Калегію аблсельгасхарчу правялі у Сянне

n94_1На чарговай калегіі аблсельгасхарчу, якая праводзілася ў нашым раёне, гаворка ішла пра тое, як у вобласці вядзецца пастаноўка сельскагаспадарчай тэхнікі на працяглае захаванне, як падрыхтавана рамонтная база для работы ў зімовых умовах, абмяркоўваліся праблемы арганізацыі рамонту машынна-трактарнага парку ў асенне-зімовы перыяд. Для гэтага аблсельгасхарч і арганізаваў семінар-нараду, для ўдзелу ў якім былі запрошаны  спецыялісты раённых упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, што займаюцца пытаннямі механізацыі, начальнікі райінспекцый «Дзяржтэхнагляду», прадстаўнікі ААТ «Віцебскі аблаграсэрвіс» і яго структурных падраздзяленняў.

Адкрываючы нараду Сяргей Догель, старшыня аблсельгасхарчу, нагадаў, што месяц таму вынесеныя зараз на абмеркаванне пытанні разглядаліся. Тады шэраг кіраўнікоў раённых і абласных службаў, работнікаў аблсельгасхарчу атрымалі даручэнні. Як яны выкананы, якія меры прыняты, каб тэхніка была пастаўлена на захаванне ў адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі, а людзі працавалі ў належных умовах, эфектыўна і без прастояў, на працягу ўсяго рамонтнага перыяду, і пайшла гаворка на калегіі.  Пленарная частка нарады прайшла ў актавай зале Сенненскага райвыканкама, практычная — у ААТ «Бяленева» і КУСГП імя Гараўца.
«Тэхніку на працяглае захаванне ў пераважнай большасці раёнаў вобласці ставіць навучыліся. Тыя недахопы, якія меліся месяц назад, пераважна, ухілены», — лічыць Валерый Буракоў, начальнік аддзела дзяржаўнай інспекцыі па наглядзе за тэхнічным станам і абсталяваннем аблсельгасхарчу. Такому выніку садзейнічалі спецыялісты аддзела і начальнікі раённых інспекцый «Дзяржтэхнагляду», якія адказваюць за пастаноўку тэхнікі на захаванне. Больш мэтанакіравана сталі працаваць у сельгасарганізацыях. У выступленні Валерыя Буракова называліся і недахопы. За месяц на адказных асоб накладзены розныя спагнанні, у тым ліку штрафы на 5 кіраўнікоў і 7 галоўных інжынераў сельгасарганізацый. Пастаноўцы тэхнікі на працяглае захаванне спрыялі ўзаемаправеркі, якія правялі начальнікі раённых інспекцый «Дзяржтэхнагляду» з удзелам супрацоўнікаў абласной ДАІ.
Прэтэнзій былі выказана да стану машынных двароў. У вобласці яшчэ ёсць сельгасарганізацыі, дзе не ўся вытворчая тэрыторыя абнесена агароджай, дзе-нідзе няма нават уязных варот. «Прыдайце машынным дварам закончаны выгляд — гэта твар інжынернай службы. Правядзіце тэхнічнае абслугоўванне трактароў — тым самым вы павялічыце запас трываласці  тэхнікі, умацуеце эканоміку вашых прадпрыемстваў», — лічыць Валерый Буракоў.
IMG_2650_ Генадзь Сабыніч, які з нядаўняга часу працуе намеснікам старшыні аблсельгасхарчу па механізацыі, у сваім выступленні на калегіі ўхіл зрабіў на работу спецыялістаў: «Кадры ці выпраўляюць сітуацыю, ці пагаршаюць яе».  І гэты свой тэзіс ён падмацаваў прыкладамі па Чашніцкім і Шумілінскім раёнах. А каб тэхніка працавала надзейна, з ёй, са спецыялістамі інжынерных службаў неабходна працаваць пастаянна, працаваць сістэмна. У гэтым свайго намесніка падтрымаў кіраўнік аблсельгасхарчу Сяргей Догель, які нагадаў, што для сельскай гаспадаркі наступіў новы этап, калі, у першую чаргу, увагу трэба звяртаць на эканамічныя паказчыкі, што вымушае новыя падыходы у рабоце з людзьмі.
Сельскагаспадарчая тэхніка пастаўлена на захаванне, вядзецца яе дэфектоўка, рамонт. Рухавікі, іншыя складаныя вузлы гаспадаркам рэкамендавана здаваць на спецыялізаваныя дзяржаўныя прадпрыемствы. З камерцыйнымі структурамі трэба працаваць асцярожна. У дагаворы, на выпадак пратэрміноўкі аплаты за паслугі, яны, як правіла, уключаюць пункт, згодна з якім прадугледжваецца налічэнне пені. Наступным крокам можа стаць зварот у суд. Падобныя факты па вобласці ўжо зафіксаваны.
Сяргей Догель лічыць, што сельгасарганізацыі павінны больш актыўна весці рамонт уласнымі сіламі, на ўласныя сродкі. Ва ўмовах, калі сельгаспрадукцыя рэалізуецца ў абмежаванай колькасці, фінансавыя сродкі на рамонт трэба шукаць, выконваючы планы паставак металалома, зношаных шын. Рамонт пачынаць з самых простых агрэгатаў: барон, культыватараў.
Справаздачу аб арганізацыі рамонту тэхнікі трымала кіраўніцтва ААТ «Віцебскі аблаграсэрвіс» і рэгіянальных тэхнічных цэнтраў: ААТ «Заходне-Дзвінскае МРС», ААТ «Верхнядзвінскі райаграсэрвіс», ААТ «Аршанскі райаграсэрвіс». IMG_2673_
У ААТ «Бяленева», «экскурсію» для ўдзельнікаў семінара-нарады правёў Віктар Казіміраў, галоўны інжынер акцыянернага таварыства. Госці пабывалі ў майстэрні, дзе рамантаваўся прычапны сельгасінвентар, агледзелі зернеўборачныя камбайны, пастаўленыя на працяглае зімовае захаванне,  машынны двор. У КУСГП імя Гараўца гасцей сустракаў Ігар Пухоўскі, дырэктар прадпрыемства. У гаспадарцы таксама паставілі тэхніку на захаванне, вядуць яе рамонт. Механізатары азнаёмлены з расцэнкамі на рамонт кожнага агрэгата, задаволены ўмовамі працы.
«Нічога звышнатуральнага мы  не ўбачылі. Але аснова для таго, каб весці рамонт, у абедзвюх сельгасарганізацыях створана: на дварах тэхніка расcтаўлена, вычашчана, падрыхтавана для захоўвання; на пляцоўках — чыста, у майстэрнях — цёпла. Людзі працуюць, а значыць падрыхтуюць тэхніку да веснавых палявых работ. Наша задача — дапамагчы ім», — падсумаваў вынікі работы калегіі Сяргей Догель.

Наш кар.

НА ЗДЫМКАХ: так выглядаюць камбайны ААТ «Бяленева»,
падрыхтаваныя для працяглага захавання; рамонт культыватараў у КУСГП імя Гараўца.