Старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік правёў чарговую «прамую лінію» з жыхарамі раёна
Магчымасцю расказаць аб праблемах асабістага і грамадскага характару, выказаць сваё ўласнае меркаванне з гэтай нагоды скарысталіся 16 чалавек.
За апошнія гады значная частка жыхароў мікрараёнаў індывідуальнай забудовы райцэнтра прыкметна палепшыла ўмовы жыцця. Па вуліцах пракладзены газа- і водаправоды. Вось і жыхарка вуліцы Мічурына сваю тэлефонную размову з Васіліем Чарадніком пачала менавіта з удзячнасці за гэта.
— На жаль, у час правядзення работ часткова забілася труба ў канаве, якая пракладзена праз нашу вуліцу для адводу лішкаў вады. За восень яна запоўнілася даверху, вада вось-вось выйдзе на агароды. Дапамажыце, бо вясной затопіць і двары, і падвалы. Уласнымі сіламі прачысціць трубу жыхары вуліцы не могуць, — расказала жанчына.
Рэакцыя старшыні райвыканкама была прадказальнай. У пратаколе даручэнняў з’явіўся пункт, які абавязвае РУП ЖКГ выканаць у бліжэйшы час неабходныя работы.
Пачысціць калодзеж, узвесці над ім шапік даручана камунальнікам пасля таго, як у Васілія Чарадніка адбылася тэлефонная размова з адной з жыхарак вуліцы Зарэчная.
— Калодзеж, якім карыстаюцца дзясяткі людзей, спакон вякоў быў грамадскім. А зараз нам адмаўляюць у яго абслугоўванні, — абуралася субяседніца кіраўніку раёна.
Па даручэнні старшыні райвыканкама пасля правядзення камунальнікамі неабходных работ спецыялісты санстанцыі возьмуць пробы і зробяць аналіз вады.
Нягледзячы на даволі значную колькасць званкоў, характар размоў вызначаўся разважлівасцю і стрыманасцю тэлефанаваўшых. Адна з жыхарак раёна, якая актыўна займаецца асабістай прысядзібнай гаспадаркай, нават у сітуацыі, калі грамадская сельгасарганізацыя завінаваціла ёй 14 млн недэнамінаваных рублёў за цялят, толькі прасіла пасадзейнічаць, каб разлічыліся праз натуральную аплату. А самым яскравым прыкладам той атмасферы, якая склалася ў час дыялогу паміж уладай і жыхарамі раёна, можа служыць тэлефанаванне сенненца, які не толькі выказаўся крытычна з нагоды якасці паслуг лазні РУП ЖКГ і іх кошту, але і ўнёс слушныя прапановы па арганізацыі работы фізкультурнага комплексу. Васілій Чараднік вітаў падобны падыход жыхароў раёна і прасіў не хаваць праблем.
Што яшчэ турбуе вяскоўцаў? З якімі праблемамі яны звярталіся да старшыні раённага выканаўчага камітэта?
Жыхары вёскі Латыгаль хацелі б, каб у іх населены пункт заходзіў рэйсавы аўтобус. У Міхнава і некаторых бліжэйшых вёсках раптоўна перапыніўся прыём тэлевізійных каналаў. На думку жыхароў Ходцаў цэнтральная вуліца аграгарадка з улікам інтэнсіўнасці руху аўтатранспарту недастаткова асветлена.
Усе гэтыя, як і некаторыя іншыя, пытанні патрабуюць дадатковага вывучэння, некаторых дадатковых затрат з раённага бюджэту, выдаткаў арганізацый. Аднак, як падкрэсліў Васілій Чараднік, пры любой магчымасці будзе зроблена ўсё, каб дапамагчы людзям.