Как учитель из Сенно стал известным исследователем Азии

     У чэрвені 120 гадоў споўнілася нашаму знакамітаму земляку, прафесару, доктару гістарычных навук Пятру Галузе. Яго жыццё прыйшлося на самыя пераломныя перыяды ў гісторыі колішняй Расійскай імперыі, а пасля і Савецкага Саюзу: рэвалюцыя, грамадзянская вайна, сталінскія рэпрэсіі, Вялікай Айчынная вайна, хрушчоўская “адліга”… Яго лёс — гэта летапіс вялікай краіны і кожнага яе жыхара.

 Радавод будучага даледчыка Сярэдняй Азіі бярэ пачатак з невялічкай вёсачкі Даргейкі Ульянавіцкай воласці Сенненскага павета (у цяперашні час яна знікла з карты раёна). Бацькі паходзілі з сялян, тым не менш яны падтрымлівалі імкненне сваіх трох сыноў да ведаў. Характэрна, што родны брат Пятра Рыгоравіча — Іларыён Галуза — мае не меншую вядомасць у навуковых колах як выбітны біёлаг. Яшчэ адзін — Аляксандр — атрымаў прафесію бухгалтара.  

У шасцігадовым узросце Пётр скончыў двукласную школу. З 17 гадоў ён ужо працаваў, у тым ліку і настаўнікам. З 1916 па 1918-ты служыў у царскім войску ў чыне прапаршчыка. Пасля звальнення вярнуўся ў Сянно, дзе уладкаваўся ў павятовы аддзел народнай асветы. У 1919 годзе яго зноў прызвалі на вайсковую службу на гэты раз у рады Чырвонай Арміі. Галуза ўзначальваў палітаддзел бояўчастка. Рэвалюцыйнымі ідэямі малады чалавек захапіўся яшчэ ў 1917-ым, а праз тры гады ён стаў членам УКП(б). Шлях у навуку для яго пачаўся ў 1920-ым з паступлення ў Камуністычны ўніверсітэт імя Я. Свярдлова ў Маскве. Пасля яго заканчэння ў 1923 годзе маладога вучонага накіроўваюць у Ташкент на пасаду загадчыка кафедры гісторыі мясцовай вну. Кар’ера на азіяцкіх стэпах хутка ідзе ў гору. У 1924-ым яго прызначаюць кіраўніком бюро Гістпарта (камісіі па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі. З 1926-га ён зноў у Маскве: павышае кваліфікацыю ў Інстытуце Чырвонай прафесуры, працуе на пасадах дацэнта кафедры гісторыі СССР Камуністычнага ўніверсітэта працоўных Усходу і навуковага супрацоўніка Ленінскага Інстытута. У Ташкент наш зямляк вяртаецца толькі ў 1930-ым. Кола яго службовых абавязкаў шырокае: намеснік дырэктара Сярэдняазіяцкага навукова-даследчага інстытута гісторыі рэвалюцыі, прарэктар па вучэбнай рабоце і загадчык кафедры Камуністычнага ўніверсітэта. З 1935 па 1937 гады прафесар Галуза — рэктар Туркменскай вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы, галоўны рэдактар часопіса “Савецкая гаспадарка Туркменіі”.

Усё перакрэсліў 1937 год. Пятру Рыгоравічу не ўдалося пазбегнуць рэпрэсіўнай мясарубкі.  У ліпені яго пазбавілі ўсіх пасад і званняў, арыштавалі і на доўгія дзесяць гадоў адправілі ў лагера. Трагічна склалаўся лёс і яго роднага брата Аляксандра. У той жа год яго арыштавалі па даносе і расстралялі згодна прыгавору тройкі НКУС. Пятру пашанцавала выжыць і нават выйсці са сталінскіх засценкаў у адрозненні ад многіх яго калег па навуковым цэху.

Пасля вызвалення ў 1946 годзе працаваў эканамістам на заводзе “Сярэднеазхіммаш” Узбекскай ССР, інжынерам шахтабудаўнічага ўпраўлення трэста “Даліненшахтбуд” у Карагандзінскай вобласці Казахскай ССР.

 Да навуковай дзейнасці Пётр Галуза змог вярнуцца толькі пасля таго, як яго рэабілітавалі ў 1956 годзе. Былому прафесару давялося пачынаць кар’еру з нуля з пасады старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі, археалогіі і этнаграфіі імя Ч.Валіханава. Пазней на падставе апублікаваных у канцы 1920-1930-ых гадоў прац яму прысудзілі навуковую ступень кандыдата гістарычных навук. У 1965-ым Пётр Галуза абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Аграрныя адносіны на поўдні Казахстана у 1897-1914 гадах”. Праз чатыры гады яму прысвоена званне прафесара. Пётр Галуза быў членам Вучонага савета Інстытута гісторыі Акадэміі навук СССР.Памёр наш зямляк 9 красавіка 1980 года ў Алма-Аце Казахскай ССР.

Усё жыццё ўраджэнец Сенненшчыны прысвяціў даследванню Сярэдняй Азіі, напісаў шэраг прац па гісторыі Туркменіі, Казахстана, якія і дагэтуль не страцілі сваёй навуковай значнасці і запатрабаваны гісторыкамі.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.