САВЕТ ВЕТЭРАНАЎ ДЗЕЙНІЧАЕ

Актыўную жыццёвую пазіцыю займаюць ветэраны працы цэнтральнай раённай бальніцы. Па ініцыятыве савета ветэранаў пад кіраўніцтвам  былога ўрача-педыятра ЦРБ П.А. Гендзік, медыкі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, ініцыіруюць розныя карысныя справы і самі ўдзельнічаюць у іх. На пачынанні ветэранаў заўсёды з гатоўнасцю адгукаецца галоўны ўрач ЦРБ І.М.Мезаўцоў. Нядаўна на Сенненскіх і Тухінскіх могілках была арганізаванаўборка магіл былых работнікаў райбальніцы, у якіх няма родных, каб даглядаць пахаванні. Адным пенсіянерам зрабіць добраўпарадкаванне было не пад сілу. За дапамогай звярнуліся да галоўнага ўрача, які выдзеліў транспарт і рабочых для адвозкі смецця.

 Рэгулярна члены савета ветэранскай арганізацыі цэнтральнай раённай бальніцы наведваюць былых калег, падтрымліваюць словам і справай. Часта шчырая, цёплая гутарка дапамагае лепш, чым самыя дарагія лекі. Наогул, медработнікі-пенсіянеры жывуць вельмі дружна. Ходзяць у госці адзін да аднаго, не пакідаюць нікога сам-насам з праблемамі.

 Таццяна Буракова.

На здымку: (злева направа)медработнікі-ветэраны П.А.Гендзік, А.М.Лісоўская, В.І.Радкевіч у час уборкі на Сенненскіх могілках.