Запрашэнне на самае смачнае свята ўсіх часоў і народаў. Пазайздросціць і БігМак смаку Мотальскіх прысмак!

motalskiya_prysmaki_29  Такі дэвіз пераняло з мінулых гадоў вядомае далёка за межамі Беларусі міжнароднае свята “Мотальскія прысмакі”. Яно і сапраўды так: ну што такое хот-догі альбо гамбургеры супраць мотальскай натуральнай паляндвіцы, смажаніны ды смажанцаў… Ніякага параўнання! У аснове мотальскіх смакоццяў – спаконвечныя народныя традыцыі прыгатавання страў.

Фестываль гэты не патрабуе рэкламы – дастаткова назваць дату, і народ з усіх куткоў краіны і бліжняга (дый дальняга таксама) замежжа з’едзецца-збяжыцца ў мястэчка, каб наталіцца сапраўдным, стагоддзямі адточаным, хараством. Вось і сёлета 8 жніўня “Мотальскія прысмакі” прыемна здзівяць гасцей новымі, дагэтуль не практыкаванымі, сюрпрызамі, акрамя традыцыйных элементаў, якія ўключаюць у сябе гандлёвыя пляцоўкі, мядовую ды гароднінную “паляны”, дзе ўсіх чакаюць экалагічна чыстыя і смачна прыгатаваныя прадукты, сырныя шэрагі, мноства мясных, рыбных, хлебабулачных, салодкіх вырабаў, бульбы, гародніны, садавіны – чаго тут толькі не будзе!.. У ліку навінак – выстава-прэзентацыя раённых аграсядзіб, якім сапраўды ёсць чым пахваліцца (кожная – са сваім каларытам), горадам майстроў, блінцы “з пылу з жару”, “Хата сала”, дзе сала будзе сапраўды на любы густ, дэфіле-карнавал кулінарных смакоццяў, стэнды, на якіх увасоблена ўся гісторыя фэсту і яго перадгісторыя, карцінная галерэя вядомага беларускага мастака з Моталя Янкі Рамановіча, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, вулічнае фотаатэлье, мастакі-партрэтысты… А яшчэ з’едуцца на свята больш за сто рамеснікаў з усяго свету, местачкоўцы, мастацкія калектывы ды спевакі з сумежных краін… Выдатнейшы маладзёжна-сямейны конкурс “Уладар сяла” таксама ўпрыгожыць велічную і па-сапраўднаму народную дзею.

  Пачатак шматлюднага гуляння – у 12.00 8 жніўня.

Але гэта яшчэ далёка не ўсё. Галоўнай дзеі будзе папярэднічаць у пятніцу, 7 жніўня, так званая “Мотальская вечарына”, прысвечаная 20-гадоваму юбілею мясцовага Музея народнай творчасці – унікальнага асяродка культуры, роўнаму якому няма ва ўсім свеце, і папрысутнічаць на ім будзе за шчасце ўсім прыхільнікам культуры гэтага самабытнага краю. На яго зъедуцца прадстаўнікі дзясяткаў вядомых музеяў краіны. А што тычыцца начлегу, дык да паслуг гасцей – выдатнейшая гасцініца пад той жа сімвалічнай назвай “Фэст”, утульныя аграсядзібы, а таксама дамы заможных маталян, дзе камфорт будзе забяспечаны на самым высокім узроўні, як тое пацвердзілі папярэднія гады.

Гасцям будзе прапанавана змястоўная экскурсійная праграма па раёне: музейны комплекс Напалеона Орды ў Варацэвічах, дом траўніка ў Стрэльна, музей Фёдара Дастаеўскага ў Дастоева, Дуга Струвэ… Прысутныя змогуць наведаць дом першага Прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана і паспрабаваць стравы яўрэйскай кухні.

Наведаўшы свята «Мотальскія прысмакі», вы бліжэй пазнаёміцеся з унікальнымі традыцыямі самабытнага Мотальскага краю.

Арганізатары мерапрыемства: Іванаўскі раённы выканаўчы камітэт, Мотальскі сельскі выканаўчы камітэт, — абяцаюць гасцям непаўторныя ўражанні і мноства радасных уцех, якія не забудуцца ні да наступнага фестывалю, ні ўвогуле ніколі ў жыцці. Прыязджайце!      Не пашкадуеце.