняк  з СВК «Бяленева» — 5537. 

 

Без падарункаў не застаўся ніхто

  Конкурс праходзіў у РУП «Дружбінец» на ма­лочна­таварнай ферме Забор’е. Вынікі падводзіліся ў Доме культуры аграгарадка Ня­мойта, дзе ўсе ўдзельнікі конкурсу атрымалі каш­тоўныя падарункі за ўдзел у спаборніцтве, а таксама ў сувязі з набліжэннем новага года. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны яшчэ граматамі ўпраўлення сель­скай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, каб пазней у касах гаспадарак  ат­рымаць прэміі: за першае месца — у памеры 7 базавых велічынь, другое — 5, трэцяе — 3.

 Улічваючы, што вынікі конкурсу падводзіліся асоб­на сярод аператараў, якія працуюць на фермах з малакаправодам,  і сярод тых, хто яшчэ выкарыстоўвае даільныя бачкі, узна­га­роджаных аказалася шэсць асоб.

 Падобныя  конкурсы ў раёне не праводзіліся даўно. І дарэмна, бо, як вызначыліся яго ар­га­нізатары, адной з мэт конкурсу  была вучоба. Большасць даярак, якія працуюць сёння на фермах, не маюць спецыяльнай базавай падрыхтоўкі. Да таго ж на вытворчасці ўсё часцей выкарыстоўваюцца тэх­налагічныя навінкі, да­сягненні сучаснай навукі. Менавіта таму на конкурс запрасілі заатэхнікаў, якія, згодна з умовамі, маглі дапамагаць  жывёлаводам пры пад­рыхтоўцы адказаў.

Спаборнічалі і вучыліся 

Пачынаючы размову з удзельнікамі конкурсу, Раіса Маісеева, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу, звярнула іх увагу на сувязь вытворчых паказчыкаў і матэрыяльнага ўзнагароджання за працу.

 — Падрыхтоўка жывёлы і даільнага апарата, своечасовы пачатак даення, раздача канцэнтратаў у тым ці іншым парадку — гэтыя і іншыя тэхналагічныя прыёмы, выкананне якіх ускладзена на аператараў машыннага даення, могуць прыкметна ўздзейнічаць на колькасць і якасць малака, а значыць, і на заробак, — падкрэсліла яна. Вось чаму спачатку ўдзельнікам конкурсу прапанавалі паглядзець фільм на гэтую тэму. Жывёлаводы пазнаёміліся з  умовамі працы, тэхналагічнымі асаблівасцямі работы на сучасных жывёлагадоўчых комплексах, у тым ліку на тых, дзе выкарыстоўваюцца робаты.

 Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. У якасці экзаменатараў выступалі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённых зоаветслужбаў. У час тэарэтычнага экзамена апе­ратары машыннага даення бралі білет, адказвалі на змешчаныя ў ім пытанні. Кожны з канкурсантаў павінен быў таксама разабраць і сабраць даільны апарат. Каб памыць яго, даяркам  рабіць гэта даводзіцца кожны дзень пасля завяршэння працэсу даення. На заключным этапе канкурсанты з аўдыторыі перайшлі  ў памяшканне, дзе ўтрымліваецца жывёла.

 Многае з убачанага здзі­віла. Большасць з прыезджых канкурсантак уразілі жывёла, яе прадуктыўнасць, санітарны стан фермы. Здзівіла нават тое, што каровам штодня мяняюць падсцілку з саломы. Пры гэтым сістэма гноевыдалення функцыянуе без збояў. Удзельнікі конкурсу не хавалі — на многіх фермах так не робяць.

Урокі конкурсу

Здзіўляліся і экзаменатары. Узровень неабходных ведаў у многіх удзельнікаў конкурсу аказаўся даволі невысокі, практычныя дзеянні наводзяць на думку, што тэхналагічныя патрабаванні поўнасцю выконваюцца далёка не заўжды. І гэта лепшымі прадстаўнікамі прафесіі. Але з’явілася і спадзяванне, што арганізацыя пастаяннай вучобы з даяркамі дазволіць прыкметна павялічыць вытворчасць малака.

 Зрэшты, для арганізатараў конкурсу  такі вынік не стаў нечаканасцю. Генадзь Сабыніч, начальнік райсельгасхарчу, у час узнагароджання лепшых канкурсантак, казаў пра   высокую адказнасць даярак перад калектывам, у якім яны працуюць.

 — Малако — гэта канечны прадукт, у які ўкладзена праца механізатара і даглядчыка, кіраўніка і спецыяліста, — падсумаваў ён.

 Эдуард Герасіменка, старшыня райвыканкама, які таксама выкарыстаў магчымасць сустрэцца з лепшымі жывёлаводамі раёна, акцэнтаваў ўвагу на неабходнасць вучыцца ўсім, вучыцца штодня.

 — Частка малака на грамадскіх фермах губляецца таму, што іншыя даяркі не ўмеюць запусціць карову, у выніку жывёла хварэе на мастыт. Можна прыводзіць іншыя прыклады, што сведчыць пра слабую прафесійную падрыхтоўку, недакладнае выкананне тэхналагічных патрабаванняў, — шчыра выказаўся старшыня райвыканкама.

 Вучыцца трэба. І не толькі на раённых конкурсах. Вучыцца трэба ў гаспадарках на спецыяльных семінарах. Вучыцца трэба самім даяркам. Сёння для гэтага маецца неабходная літаратура. А галоўнае, патрэбна разуменне неабходнасці такой вучобы.

Лепшыя з лепшых

 Сярод даярак, якія працуюць на фермах з малакаправодам:

 І — Людміла Глінская (РУП «Дружбінец»);

ІІ — Наталля Гардзецкая (ДП «Саўгас імя Машэрава»);

ІІІ — Алена Берашэвіч (РУП «Дружбінец»).

 Сярод даярак, якія выкарыстоўваюць даільныя бачкі:

І  — Людміла Пракаповіч (СВК «Сінягорскае»);

ІІ  —  Алеся Андрэева (ААТ «Сенненскі райаграсервіс»);

ІІІ — Наталля Бугаёва (СВК «Студзёнка»).

 Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ў разлік браліся не толькі  набраныя балы. Улічваліся вытворчыя паказчыкі кожнай канкурсанткі і гаспадаркі, якую яна прадстаўляла, наяўнасць неабходнай дакументацыі. У выніку з ліку пераможцаў  было выключана некалькі асоб, у якіх былі пратэрмінаваны санітарныя кніжкі.